Бежанца з Беларусі будуць судзіць у Польшчы за нелегальны пераход мяжы
У сакавіку мінулага года жыхар Брэста Віталь праз пагрозу затрымання ў Беларусі пераплыў Буг і апынуўся ў Польшчы, дзе ля мяжы яго сустрэлі двое знаёмых. Неўзабаве іх затрымалі польскія памежнікі. Цяпер усіх трох будуць судзіць.
Суд пачнецца 14 студзеня ў раённым судзе Бяла-Падляскі, паведамляе «Gazeta Wyborcza».
Віталя абвінавачваюць у незаконным перасячэнні мяжы Польшчы, а знаёмых, якія яго сустрэлі каля мяжы — у арганізацыі пераходу. Самому Віталю па гэтым артыкулам пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі, а сямейнай пары, што яго падвозіла — да 8 гадоў.
Па словах Віталя, падчас паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі ён друкаваў улёткі і рабіў пратэсныя надпісы ў горадзе. 11 лістапада 2020 года да яго дадому прыйшоў АМАП, пасля чаго Віталь 5 месяцаў хаваўся ў Беларусі. У сакавіку ён вырашыў бегчы ў Польшчу і папрасіць там прытулак, але пашпарта ў яго пры сабе не было — забралі сілавікі падчас ператрусу.
«Калі нехта ратуе сваё жыццё, то пойдзе на ўсё, — расказаў журналістам Віталь. — Пераплысці гэтую раку няпроста, у яе моцная плынь, шмат віроў, а ў сакавіку было холадна. Я засцярог ад вады тэлефон і дакументы, перш за ўсё доказы свайго пераследу, каб яны адразу зразумелі, што я палітычны бежанец і прашу прытулку. Калі я апынуўся на польскім беразе, быў шчаслівы. Мая мэта была ў тым, каб перасячы мяжу і апынуцца на беразе, а далей я не планаваў…»
Аказалася ж, што пасля затрымання ў Польшчы на Віталя і яго знаёмых завялі крымінальную справу. Праўда, за 9 месяцаў, якія прайшлі з тых часоў, Віталь паспеў атрымаць статус уцекача, а ягоная жонка і дзеці таксама перабраліся ў Польшчу.
Член праўлення Асацыяцыі прававога ўмяшання, якая дапамагае беларусу, сцвярджае, што Канвенцыя аб статусе бежанца прама забараняе караць бежанцаў за незаконны пераход мяжы.
Каментары