Гісторыя4444

«Літоўская Ламбардыя, урадлівая і шматлюдная…» Колькі слоў пра слуцкі рэгіяналізм

Пра мінуўшчыну, сучаснасць і рэгіянальную адметнасць гістарычнай Случчыны разважае доктар гісторыі Алесь Белы.

Хата з вёскі Ісерна Слуцкага раёна ў экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах пад Мінскам. ETNA.BY

Задума гэтага невялікага артыкула нарадзілася падчас працы над нарысам пра гісторыю сыраварства на гістарычнай Случчыне. Дагэтуль мне не даводзілася займацца гісторыяй гэтага рэгіёна, ды і бываў я тут заўжды толькі вельмі коратка, праездам. Аднак яшчэ ў дзяцінстве запалі ў душу радкі з Коласавай «Новай зямлі»:

Прад імі Случчына ляжала,
Старонка міла і багата.
Народ, відаць, жыў панавата,
Прынамсі, добра і заможна,

Па ўсім аб гэтым судзіць можна:
Па ветраках, такіх удумных,
І па абэржах гэтых, гумнах,
Па старасвецкіх азяродах,
Па гарбузах на агародах,
Па тытуні і па садочках,
Дзе хаты ніклі, бы ў вяночках.
А тыя ліпы ці таполі!
Такіх не бачылі ніколі:
Развіслы, тоўсты, сакавіты,
Гамоняць з небам — паглядзі ты!
За многа вёрст здалёк відаць.
— Ну, дрэвы! нечага сказаць;
Зямля, брат, сілы многа мае —
Такія вежы выганяе!
А роўнядзь, роўнядзь! як далоні! —
Міхал зазначыць ці Антоні:
— Эх, брат, зямля: ўміраць не трэба,
Не пашкадуе табе хлеба.

Гістарычная Случчына — паняцце значна шырэйшае, чым сучасны Слуцкі раён. Бо старажытны Слуцк здаўна быў натуральным цэнтрам для куды большай тэрыторыі: спачатку Слуцкага княства, якое ўзнікла яшчэ ў сярэдзіне XII стагоддзя ў складзе Турава-Пінскай зямлі, а затым увайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага і праіснавала да 1791 года.

Потым — Слуцкага павета Мінскай губерні ў складзе Расійскай імперыі (1893—1924), і нарэшце — Слуцкай акругі БССР (1924—1938). 

Гэтую тэрыторыю аб’ядноўвалі ў адно цэлае многія супольныя рысы: прыродна-кліматычныя, эканамічныя, культурныя. 

Кансэнсус сярод знаўцаў

Ёсць пэўныя рознагалоссі адносна таго, дзе менавіта праходзяць межы гістарычнай Случчыны, на што лепш арыентавацца: межы колішняга расійскага павета, савецкай акругі ці гістарычнага княства. Аднак яны, па вялікім рахунку, другасныя і непрынцыповыя. Ва ўсякім разе, усе сыходзяцца на тым, што несумненнае ядро гэтай тэрыторыі — паўднёвыя раёны сучаснай Мінскай вобласці: перадусім Слуцкі, Капыльскі, Клецкі, Нясвіжскі, Старадарожскі, Салігорскі і Любанскі раёны. Менавіта гэтая тэрыторыя ўмоўна разумеецца пад Случчынай і ў гэтым артыкуле. 

Галоўнае — гісторыкі, краязнаўцы, музейныя работнікі гістарычнай Случчыны выдатна ўсведамляюць сімвалічную еднасць рэгіёна і неабходнасць яго вывучэння ды сімвалічнай рэпрэзентацыі менавіта ў шырокіх межах. Вось што кажуць некаторыя з іх, што важна, якія самі не са Слуцка (цытуецца па публікацыях на сайтах kurjer.info і nasledie-sluck.by).

Карта Слуцкага павета ў часы Расійскай імперыі. WIKIMEDIA COMMONS

Случчына — адвеку заможны край

Сярод большасці іншых рэгіёнаў Беларусі (і Літвы) Случчыну вылучалі перадусім урадлівасць мясцовых глеб і спрыяльны для сельскай гаспадаркі клімат. Праз гэта большая частка тутэйшай зямлі здаўна была разараная і спрэс засявалася. Знакаміты езуіцкі прапаведнік Пятро Скарга, рэктар Віленскага ўніверсітэта, у 1582 годзе ў лісце да правінцыяла ордэна езуітаў Яна Паўла Кампалы пісаў пра Навагрудскае ваяводства, у якое тады ўваходзіла і Слуцкая зямля: «Нясвіж знаходзіцца за 28 міль ад Вільні, … размешчаны ў цэнтры Навагрудскай зямлі ў Беларусі, называнай «літоўскай Ламбардыяй», урадлівай і шматлюднай…»

Але калі ў часы прыгону плёнам натуральнага багацця зямлі карысталіся пераважна магнаты і шляхта, то вызваленне сялян у выніку вялікай рэформы 1861 года дало прастор ініцыятыве тых, хто сам працаваў на зямлі. Многія незалежныя гаспадары пачалі хутка багацець — пры ўмове, што мелі гэтай зямлі дастаткова. 

Як пісаў у рамане-эпапеі «Засценак Малінаўка» ўраджэнец вёскі Кулакі цяперашняга Салігорскага раёна Аркадзь Чарнышэвіч (1912—1967), «жылі малінаўцы нельга сказаць каб вельмі дрэнна. Хто меў паўвалокі зямлі, зусім за пана сябе лічыў. Не гаравалі і тыя, што мелі па чвэрці, хоць і тыя, і другія з лапцей не вылазілі. Затое гаравалі трацячнікі, што мелі па трацяку паўвалокі [прыкладна 3,5 га]. Хлеба ледзь да Каляд хапала, і то папалам з мякінай. На падаткі, на іншыя расходы трэба было шукаць капейку збоку, а яе не вельмі лёгка было знайсці». 

Выраз Чарнышэвіча «зусім за пана сябе лічыў» супадае з патэтычным абяцаннем Хвядоса Хадыкі з «Новай зямлі» пакупнікам слуцкай зямлі, прататыпам якіх былі бацькі Якуба Коласа: «Панамі будзеце, панамі! Ядуць вас мухі з камарамі»…

Гераічнае і трагічнае ў гісторыі Случчыны

І зусім невыпадкова, што менавіта на заможнай Случчыне ў 1920 годзе сяляне масава падтрымалі ідэю незалежнай Беларусі, нават са зброяй у руках, падняўшы знакамітае Слуцкае паўстанне. Бо тут як, бадай, нідзе больш яны сапраўды мелі што бараніць.

Тым больш што ім і пашанцавала: у 1915 годзе нямецка-расійскі фронт сюды не дайшоў, стабілізаваўшыся на суседняй Наваградчыне. Мясцовыя сяляне дзякуючы гэтаму не мусілі выпраўляцца далёка ўглыб Расіі ў бежанства, а таму збольшага захавалі свае гаспадаркі. 

Паўстанне, аднак, не ўдалося, і Случчына, за выключэннем заходніх тэрыторый з Нясвіжам і Клецкам, апынулася пад бальшавіцкай уладай.

І ўжо праз дзесяцігоддзе, у гады прымусовай калектывізацыі, якая пачалася ў 1929 годзе, вялікая колькасць заможных гаспадарак зрабілася не перавагай, а бядой Случчыны. Найбольш руплівыя і прадпрымальныя гаспадары разам з сем’ямі масава паехалі ў вагонах для жывёлы ў Сібір, на Поўнач, у Казахстан.

Заключным акордам гэтай вялікай трагедыі стала ссяленне апошніх, цудам ацалелых хутароў у калгасныя пасёлкі паводле пастановы пленума ЦК КП(б)Б у 1939 годзе.

Велізарная несправядлівасць і жорсткасць пакінулі ў сваякоў і блізкіх рэпрэсаваных прыкрасць і натуральнае жаданне адплаты. Адпаведна, і калабарацыя з нацыстамі, на жаль, у гады Другой сусветнай вайны знайшла на Случчыне нямала прыхільнікаў. Пасля вайны многія былыя случчакі, незалежна ад асабістай віны, апынуліся на Захадзе, каб пазбегнуць сталінскай кары — заслужанай ці не, мусіць быць асобная размова ў кожным канкрэтным выпадку. Сярод іх былі самыя розныя людзі: і найталенавіцейшы беларускі паэт на эміграцыі, ураджэнец Бязверхавічаў пад Слуцкам Рыгор Крушына (Казак), і былы высокі савецкі функцыянер родам са Старыцы цяперашняга Капыльскага раёна Сымон Кандыбовіч-Кабыш, аўтар напісанага пад псеўданімам Будзімер грунтоўнага краязнаўчага нарыса «Случчына», і многія іншыя.

У выніку нацысцкая акупацыя фактычна толькі давяршыла распачаты раней бальшавікамі разгром слуцкага сялянства.

«Япрукі тут кормяцца пудоў па васямнаццаць»

Характэрна, што заможнасць тыповай слуцкай сялянскай гаспадаркі ў часы да калектывізацыі апявалі ў сваіх творах беларускія літаратары савецкай эпохі. Тыя, хто застаўся фармальна верным савецкай уладзе — але пры гэтым сам зазнаў горыч сталінскіх рэпрэсій.

Так, бацьку згаданага вышэй Аркадзя Чарнышэвіча ў 1930 годзе раскулачылі і адправілі на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала, а рэшту сям’і вывезлі ў Комі-Пярмяцкую акругу. Многіх случчакоў, дарэчы, ссылалі менавіта ў паўночныя рэгіёны Расіі: Комі, Вятку, Архангельскую вобласць. Відаць, там і цяпер жыве нямала іх асіміляваных нашчадкаў.

Дачка заснавальніка беларускай прафесійнай крытыкі і літаратуразнаўства Адама Бабарэкі (1899—1938) Алеся так успамінала перадсмяротныя просьбы паміраючага бацькі з Паўночнага пад Котласам: «Як і ў кіраўскай вязоўні пасля гадовага тэрміну на галоднай вязоўнай ежы, яму хочацца сялянскае хатняе кілбасы, беларускага хатняга белага сыру. Апошняе жаданне згасаючага». Бабарэка паходзіў з вёскі Слабада-Кучынка Капыльскага раёна.

Найбольш жа яскрава выразіў гэтыя настальгічныя настроі Кузьма Чорны (1900—1944) — выхадзец з сучаснай вёскі Борка-Бялевічы Капыльскага раёна, адзін з найбольш крытычна настроеных да савецкага ладу сярод вонкава лаяльных ёй творцаў. Арыштаваны ў кастрычніку 1938 года, ён 8 месяцаў прасядзеў у мінскай турме, з іх 6 — у камеры-адзіночцы. Праз катаванні ён страціў здароўе і пражыў пасля вызвалення ўсяго 5 гадоў, памёршы ў лістападзе 1944 года ў нядаўна вызваленым ад нацыстаў Мінску.

У няскончанай эпічнай аповесці «Скіп’ёўскі лес», пачатай незадоўга да смерці,

Кузьма Чорны так апісваў колішні дабрабыт родных мясцінаў: «Усе дваццаць дзве хаты Скіп’ёўскага Пераброддзя паабрасталі вішняком і арабіннікам. За хатамі спеюць улетку антонаўкі, папяроўкі і слуцкія бэры, і да самых замаразкаў вісяць у голлі чырванабокія «цыганкі». Да самых маразоў пад вокнамі цвіце бабіна лета. З канца зімы і да лета пры кожнай хаце дыміцца вяндлярня, і па селішчы стаіць пах вэнджаных каўбас і шынак. Праз усё лета на вешалах пад застрэшшамі сушацца тварожныя сыры. Усюды крычаць гусі і крэкчуць качкі. Спяваюць, аж разлягаюцца пеўні, і па хлевухах стогнуць ад гультайскай асалоды ружовыя ягамосці з кірпатымі лычамі і закручанымі ў тонкі абаранак хвастамі. Япрукі тут кормяцца пудоў па васямнаццаць. Дык якое дзіва, што вяндлярны дым на добрыя тры месяцы на год перабівае пах смалы, што шырокай хваляй вечна плыве з густых хвояў Скіп’ёўскага лесу».

Падобная ідылія сустракаецца і ў апавяданні Чорнага «Франтаваты камендант»: «У раннюю весну, бывала, толькі снег сыдзе і зямля падсыхаць пачне, дык так ужо і ведай: з кожнага двара ці саду такім смачным духам цягне, што аж слінка цячэ. Гэта людзі вэндзілі сабе на лета шынкі, паляндвіцы і каўбасы. А сыры якія ў нас рабілі! Таго сыру, здаецца, і жаваць не трэба, сам ён у роце растае. Ды што сыры! Усё ў нас добрае было. Хаты якія стаялі, дамы якія! Якія кветкі перад вокнамі раслі! А якая капуста радзіла ў агародах! А якія сады ўзяліся на яблыкі і грушы! А колькі збожжа нажыналі!»

Так што, бадай, нідзе кантраст паміж тым, якую Беларусь чакалі выхадцы з сялянства сярэдняй заможнасці і якую атрымалі ў выніку «будаўніцтва сацыялізму», не быў у Беларусі такім вострым, як на Случчыне.

Прытым што менавіта ў гэтым рэгіёне, амаль суцэльна праваслаўным, амаль пазбаўленым праз асаблівасць гістарычнага лёсу ўплыву Контррэфармацыі і, адпаведна, істотнай праслойкі насельніцтва, арыентаванага на Польшчу, быў самы высокі ўзровень прыняцця Беларусі як гэткай, гатоўнасць жыць менавіта ў такой краіне, прынамсі, на побытавым узроўні. А згадкі пра амаль казачны дакалгасны дабрабыт Случчыны з вуснаў паміраючых Чорнага ці Бабарэкі гучалі міжвольным дакорам савецкаму ладу ў той форме, якую яны маглі сабе дазволіць — хоць у тых абставінах усё адно небяспечным.

Патрэбен скансэн

І вось мне падаецца, што Случчыне як асобнаму гістарычнаму рэгіёну вельмі патрэбен свой уласны, хаця б невялічкі скансэн.

Які перадаваў бы менавіта слуцкую своеасаблівасць, захоўваў рэгіянальную ідэнтычнасць. Безумоўна, перавезеныя са Случчыны пабудовы глядзяцца годна і ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах пад Мінскам. Але, па-першае, мала хто з наведвальнікаў пры аглядзе музея звяртае ўвагу на рэгіянальную атрыбуцыю гэтых помнікаў, якая там не надта і акцэнтуецца. Па-другое, сам пазначаны там «гісторыка-этнаграфічны рэгіён Цэнтральная Беларусь» — гэта бюракратычная савецкая фікцыя, антыгістарычная па сваёй прыродзе. Бо ў ёй змяшаныя разам і Случчына, і ўсходняя Віленшчына, і паўднёва-ўсходні куток Наваградчыны, і іншыя адметныя рэгіёны, кожны з якіх заслугоўвае самастойных асэнсавання і рэпрэзентацыі. 

Дарэчы, менавіта тыповая слуцкая сялянская сядзіба была першым комплексам аб’ектаў, рэстаўраваных у Строчыцах у 1984 годзе: хата з вёскі Ісерна Слуцкага раёна, хлеў з вёскі Солан Старадарожскага раёна, гумно з вёскі Лучнікі Слуцкага раёна. І гэта хутчэй не выпадковасць, а заканамернасць, вынік асаблівага месца Случчыны ў гісторыі менавіта беларускага сялянства, кароткага 70-гадовага перыяду ягонага адносна вольнага развіцця (1861—1929) і эканамічнага росквіту.

Або вось яшчэ цікавая сядзіба са Случчыны — знакавая яшчэ і сваёй прыналежнасцю да «выбранцаў», асобнай катэгорыі насельніцтва, прамежкавай паміж шляхтай і сялянамі, уласцівай толькі слуцкаму рэгіёну.

Інтэр’ер хаты сям’і патомных «выбранцаў» Савановічаў з вёскі Агароднікі Слуцкага раёна. Дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах. ETNA.BY

У Беларусі такіх рэгіянальных скансэнаў вельмі мала, а тыя, што ёсць, як правіла, слаба вытрымліваюць аўтэнтыку. Некаторым выключэннем і адным з магчымых прататыпаў з’яўляецца музей рамёстваў у недалёкай ад Случчыны Глушы (Бабруйскі раён), славутай найбольш праз свайго вялікага земляка — пісьменніка Алеся Адамовіча, які тут і пахаваны. 

Выбранцы

ваенна-служылая група сельскіх жыхароў у Рэчы Паспалітай у XVI—XVIII стагоддзях. За сваю вайсковую службу выбранцы i ix сем'і вызваляліся ад усіх падаткаў i павіннасцяў, атрымлівалі «ў вечнасць» зямлю, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся i на ix нашчадкаў.

У 1-й палове XVII стагоддзя магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы ix з дробнай шляхты, вольных людзей i сялян. Але ў 2-й палове XVII стагоддзя выбранцы засталіся толькі на Случчыне (вёскі Агароднікі, Бранавічы, Варкавічы, Лучнікі, Падзёры, Сярагі), несучы службу ў слуцкім гарнізоне.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі і наступнай ліквідацыі слуцкага гарнізона выбранцаў спрабавалі зрабіць прыгоннымі, але яны змагаліся за свае правы і дабіліся залічэння ў разрад «вольных хлебаробаў». Ажно да пачатку XX стагоддзя яны захоўвалі спецыфічныя рысы побыту ў параўнанні са сваімі суседзямі з іншых сацыяльных груп.

Экспазіцыя патэнцыйнага скансэна

Вядома, сітуацыя ў краіне сёння надзвычай неспрыяльная для рэалізацыі такіх праектаў, але вельмі хацелася хаця б абазначыць яго магчымыя контуры. У цэнтры экспазіцыі такога рэгіянальнага скансэна мусіў бы знаходзіцца комплекс пабудоў, падобны да адноўленага ў Строчыцах. Але ў ідэале — максімальна «жывы»: з курамі, гусямі і «ружовымі ягамосцямі з кірпатымі лычамі і закручанымі ў тонкі абаранак хвастамі». З вішняком і арабіннікам, з антонаўкамі, папяроўкамі — і абавязкова са славутымі слуцкімі бэрамі. І з самімі дрэвамі, і з асобнай музейнай экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі гэтага славутага сорту груш, адной з падстаў колішняга слуцкага дабрабыту і рэгіянальнай ідэнтычнасці.

З варштатамі некалькіх тыповых рамёстваў. І з крамай рэгіянальнай прадукцыі, сувенірнай і харчовай. І штукарскай, і звычайнай прамысловай. 

Бо Случчына і сёння — рэгіён, слаўны сваімі прадуктамі. Сыраробны і цукровы камбінаты, мясакамбінат, камбінат хлебапрадуктаў, воцатны завод і многія іншыя прадпрыемствы рэгіёна маглі б прадаваць тут найлепшыя ўзоры сваёй вытворчасці, які турысту або звычайнаму «камандзіровачнаму» пакуль што немагчыма знайсці ў адным месцы.

І, канечне, абавязковай часткай экспазіцыі мне бачыцца гісторыя сталінскіх рэпрэсій, гісторыя разгрому і паўторнага запрыгоньвання слуцкага сялянства. Случчына гісторый накшталт той, якой некалі падзяліўся слуцкі журналіст і краязнаўца Міхась Тычына, магла б расказаць тысячы. 

Слуцкія бэры — унікальны сорт. Фота Sagenec.by

Слуцкія бэры

Культавы сорт грушаў. Дрэвы жывуць да 150 гадоў, вырастаюць да 20 метраў вышынёю. Дэсертныя грушы здымаюць у кастрычніку, ядуць да студзеня.

Імаверна, вывелі слуцкія бэры мясцовыя манахі-бернардзінцы на аснове заходнееўрапейскіх сартоў.

Нам сёння кажуць, што без касмічнай энергіі гэтых тысяч асабістых трагедый нібыта немагчымыя былі б ані перамога ў «Вялікай Айчыннай», ані палёт Юрыя Гагарына. Але ці так гэта на самай справе — наведвальнікі скансэна маглі б паразважаць асабіста, зрабіўшы ўласныя высновы.

Ідэальнае месца для скансэна

З майго ідэалістычнага гледзішча найлепшым сімвалічным месцам для такога скансэну маглі б быць ваколіцы вёскі Смольгава Любанскага раёна. Бо гэта і месца нараджэння нашага славутага паэта Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча), вядомага таксама як «лірнік вясковы», і адначасова — тая самая «Новая зямля», набыць якую імкнуліся героі аднайменная паэмы Коласа, па сутнасці — «абяцаная зямля» беларускага сялянства. 

Ідылія. Фальварак Смольгаў Слуцкага павета на гравюры Напалеона Орды. 1877 год. WIKIMEDIA COMMONS

Але, разважаючы больш рэалістычна і зыходзячы перадусім з патрабаванняў лагістыкі, скансэн мусіў бы месціцца недзе паміж гістарычнай сталіцай рэгіёна — Слуцкам, і новай эканамічнай сталіцай — Салігорскам. Чаму б, напрыклад, не вярнуць хату з вёскі Ісерна на яе гістарычную радзіму?

І не пачаць збіраць тут іншыя падобныя пабудовы? Якраз адно з найлепшых для ахопу мэтавай аўдыторыі месца. Гэта, вядома, толькі аўтарская ідэя, без прэтэнзій на месіянства — буду ўдзячны за яе крытыку і сустрэчныя прапановы. 

У мясцовых краязнаўцаў папулярным месцам для рэфлексіі над лёсам рэгіёна, узорным кутком Случчыны пэўны час лічылася вёска Бранчыцы: традыцыйная драўляная забудова, ідылічны двор Булгакаў, старая царква са слядамі ўніяцкага ўплыву — і навіслыя над вёскай тэрыконы адкідаў калійнай вытворчасці. Але з гэтымі адкідамі — сапраўдная праблема: ані слуцкія бэры, ані іншыя даўнія сарты пладовых дрэў не хочуць расці ў радыусе многіх кіламетраў ад салігорскіх руднікоў. 

Мікалай Амяльковіч, садавод-аматар з вёскі Балотчыцы Слуцкага раёна, які ладны кавалак жыцця прысвяціў развядзенню мясцовых сартоў, у адным з інтэрв’ю са скрухай падсумоўваў перспектывы слуцкай бэры на ладнай частцы яе гістарычнай радзімы: «Мо ў іншых мясцінах праявіць сябе, але побач з салігорскімі руднікамі асуджана на выміранне. Вядомы беларускі селекцыянер-садавод Сібаева задумвала скрыжаваць слуцкую бэру з больш устойлівым да экалогіі сортам, каб не пашкоджваліся плады паршою. Але прыродныя гены слуцкай бэры даволі трывалыя і перадаюцца гібрыдам. Пакуль што эксперымент не ўдаецца».

Слаўныя слуцкія бэры не хочуць расці ў радыусе многіх кіламетраў ад салігорскіх руднікоў. СЯРГЕЙ БАЛАЙ, OBDANG.LIVEJOURNAL.COM

Сыраварня як сімвал

А вось яшчэ адзін магчымы знакавы экспанат меркаванага скансэну: дом сыравара, сумешчаны з сыраварняй і крамай па продажы сыру, міжваеннай пабудовы ў вёсцы Сіняўка Клецкага раёна.

Паводле становішча на 2018 год, добра захаваны будынак. Адныя дзверы на фасадзе будынка вядуць у краму, другія — у жыллё гаспадара, у прыбудову за будынкам, куды паступала куплянае ў людзей малако. 

Дарэчы, спакусліва выглядае ідэя аднавіць у скансэне забытую тэхналогію вытворчасці і «літоўскага» сычужнага сыру, якой Случчына славілася нароўні з Наваградчынай, і мясцовага слуцкага варыянту тварожных (клінковых) сыроў, якую Сымон Кандыбовіч-Будзімер у нарысе «Случчына» настальгічна апісаў так: «смачна прыгатаваныя белыя сыры, сухія і завялыя, свежыя, мала прасоленыя з пракладкамі запраўднай смятаны…»

Гэтая прыватная традыцыйная сыраварня — выдатная сімвалічная ілюстрацыя да кароткага працягу гісторыі Случчыны, заходняй яе часткі, яшчэ на 10 гадоў, у міжваеннай Рэчы Паспалітай. Канчаткова перапыненай у тым самым 1939 годзе, калі, паралельна з «вызваленчым паходам» 17 верасня, былі сселеныя ў калгасныя пасёлкі і ацалелыя слуцкія хутары ў БССР. 

Дом сыравара ў Сіняўцы пад Нясвіжам. Drewa.by

А я ж ніколі не бачыў у Беларусі, напрыклад, і рэстаўраванай алеярні (месца, дзе выціскаюць алей), калісьці нярэдкай на Случчыне. (Затое бачыў іх, напрыклад, у некалькіх скансэнах польскага Падляшскага ваяводства.) Тое самае — наконт многіх іншых тыповых вясковых промыслаў, цалкам ужо забытых сучаснымі беларусамі. 

Чым больш будзе гэтай памяці, чым больш будзе павагі да гісторыі натуральнага развіцця нашай сельскай гаспадаркі і лакальнай перапрацоўкі яе прадукцыі — тым вышэйшая будзе канкурэнтнасць нашай краіны на сусветным рынку.

Гісторыя Случчыны тоіць у сваіх нетрах адказы на многія пытанні, якія мы яшчэ не асмеліліся ёй задаць.

Кузьма Чорны, непераўзыдзены беларускі раманіст, быў ураджэнцам Случчыны. Ëн памёр без пары пасля катаванняў у НКВД, пра што пакінуў вусцішныя запісы. WIKIMEDIA COMMONS

Пісьменнікі Случчыны

Гістарычная Случчына — радзіма не толькі згаданых у тэксце Адама Бабарэкі, Рыгора Крушыны, Аркадзя Чарнышэвіча і Кузьмы Чорнага, але і іншых вядомых беларускіх літаратараў. Вось толькі некаторыя з іх:

Альгерд Абуховіч (1840—1898), ураджэнец Бабруйшчыны, жыў у Слуцку з канца 1870-х;

Алена Васілевіч, аўтарка цыклу аповесцяў пра Ганьку (1922—2021), з вёскі Ліпнікі Слуцкага раёна;

Васіль Вітка (сапр. Цімох Крысько, 1911—1995), з вёскі Еўлічы Слуцкага раёна (гл. пра яго ўспаміны ягонай унучкі Юліі Чарняўскай у № 7/2021 «Нашай гісторыі»);

Цішка Гартны (сапр. Зміцер Жылуновіч, 1887—1937), з Капыля;

Алесь Гурло (1892—1938), з Капыля;

Язэп Дыла (1880—1973), са Слуцка;

Міхась Кавыль (сапр. Язэп Лешчанка, 1915—2017), з вёскі Покрашава Слуцкага раёна;

Аляксей Кулакоўскі (1913—1986), з вёскі Кулакі Салігорскага раёна;

Максім Лужанін (сапр. Аляксандр Каратай, 1909—2001), з вёскі Прусы Салігорскага раёна;

Ян Скрыган (1905—1992), з вёскі Труханавічы Капыльскага раёна;

Фабіян Шантыр (1887—1920), са Слуцка.

Каментары44

  • Аспирант
    13.04.2024
    Чорный по жизни был очень болезненным. Так что неправильно списывать его конец на НКВД. Он благодаря советской власти от докторов и из санаториев не вылезал. Но это литературный талант своего времени, безусловно. Хоть сегодня больше половины его писаний только из-под палки люди будут способны читать. И у него не было идеализации крестьянской жизни, даже наоборот. Автор этой статьи явно перекосячил рисуя картинку. Даже каких-то протестантов наплёл кап некий фактор.
  • Радыёглядач
    13.04.2024
    "Адпаведна, і калабарацыя з нацыстамі, на жаль, у гады Другой сусветнай вайны знайшла на Случчыне нямала прыхільнікаў."
    "На жаль"? Сапраўдныя патрыёты хоць бы ў складзе СС, хоць бы ў войску самаго чорта пайшлі б вызваляць Беларусь.
  • Gorliwy Litwin
    13.04.2024
    Дзякуй шаноўная рэдакцыя. Артыкул ужо паслярэвалюцыйны але яшчэ даваенны і датурэмны. Відаць я больш ужо ніколі такога не напішу. А за няпоўныя 3 гады існавання часопіса здуру напісаў такіх артыкулаў каля 50 штук. Гэта не лічачы соцень іншых і дзясятка кніжак. А цяпер толькі класціся на зямлю і зачыняць вочы. Хай вацараеуцца дынастыя Шчырых Лукашыдаў і робіць навекі шчаслівымі дзясяткі пакаленняў Шчырых Маці

КДБ затрымаў жанчыну, з дома якой было знята відэа падзення шахеда ў Калінкавічах38

КДБ затрымаў жанчыну, з дома якой было знята відэа падзення шахеда ў Калінкавічах

Усе навіны →
Усе навіны

У Калінкавічах раніцай узарваўся «шахед»?13

УСУ знішчылі ракетамі ATACMS РЛС «Небо-М»6

«Гэта як другое дзіця». Былая мадэль пераехала ў Іран, а пасля вярнулася ў Беларусь з шакаладным бізнэсам2

Адроджаную прэмію «За свабоду думкі» атрымаў вядомы музычны гурт13

Ізраіль атакаваў расійскую авіябазу ў Сірыі. Там знаходзілася зброя для «Хезбалы»5

У Каменцы самакатчык зарубіўся з міліцыянерам. Праз некалькі тыдняў у хлопца знайшлі дзіцячае порна і падпіскі на «экстрэмізм»16

Расійскі прапагандыст выдаваў сябе за журналіста Рускай службы Бі-бі-сі, каб сачыць за апазіцыянерамі за мяжой3

Расійскі вайсковец Максім у адпачынку памяняў пол і вярнуўся на вайну як дзяўчына Максін19

У Альфа Банку расказалі, ці паўплываюць санкцыі Вялікабрытаніі на працу картак2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ затрымаў жанчыну, з дома якой было знята відэа падзення шахеда ў Калінкавічах38

КДБ затрымаў жанчыну, з дома якой было знята відэа падзення шахеда ў Калінкавічах

Галоўнае
Усе навіны →