Улады ПАР абвясцілі аб змякчэнні абмежаванняў. Пра гэта гаворыцца ў заяве на сайце ўрада краіны.
Урад паведамляе, што за тыдзень з 19 па 25 снежня ў краіне выявілі 89,7 тысячыы выпадкаў заражэння кавідам, у той час як тыднем раней гэты паказчык перавышаў 127 тысяч. «Усе паказчыкі сведчаць аб тым, што краіна, магчыма, пераадолела пік чацвёртай хвалі на нацыянальным узроўні», — гаворыцца ў заяве.
Захворвальнасць скарацілася ва ўсіх рэгіёнах краіны, за выключэннем Заходне-Капскай і Усходне-Капскай правінцый.
Ва ўрадзе ПАР падкрэслілі, што паказчыкі шпіталізацыі падчас выкліканай «амікронам» хвалі былі ніжэйшыя, чым падчас папярэдніх хваль.
У сувязі са зніжэннем захворвальнасці ў краіне адмянілі каменданцкую гадзіну, згодна з якой, на вуліцу нельга было выходзіць з поўначы да чацвёртай раніцы, і змякчылі шэраг іншых абмежаванняў.
Новы штам каранавіруса «амікрон» упершыню выявілі ў Паўднёвай Афрыцы ў канцы лістапада, неўзабаве СААЗ прысвоіла яму статус — «выклікае асцярогі». Навукоўцы папярэджвалі, што новы штам можа быць менш успрымальны да вакцын і антыцелаў, аднак хвароба нібыта працякае ў больш лёгкай форме.
Каментары