Жанчына прасядзела пяць гадзін у прыбіральні самалёта з-за станоўчага тэста на кавід
Амерыканская школьная настаўніца распавяла, што правяла пяць гадзін у добраахвотнай самаізаляцыі ў прыбіральні самалёта, які ляцеў у Ісландыю, пасля таго, як падчас палёту атрымала станоўчы вынік на Covid-19.
Марыса Фатыа кажа, што 20 снежня, падарожнічаючы з Чыкага ў ісландскі Рэйк'явік, адчула боль у горле, піша Бі-бі-сі.
Яна кажа, што зрабіла хуткі тэст, які ўзяла з сабой, і які пацвердзіў, што яна інфікаваная.
Да канца паездкі жанчына перасядзела ў прыбіральні, а сцюардэса прыносіла ёй ежу і напоі.
Невядома, ці даводзілася ёй здаваць тэст на Covid-19 перад пасадкай на рэйс. Бо цалкам вакцынаваным людзям пры ўездзе ў Ісландыю тэст паказваць не трэба.
«Гэта быў вар'яцкі вопыт, — сказала NBC News Марыса, якая родам з Мічыгана. — На рэйсе было 150 чалавек, і я больш за ўсё баялася заразіць і іх».
Відэа з прыбіральні самалёта Icelandair, якое яна апублікавала ў Tiktok, праглядзелі больш за чатыры мільёны разоў. Яна пахваліла бортправадніцу за дапамогу падчас выпрабаванняў.
«Яна паклапацілася аб тым, каб у мяне было ўсё неабходнае на працягу наступных пяці гадзін, ад ежы да напояў, і пастаянна наведвала мяне, запэўніваючы, што са мной усё будзе добра», — распавяла жанчына NBC.
Марыса дадала, што па прыбыцці ў Ісландыю ёй давялося самаізалявацца ў гатэлі Чырвонага Крыжа.
Каментары