Расія не можа проста чакаць, пакуль на тэрыторыі суседняй з ёй краіны гадуюць антырасійскія настроі і размяшчаюць сучасныя ўзбраенні, таму адкрыта ставіць пытанне аб непашырэнні NATO на ўсход, заявіў Пуцін.
«Цяпер нам кажуць: вайна, вайна, вайна. Складваецца ўражанне, што, можа быць, рыхтуюць трэцюю ваенную аперацыю і нас загадзя папярэджваюць: не ўмешвайцеся, не абараняйце гэтых людзей, а ўмяшаецеся і будзеце абараняць — такія і такія новыя санкцыі» — сказаў Пуцін. Яго цытуе РБК.
Паводле яго слоў, Расія павінна рэагаваць на падобныя дзеянні і думаць, як гэтаму можна супрацьстаяць.
Іншы варыянт, чаму з'яўляюцца падобныя публікацыі — доўгатэрміновая прапаганда антырасійскіх настрояў ва Украіне, стварэнне там «анты-Расіі з пастаяннай накачкай сучаснай зброяй, з прамываннем мазгоў насельніцтву», пасля чаго можа пайсці спроба вырашыць сітуацыю на Данбасе «узброеным шляхам».
«Мы ж павінны думаць пра перспектывы забеспячэння сваёй бяспекі нават не на сённяшні дзень і не на наступным тыдні, а на бліжэйшую перспектыву. Як Расія павінна жыць з гэтым? Увесь час з аглядкай? Што там будзе і калі далбануць?» — сказаў ён.
Таму, па словах Пуціна, ён адказаў на прапанову прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, які ў тэлефоннай размове прапанаваў прызначыць адказных за перамовы паміж ЗША і Расіяй па пытаннях стратэгічнай стабільнасці.
«Мы павінны зразумець, як будзе гарантаванная наша бяспека, таму без усякіх хітрасцяў — мы проста паставілі пытанне, што ніякага руху НАТА на усход быць не павінна», — дадаў ён.
Журналістка амерыканскага тэлеканала Sky News спытала Пуціна аб высунутых Расіяй патрабаваннях гарантый бяспекі, якія ўключаюць неўступленне Украіны ў NATO.
У адказ Пуцін сказаў, што Расіі не падабаецца, што ЗША «прыйшлі са сваімі ракетамі да нашага дома». Ён пацікавіўся, як бы адрэагаваў Вашынгтон на ўстаноўку расійскіх ракет, напрыклад, у Мексіцы. Пуцін нагадаў, што ў Злучаных Штатаў былі тэрытарыяльныя канфлікты з гэтай краінай «але сёння ніхто не ўспамінае пра гэта». Расія, сказаў Пуцін, стараецца не ўспамінаць, як утваралася Украіна.
«Хто яе (Украіну) стварыў? Ленін. Уладзімір Ільіч. Калі ствараў Савецкі Саюз. Дагавор 1922 года — саюзны і 1924-га — год Канстытуцыі, праўда, пасля яго смерці, але па яго прынцыпах створана», — сказаў Пуцін.
Каментары