Следчы камітэт скончыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога дырэктара мінскага ГУМа Аляксандра Крапака. Ён быў затрыманы ў лютым 2021 года.
Паводле версіі следства, Крапак, пачынаючы з 2014 года, на розных пасадах у дзяржструктурах здзяйсняў карупцыйныя злачынствы.
У 2014—2017 гадах ён кіраваў адміністрацыяй Маскоўскага раёна Мінска, а ў 2017—2020 гадах быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. Следства лічыць, што Крапак патрабаваў ад кіраўніка аднаго з суб'ектаў гаспадарання 10 тысяч даляраў у абмен на лаяльнасць і вырашэнне пытанняў бізнэсу. Атрымаўшы сродкі, абвінавачаны лабіяваў інтарэсы бізнэсмена. У далейшым за паслугі ён атрымаў яшчэ 3000 еўра і 9000 даляраў. Таксама чыноўнік прымаў за сваю пратэкцыю падарункі: прадметы гардэробу, алкаголь, аплату авіябілетаў, аўтамыйкі, арэнды тэнісных кортаў і іншае.
Стаўшы дырэктарам ААТ «ГУМ», абвінавачаны заключыў дамову з кампаніяй аднаго са сваіх пратэжэ і даручыў закупляць у яе прадукцыю ў аб'ёмах, якія загадзя нельга было рэалізаваць. Яму інкрымінуюцца таксама іншыя эпізоды, звязаныя з закупкамі.
Аляксандру Крапаку прад'яўленыя абвінавачванні па трох артыкулах:
— 426 («Перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў, здзейсненае з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, асобай, якая займае адказнае становішча»);
— 424 («Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі»);
— ч. 1 і ч. 2 арт. 430 («Атрыманне хабару і атрыманне хабару паўторна»).
Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Каментары