Суд пакараў турмой жыхарку Гомеля з псіхічным расстройствам за тое, што ўзяла за руку амапаўца
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля вынес прысуд 49-гадовай Ларысе Кузьменка. За «гвалт над міліцыяй» (яна схапіла за руку супрацоўніка АМАП) жанчына пакараная 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, піша «Радыё Свабода».
У Ларысы дэпрэсія і клаўстрафобія. Яна са жніўня знаходзіцца ў турме. На судзе жанчына першапачаткова не давала паказанняў з прычыны цяжкага псіхалагічнага стану.
27 верасьня 2020 года ў Гомелі праходзіла акцыя пратэсту. Да яе ўдзельнікаў супрацоўнікі АМАП прымянілі слёзацечны газ і святлашумавую зброю. Паводле абвінавачаньня, падчас разгону дэманстрантаў Ларыса Кузьменка схапіла за руку супрацоўніка АМАП, чым «прычыніла яму фізічны боль».
Пракурор прасіў для абвінавачанай пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоні.
Сам пацярпелы на суд не з'явіўся.
Гомель, акцыя пратэсту. На фота ў светлай спадніцы — Ларыса Кузьменка на маршы 27 верасня 2020 года.
«Мае бацькі вучылі мяне быць добрай і дапамагаць людзям. За свае 49 гадоў я ні разу нікога не пакрыўдзіла. Я слабая жанчына. Я ніколі не асмелілася б накінуцца на чалавека ў пагонах. Я ні ў каго не павісала на руках! Я была каля цырка, дзе наогул не было супрацоўнікаў АМАП. Я так спадзявалася, што следчы разбярэцца ў маёй справе. Цяпер я спадзяюся на тое, што разбярэцца суд. Не пазбаўляйце мяне таго часу, які адмераны мне і маім бацькам», — сказала Ларыса ў апошнім слове.
У Ларысы Кузьменка старыя і хворыя бацькі, малы ўнук.
Каментары