Фільм тыдня: «Паляўнічыя на прывідаў: нашчадкі». Рэальны шанец расслабіцца
Успомніць дзяцінства і рэлакснуць сярод нашай жахлівай рэчаіснасці. Гэта толькі адна з прычын, чаму варта паглядзець гэты фільм.
«Паляўнічыя на прывідаў: нашчадкі» (англ. Ghostbusters: Afterlife) — гэта амерыканскі фантастычны камедыйны фільм 2021 года, зняты рэжысёрам Джэйсанам Райтманам. Гэты фільм — працяг знакамітых «Паляўнічых на прывідаў» 1984 года і «Паляўнічых на прывідаў ІІ» 1989-га, якія зняў бацька Джэйсана Райтмана, Айван Райтман. Першую і другую часткі многія глядзелі ў дзяцінстве і назаўжды запомнілі белых як зефіркі прывідаў, песню Ghostbusters Рэя Паркера і ўсю адважную каманду саміх паляўнічых.
Самым каштоўным у старых фільмах пра паляўнічых лічыцца мілае спалучэнне камедыйнасці і хорару, а таксама незвычайныя досыць дарагія спецэфекты. Гумар і хорар лёгка пераплятаюцца і ў новым фільме, але да таго ж яго ўжо хваляць за атмасферу ўтульнасці, як бы парадаксальна гэта ні гучала пра фільм аб прывідах.
Паколькі арыгінальны фільм быў адным з самых паспяховых у 1984 годзе, у яго засталося шмат фанатаў па ўсім свеце — і сёння гэтым фанатам каля сарака гадоў. Яны і сталі той аўдыторыяй, якая з нецярплівасцю чакала выхаду трэцяй часткі гісторыі пра паляўнічых на прывідаў. Працяг ім давялося чакаць трыццаць з лішнім гадоў — і ён успрымаецца цяпер найперш як рэлаксант, бо прымушае з асалодай узгадаць дзяцінства.
19 лістапада 2021 года фільм быў выпушчаны ў пракат у ЗША і свет ужо абляцелі першыя водгукі. Яго ўжо можна паглядзець у беларускіх кінатэатрах.
Пра што фільм
Самотная маці з дваімі дзецьмі-падлеткамі селіцца на ферме ў Аклахоме. Ферму яна атрымала ў спадчыну ад бацькі, і мусіла прыехаць туды, каб разабраць яго рэчы. Гэта трэба было зрабіць даўно, але яна ўсё адкладала. Дзеці, вядома, не ў захапленні — яны мусяць прызвычаіцца да вясковага жыця пасля горада, ды яшчэ ў занядбаным доме з засмечаным падворкам. Яны спрабуюць больш даведацца пра дзеда і знаходзяць пастку для прывідаў, касцюмы паляўнічых на прывідаў і іх аўтамабіль. Знойдзены рыштунак акурат мусіць ім спатрэбіцца, бо суседні горад пачынае перыядычна трэсці, а неўзабаве на яго вуліцах з’яўляюцца самыя сапраўдныя прывіды.
Хто і каго грае
Дзяўчынку Фібі, дачку галоўнай гераіні, грае таленавітая маладая акцёрка Маккена Грэйс. Фібі — нерэальна разумны падлетак, які на роўных вядзе размовы пра навуку з настаўнікам містэрам Грубэрсанам. Грубэрсана грае Пол Рад, той самы акцёр, які на днях быў прызнаны самым сэксуальным мужчынам планеты.
Харызма Макены Грэйс у ролі Фібі, хочацца верыць, спакусіць многіх падлеткаў з такой жа асалодай занурыцца ў свет навукі.
Ну а Пол Рад — адзінае, за што яго крытыкуюць кіназнаўцы, дык гэта за тое, што яго недастаткова шмат у гэтым фільме. Але кожная сцэна з ім — суцэльная асалода.
І так, натуральна, яго герой, школьны настаўнік Фібі, пачынае сустракацца з мамай Фібі, Келі Спэнглер (яе грае Кэры Кун).
Ацэнкі фільма
Звяртае на сябе ўвагу разбежка ў ацэнцы фільма гледачамі (95% на Rotten Tomatoes) і крытыкамі (69% на Rotten Tomatoes).
IMDB — 7,8/10.
Каментары