Гісторыя66

Цуды пад Лаўрышавам. Як імперская бюракратыя ліквідавала беларускую Фатыму ў зародку

Вясною і летам 1872 года сярод жыхароў вёсак Гнесічы, Лаўрышава і іх ваколіц на Наваградчыне панавала нязвыклае ажыўленне. Людзі масава збіраліся ва ўрочышчы Незвішча каля Гнесіч на беразе Нёмана. Прычынай стала распаўсюджанне чутак, што менавіта ў гэтым месцы схаваныя і маюць адкрыцца мошчы святога Елісея, які жыў у XIII стагоддзі. І здарыліся цуды.

Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр стаіць на высокім беразе Нёмана. 

«Святая яма»

Людскія натоўпы штодзень збіраліся на Незвішчы. Найбольш экзальтаваныя людзі, у першую чаргу жанчыны, начавалі на гары ва ўрочышчы, посцячыся і молячыся ў чаканні цудаў і з’яўлення мошчаў святога. Напружанае чаканне і доўгае неспаннё і ўстрыманне ад ежы ўрэшце далі свой вынік: людзям стала мроіцца, што над гарой нібыта пачалі лётаць светлыя вянкі, зоры і агменьчыкі. Падахвочаныя гэтым жанчыны пачалі рукамі капаць на гары яму, упэўненыя, што менавіта тут яны знойдуць мошчы святога Елісея.

Чуткі пра цуды, якія адбываюцца ў Незвішчы, імгненна распаўсюдзіліся і пачалі прыводзіць сюды ўсё больш і больш гледачоў. Ехалі яны не толькі з Наваградскага і суседніх паветаў, але нават з іншых губерняў. Сярод гэтых людзей знайшлося нямала візіянераў — людзей, схільных да галюцынацый і відзежаў. Таму няма чаго дзівіцца, што неўзабаве ў выкапанай яме на гары былі ўгледжаныя і ўкрыжаваны Хрыстос з крываточнымі ранамі, і падмуркі храма з гукамі набажэнства.

Лаўрышава знаходзіцца на паўночны ўсход ад Наваградка. DEPOSITPHOTOS.COM, BY [email protected]

Містычная кніга

Далей падзеі набывалі ўсё больш дзівосны характар. У народнай свядомасці адрадзілася памяць пра мінулы ўніяцкі досвед, хоць царкоўная унія была скасаваная ў Беларусі за 33 гады да гэтага здарэння, у 1839 годзе.

Людзі сталі бачыць містычную кнігу з заклікам яшчэ больш узмацніць пост і маліцца па-польску, спяваючы пабожныя песні. Кніга гэтая нібыта ўзляцела ўгару, а літары з яе ўпалі пад ногі гледачоў. 

Зразумела, што бачыць падобныя рэчы маглі толькі асабліва «годныя» людзі, але многія іншыя не маглі пагадзіцца з тым, што яны «нягодныя», таму запэўнівалі ўсіх, што і яны бачаць усё як належыць.

Выконваючы запавет з пабачанай містычнай кнігі, вакол ямы пачалі вадзіць працэсіі са спяваннем каталіцкіх пабожных песень.

Яны праходзілі без святароў і царкоўнага інвентара, а замест абраза наперадзе неслі дзіця — «святога анёлка».

Агульны псіхоз моцна закрануў прысутных дзяцей, якія пачалі выконваць функцыі медыумаў. Дзеці бачылі Божую Маці, «галоўку на крылах» (анёла-серафіма, як ён малюецца на абразах), непасрэдна паведамляючы пра свае відзежы і кіруючы рухам натоўпу.

Псіхоз перасягнуў канфесійную мяжу, да праваслаўных далучыліся каталікі. Касцёльныя дэвоткі (вельмі пабожныя жанчыны, часцей за ўсё немаладога ўзросту) у «святой» яме пачулі арган, атрымаўшы містычнае адкрыццё пра будучае з’яўленне на гэтым месцы касцёла і кляштара. І таксама чакалі цудоўнага адкрыцця мошчаў, але не святога Елісея, а Язафата Кунцэвіча ці святога Казіміра. 

Сталі гаварыць пра цудоўнае аздараўленне хворага дзіцяці пасля паломніцтва ягонай маці да «святой» ямы.

Святы Елісей і ягоныя мошчы 

Пра святога Елісея амаль не засталося гістарычных звестак. Першая згадка ягонага імя (і больш нічога) у даравальным лісце магната Аляксандра Хадкевіча Лаўрышаўскаму манастыру датуецца 1517 (1530?) годам. 

Больш падрабязна пра святога напісаў у 1650 годзе рэктар Віленскага ўніверсітэта Альберт Віюк-Каяловіч са спасылкай на славянскі рукапіс жыція Елісея. Каяловіч паведамляў, што Елісей быў сынам знатных бацькоў і доўгі час жыў пры двары вялікага князя літоўскага, верагодна Міндоўга, займаючы высокую пасаду. Пасля ж, пакінуўшы свецкае жыццё, Елісей знайшоў бязлюднае месца сярод балотаў, дзе стаў весці манаскі лад жыцця. А калі вакол яго сабралася шмат манахаў і служкаў, то ён пабудаваў для іх царкву і манастыр. Верагодна, менавіта ў манастыры Елісея жыў манахам князь Войшалк, сын Міндоўга. Відаць, і сам манастыр атрымаў сваю назву па ягоным манаскім імені Лаўраш.
Аднойчы ўначы Елісей быў забіты сваім хворым служнікам.

Слава пра Елісея разышлася шырока, калі ў 1505 годзе падчас татарскага нашэсця на Літву Лаўрышаўскі манастыр пазбегнуў спусташэння. У 1517-м на царкоўным саборы ў Вільні Елісея за гэты цуд уславілі як святога. 

Што да Елісеевых мошчаў, то ў часы Віюка-Каяловіча труна з целам святога яшчэ стаяла ў манастырскай царкве. Але ў апошні час існавання манастыра звестак пра яе ўжо не было. Цалкам верагодным выглядае паданне, што манахі некуды схавалі мошчы падчас нейкай небяспекі, якой маглі быць вайна з Расіяй у XVII стагоддзі ці Паўночная вайна пачатку XVIII стагоддзя. А пасля манастыр запусцеў. З таго часу і мошчы прапалі.

І ўдарыла маланка

Масавы рэлігійны псіхоз, тым больш калі ён набыў такі ўніяцкі падтэкст, не мог не ўстрывожыць як праваслаўных іерархаў, так і свецкія расійскія ўлады.

Тым больш што агульным настроям паддаліся нават духоўныя асобы. Незвішча наведалі святар і дыякан царквы з недалёкіх Шчорсаў, сваёй прысутнасцю толькі падвышаючы аўтарытэт візіянераў з народу. Настаяцель жа самой Лаўрышаўскай парафіі, у якую ўваходзіла вёска Гнесічы, мала таго што зусім не перашкаджаў адбывацца ўсім гэтым падзеям, дык яшчэ і наказваў шчырэй маліцца аб адкрыцці мошчаў Елісея.

Жанчына з казой у Лаўрышаве

У той жа час святар з суседняга прыхода ў сяле Сенненскае Загор’е, Клімент Савіч, — дзякуючы менавіта ягонай карэспандэнцыі ў газеце «Віленскі веснік» мы ведаем падрабязнасці гэтай сітуацыі — быў куды больш крытычны. Спецыяльна наведаўшы 24 чэрвеня Гнесічы, ён усё сам агледзеў і прыйшоў да высновы, што ва ўсім гэтым ёсць толькі адзін несумненны «цуд»: мясцовы габрэй-карчмар раптам так узбагаціўся, што нават здолеў пабудаваць новы раскошны будынак для адпачынку наведвальнікаў Незвішча. Усё ж астатняе, маўляў, толькі ілюзіі і галюцынацыі. 

Урэшце былі прынятыя энергічныя і дзейныя меры, скіраваныя на барацьбу з псіхозам. Царкоўным і свецкім уладам супольнымі намаганнямі ўдалося прадухіліць з’яўленне ў Беларусі праваслаўнага аналагу Фатымы — партугальскага мястэчка, каля якога ў 1917 годзе траім дзецям з’явілася Дзева Марыя і даверыла прароцтвы пра будучыню свету. «Святую яму» ў Незвішчы засыпалі, паступова ажыятаж вакол яе стаў спадаць. Але ж… Неўзабаве пасля знішчэння ямы ў ваколіцах маланкай забіла жаўнера, дзвюх жанчын, згарэлі дзве хаты і зжатае жыта. Сяляне ўспрынялі гэтыя здарэнні як нябесную кару.

«Чаго тут не знойдзеце! — і Лаёлу, і Пія ІХ»

Галоўны ліквідатар Брэсцкай царкоўнай уніі мітрапаліт Іосіф Сямашка, далучаючы ў 1839 годзе Грэка-Каталіцкую царкву да Праваслаўнай, лічыў, што не варта дзейнічаць аж занадта радыкальна, каб не выклікаць масавага незадавальнення вернікаў. Маўляў, на першым этапе дастаткова толькі калектыўна з’яднаць былых уніятаў з Праваслаўнай царквой, абрадную ж сферу ўніфікаваць паступова, крок за крокам. Таму фармальна ўжо праваслаўныя беларускія вернікі яшчэ доўгі час верылі і маліліся па-старому, шануючы абразы з каталіцкімі святымі і даючы дзецям не ўласцівыя праваслаўнай традыцыі імёны. 

Дзе быў Лаўрышаўскі манастыр?

Да XIX стагоддзя ніхто не сумняваўся, што святы Елісей заснаваў манастыр у вёсцы Лаўрышаве, які пазней стаў уніяцкім і быў зачынены ў 1836 годзе. Аднак пасля скасавання уніі набылі вядомасць народныя паданні пра першапачатковае знаходжанне Лаўрышаўскага манастыра менавіта ва ўрочышчы Незвішча. Манастыр пасля закрыцця запусцеў, хутка зніклі ўсялякія прыкметы яго існавання. Гэта толькі ўзмацніла народнае паданне пра Незвішча і спрыяла разгортванню апісаных тут падзей менавіта там. 

У 1913 годзе на Незвішчы спрабавалі адчыніць манастыр, ва ўрочышчы нават збудавалі царкву, якая, праўда, хутка згарэла. І ўжо ў наш час да гэтай ідэі зноў вярнуліся, пабудаваўшы на Незвішчы Елісееўскі манастыр з назвай Лаўрышаўскі.

У той жа час археалагічныя даследаванні Незвішча выявілі поўную адсутнасць на гэтым месцы нейкіх пабудоў у Сярэднявеччы і ў Новы час. А вось у Лаўрышаве знойдзеныя археалагічныя матэрыялы XIV стагоддзя. Манастыр жа на гэтым месцы пастаянна згадваецца ў дакументах пачынаючы з XVI стагоддзя. Крыніцы таксама паведамляюць пра манастырскі млын на рацэ Баловіч (Балавяча, Валовіч, познія назвы Валовая, Валоўка), і гэта цалкам суадносіцца са знойдзеным у 2020 годзе ў сербскім набажэнскім рукапісе XVI стагоддзя запісам дня памяці «Елісея Лаўраша, што стварыў манастыр на рацэ Белавечы, блізка вялікай ракі Нёман».

Захавалася вельмі характэрнае апісанне сялянскага кута з абразамі ў мястэчку Глыбокім Дзісенскага павета, зробленага ў сярэдзіне 1860- х гадоў мясцовым святаром Іларыёнам Віляноўскім: «Чаго тут не знойдзеце! — і Ігнація Лаёлу, і Пія ІХ, і слупа, што за Зялёным мостам у Вільні, і Яна Непамуцэна і іншых святых, якія ў дастатку маюцца для продажу ў кожнай габрэйскай краме любога мястэчка і абавязкова ж у кожнай каробцы габрэя-разносчыка». 

Іншы праваслаўны святар, І. Канцэвіч, тады ж адзначаў, што сяляне, хрысцячы дзяцей у праваслаўнай царкве, часцей за ўсё просяць называць хлопчыкаў у гонар каталіцкага святога Антонія Падуанскага. І дзеля таго заклікаў, што, «пакуль не выпарыцца ў іх гэтая памяць, імя Антоній павінна быць рэдкім».

Захаваннем шматлікіх элементаў колішняй абраднасці акурат і тлумачыцца той на першы погляд парадаксальны факт, што праз больш чым 30 гадоў пасля скасавання уніі праваслаўныя сяляне Наваградчыны ўспомнілі ў Незвішчы каталіцкія пабожныя песні. Бо яны не ўспрымаліся як нешта чужое.

Елісей замест Язафата

Звычаем, з якім у першую чаргу змагалася праваслаўнае духавенства, было шанаванне святога Язафата Кунцэвіча. Ягоныя мошчы захоўваліся ў горадзе Белая Седлецкай губерні (цяперашняя Бяла-Падляска), і расійскі афіцыёз пасля паўстання 1863—1864 гадоў пачаў актыўную кампанію па дыскрэдытацыі рэліквій уніяцкага пакутніка, вядомага актыўным прасоўваннем уніі ў пачатку XVII стагоддзя.

У прэсе, напрыклад, з’яўляліся публікацыі пра тое, што насамрэч ад Кунцэвіча захавалася толькі пасма валасоў, а цела ў Белай яму не належыць. Магчыма, гэтыя публікацыі паўплывалі і на свядомасць жанчын, якія чакалі цудоўнага аб’яўлення мошчаў Кунцэвіча ў Незвішчы, хоць яўна і ведалі пра рэліквіі ў Белай.

Даўней манастыр стаяў там, дзе цяпер царква ў Лаўрышаве — густоўнай народнай архітэктуры, строгія формы якой у нечым натхнёныя абрысамі готыкі, а ў нечым — модамі XVIII стагоддзя

Менавіта для выцяснення культаў каталіцкіх святых у той час і рабіліся спробы адраджэння старых ды стварэння новых культаў святых праваслаўных. Своеасаблівым маніфестам гэтай ідэі сталася ўпрыгожанне новаасвечанага Макараўскага прыдзелу ў віленскім Прачысценскім саборы абразамі святых, якія былі альбо ўраджэнцамі, альбо нейкім іншым чынам звязаныя з Вялікім Княствам Літоўскім. Адным з такіх святых стаў вялебны Елісей Лаўрышаўскі.

А неўзабаве яго асобу сталі актыўна прапагандаваць і на месцы колішняга служэння. У пачатку 1860-х у Лаўрышава прыязджаў рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, вядомы гісторык-«заходнерусіст» архімандрыт Мікалай (Трускоўскі), які шукаў месца былога манастыра і збіраў матэрыялы для «Гісторыка-статыстычнага апісання Мінскай епархіі». Гэты візіт у звычайную вёску прадстаўніка царкоўнай эліты быў няправільна інтэрпрэтаваны сялянамі. Яны ўспрынялі гэта так, што архімандрыта спецыяльна прысылалі з губернскага горада паказаць, дзе схаваныя мошчы Елісея.

За год да апісаных падзей лаўрышаўскі святар арганізоўваў хросныя хады ў Незвішча, асвячаў там ваду і ў казаннях успамінаў святога Елісея. Сінхронна з ім настаўнік мясцовага народнага вучылішча расказваў вучням пра старажытны Лаўрышаўскі манастыр. 

Аказалася, што ўся гэтая асветніцкая праца падала на надзвычай прыдатную глебу. Вось толькі практычнае ўвасабленне гэтага атрымалася не такое, якое хацелі б улады.

Ад Гнесіч да новага манастыра вядзе маляўнічы драўляны мост: такіх у Беларусі не шмат

Містыка ў трэндзе

Масавы рэлігійны псіхоз у Гнесічах не выглядаў такім ужо незвычайным з пункту гледжання грамадства XIX стагоддзя.

Бо гэтае стагоддзе было часам вялікай папулярнасці акультызму ва ўсім свеце. Яно пачалося з нечуваных раней па размаху напалеонаўскіх войнаў агульнаеўрапейскага маштабу, што абудзіла ў людзях апакаліптычныя прадчуванні і стварыла ўрадлівую глебу для разнастайных містычных вучэнняў. Менавіта ў XIX стагоддзі сфарміраваліся і шырока распаўсюдзіліся такія акультныя навукі, як спірытызм і тэасофія. І вельмі папулярным заставалася масонства. 

Акультызмам і месіянізмам была прасякнутая тагачасная літаратура, асабліва паэзія. Дастаткова прыгадаць, што наш зямляк Адам Міцкевіч на эміграцыі зрабіўся адэптам містычнага вучэння Анджэя Тавянскага, які вызнаваў палякаў народам-месіяй у свеце і здолеў нават пераканаць паэта, што ў яго ўсялілася душа Жанны д’Арк.

Іншы наш зямляк, сябар Міцкевіча Франц Савіч, седзячы на гнілой саломе ў турэмнай камеры меў відзежу безлічы палякаў, якіх сама Дзева Марыя нібыта ўзначаліла на нейкі месіянскі подзвіг. У той жа час расійскія славянафілы, катэгарычна адмаўляючы палякам у месіянстве, лічылі народам-месіяй рускіх: маўляў, менавіта ім наканаваная незвычайная роля ў сусветнай гісторыі. Гэта праходзіць чырвонай ніткай праз раманы расійскага генія Фёдара Дастаеўскага.

Містыцызм быў нормай і для тагачаснага духавенства. То чаго ж тады было чакаць ад простага сялянства, у якім шчырая пабожнасць спалучалася з жудаснымі забабонамі?

Дзеці з Фатымы (Партугалія), якім у 1917 годзе аб'яўлялася Божая Маці. Гэты цуд прызнаны Каталіцкай царквой. Фота Wikimedia Commons

Вось толькі пару прыкладаў, зафіксаваных у Беларусі прыблізна ў той жа час, як адбываліся падзеі ў Незвішчы. За год да іх на могілках у вёсцы Ішчална Лідскага павета сямёра сялян уначы выкапалі з магілы мужчынскае цела і адсеклі яму рукі. З вытапленага з іх трупнага тлушчу яны мерыліся зрабіць свечку, з дапамогай якой можна было б вольна рабаваць па начах дамы.

Бо, згодна з павер’ем, абнесеная вакол хаты трупная свечка ўводзіць яе жыхароў у «мёртвы» сон. Рабаўнікоў выпадкова злавіў паліцэйскі, калі яны зайшлі ў шынок у суседняй вёсцы Ва́верка. Праваахоўніка зацікавіла змесціва іхняга мяха, у якім тыя рукі ляжалі. 

А праз год пасля падзей на Незвішчы ў Жыровічах паліцэйскі затрымаў сялянку Настассю Гарбацэвіч з групай паслядоўніц, якая сцвярджала, што паклікана для збаўлення жаночай палавіны людскога роду, як Ісус Хрыстос — мужчынскага. Яна лячыла хворых малітвай і польскім малітоўнікам. 

Па дарозе ў слонімскую паліцэйскую ўправу Настасся нібыта нават уваскрасіла з мёртвых памерлага габрэя, у чым прызнавалася ўжо ў паліцэйскай управе Наваградка. Пасля чаго чутка пра «збавіцельніцу» паловы чалавечага роду распаўсюдзілася па цэлым павеце. Да арыштанцкага пакоя пачалі збірацца людзі з горада і вёсак, сяляне і шляхцянкі са сваімі хворымі, патрабуючы пусціць іх да арыштаванай. Сведкі расказвалі, што Настасся нібыта ў адно імгненне ацаліла жанчыну з параненымі да костак нагамі, проста абмыўшы ёй ногі вадой.

Сяляне сведчылі таксама, што Настасся зімою хадзіла басанож і ад яе следу снег раставаў як ад агню. Паліцэйскія называлі ўсё гэта «галімаццёй», у адказ Настасся характарызавала іх як антыхрыстаў, што топчуць славу Божую.

Так, нашы продкі жылі ў чаканні цудаў, верылі ў іх. А попыт нараджаў прапанову. Для кожнага цуду можна было знайсці сведак, якія ўсё нібыта бачылі на ўласныя вочы і былі гатовыя пацвердзіць свае сведчанні.

Каментары6

  • пык фаечка
    27.04.2024
    А зараз, мой маленькі сябра, я раскажу Табе нашу гісторыю.... Далей артыкул у "саліднай газеце", які заканчваецца словамі (цытата): "Так, нашы
    продкі жылі ў чаканні цудаў, верылі ў іх. А попыт нараджаў прапанову. "
    І тут вобраз ананімнага аўтара адкрыўся! -- не Радзівіл.
  • Язафат
    27.04.2024
    Гэта як раз вынік скасаваньня Уніі - у народна забралі праўдзівую веру, а маскоўскую схізму да канца прышчапіць не змаглі. Вось і атрымалі народ недавяркаў...
  • Багдан.
    28.04.2024
    Дзіўна, што Наша Ніва апісвае гэтыя падзеі з перспектывы папа-рускамірца з суседняй вёсцы (катэгарычнасьць, сарказм, рпц-шны погляд). А як жа аб’ектыўнасьць?

Работніцы суда пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцый і абразу Лукашэнкі»3

Работніцы суда пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцый і абразу Лукашэнкі»

Усе навіны →
Усе навіны

Гэты карлікавы кот з сарамлівым выглядам стаў новай зоркай сацсетак5

У гатэлі Бангкока знойдзены мёртвымі шэсць грамадзян В'етнама1

Названы свежы медыянны заробак. І ён намнога меншы за сярэдні

Высветлілася, што пад Масквой патануў кіраўнік дэлегацыі вайскоўцаў КНДР

Рабочаму з Баранавічаў далі год за лайкі пад карыкатурамі на Лукашэнку. Цяпер пагражае яшчэ да 12 гадоў3

Замах на Дональда Трампа планаваў Іран — CNN12

Мінэнерга паведаміла пра аднаўленне электразабеспячэння Мазыра1

Мазырская вертыкальшчыца далажыла пра аднаўленне водазабеспячэння. У каментарах ёй пярэчаць

Ад сёння Літва мае намер увесці абмежаванні на ўезд аўто з беларускімі нумарамі31

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Работніцы суда пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцый і абразу Лукашэнкі»3

Работніцы суда пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцый і абразу Лукашэнкі»

Галоўнае
Усе навіны →