Пад Астраўцом у сутыкненні з ласём загінуў малады кіроўца з Расіі
19 лістапада ў 17:40 на аўтадарозе Гоза — Астравец 21-гадовы кіроўца, кіруючы аўтамабілем «Лада Прыёра», рухаўся ў напрамку райцэнтра. На 19-м кіламетры ён наехаў на лася, які выбег на дарогу. Пасля сутыкнення аўтамабіль з'ехаў у кювет, паведамляе newgrodno.by.
Удар прыйшоўся на бок кіроўцы, які памёр на месцы здарэння. 22-гадовы і 25-гадовы пасажыры, якія знаходзіліся ў аўто, з траўмамі шпіталізаваныя ў мясцовую бальніцу. Усе грамадзяне Расійскай Федэрацыі.
Крыху раней кіроўца прыцягваўся за кіраванне аўтамабілем з плёнкавымі пакрыццямі. Таніроўка ўсіх вокнаў, у тым ліку і лабавога шкла, магчыма, адбілася на бачнасці дарожнай абстаноўкі з месца кіроўцы. Ці былі ўдзельнікі аварыі прышпіленыя рамянямі бяспекі, а таксама з якой хуткасцю рухаўся аўтамабіль да сутыкнення, высветліцца падчас праверкі.
Участак, дзе адбылося ДТЗ, пазначаны святлодыёднымі дарожнымі знакамі «Дзікія жывёлы». Лось пасля ДТЗ загінуў.
Каментары