Улада

Трактар, гарэлка, козачкі. Хто яшчэ з лідараў дзяржаў адмаўляў кавід і яго небяспеку

За апошнія паўтара года пандэміі Лукашэнка стаў аўтарам шматлікіх экзатычных выказванняў на тэму каранавіруса. То ён называў пандэмію «псіхозам», то казаў, што «у нас у краіне не памёр ні адзін чалавек ад каранавіруса, ні адзін, яны памерлі ад букета хранічных захворванняў». Таксама беларускі палітык прапаноўваў лячыць каранавірус трактарам, гарэлкай, саўнай, хакеем, вяршковым маслам і нават козачкамі. Беларусаў цяжка здзівіць нестандартным падыходам дзяржаўных дзеячаў да пандэміі.

Але мы не адзінокія. Сабралі для вас усе самыя экстравагантныя і цемрашальскія выказванні пра кавід сусветных палітыкаў. Тых, якія замест актыўных палітычных рашэнняў, рашучых антыкавідных дзеянняў, падмацаваных перадавой практыкай і парадамі спецыялістаў, вырашылі пайсці сваім шляхам: адмаўленнем, шарлатанствам, распаўсюджваннем канспіралагічных тэорый і іншымі дзівацтвамі. Палітыкаў, чыя самаўпэўненасць і вера ва ўласную выключнасць не дазволіла ім паказаць больш спагады і эмпатыі да сваіх суграмадзян. Чыё патуранне папулізму і ігнараванне сур'ёзнасці кавіду прывяло да шматлікіх смерцяў.

Джон Магуфулі

У той час як большасць краін былі закрытыя на лакдаўн, прэзідэнт Танзаніі Джон Магуфулі заклікаў сваіх суайчыннікаў працягваць хадзіць у цэрквы і мячэці. «Карона — гэта д'ябал, і яна не можа выжыць у целе Ісуса», — сказаў ён на царкоўнай службе. Магуфулі стаў ініцыятарам трохдзённай малітвы, каб папрасіць Бога выратаваць краіну.

Магуфулі адмовіўся ўвесці лакдаўн або каменданцкую гадзіну ў пачатку пандэміі.

Калі бальніцы буйных гарадоў, аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі былі перапоўненыя людзьмі з кавідам, у той час як ложкаў, кіслароду і рэспіратараў не хапала, улады Танзаніі працягвалі замоўчваць маштабы катастрофы.

Чыноўнікі, падкантрольныя Магуфулі, высмейвалі нашэнне масак і крытыкавалі суседнія краіны за жорсткія антыкавідныя захады.

У тэлевізійным эфіры міністр аховы здароўя краіны дэманстравала, як рабіць кактэйль з натуральных інгрэдыентаў, які нібыта дапаможа ўмацаваць імунную сістэму і пазбегнуць такіх захворванняў, як кавід. Абматаўшы галаву шалікам, яна прадэманстравала, як танзанійцы могуць выкарыстоўваць травяную пару ў якасці сродку ад рэспіраторных інфекцый. Яна таксама паведамляла, што ўрад не плануе закупляць вакцыны.

Пазіцыянуючы сябе змагаром супраць так званага «заходняга імперыялізму», Магуфулі выступаў супраць вакцын. Ён сцвярджаў, што танзанійцаў нібыта хацелі выкарыстоўваць у якасці паддоследных трусоў.

Восем месяцаў Магуфулі настойваў на тым, што ў яго краіне не было інфекцый COVID-19. А калі і прызнаў наяўнасць віруса ў краіне, абвінаваціў у гэтым танзанійцаў, якія… вакцынаваліся за мяжой і нібыта прывезлі вірус дадому.

«Калі б белы чалавек змог прыдумаць вакцыны, то былі б зробленыя прышчэпкі ад СНІДу, сухотаў, былі б знойдзеныя вакцыны ад малярыі і раку», — казаў ён.

Калі танзанійскія бальніцы былі перапоўненыя кавіднымі хворымі, дыктатар абвінаваціў нацыянальную лабараторыю ў сабатажы, нібыта яна завышала колькасць хворых. Пасля гэтага масавае тэставанне на кавід у Танзаніі практычна спынілася.

«Мой уласны сын, заразіўшыся вірусам, зачыніўся ў сваім пакоі, прыняў раствор лімона і імбіра і ачуняў», — дзяліўся сваімі парадамі дыктатар.

«У нас шэраг вірусных захворванняў, уключаючы СНІД і адзёр. Наша эканоміка павінна быць на першым месцы. Яна не павінна спыняцца, жыццё павінна працягвацца», — казаў ён.

Магуфулі неаднаразова ў сваім кавід-дысідэнцтве спасылаўся на рэлігію, кажучы, што Бог абароніць ягоную краіну. Цікава, што самі рэлігійныя дзеячы не падтрымлівалі такую палітыку дыктатара. Рэлігійныя лідары былі аднымі з ягоных самых лютых крытыкаў.

«Мы не востраў», — заяўляў каталіцкі сакратарыят Епіскапальнай канферэнцыі Танзаніі. Ён заклікаў вернікаў, у тым ліку прэзідэнта, маліцца, але таксама прыняць меры, якія даўно практыкуюцца ў астатнім свеце, у тым ліку пазбягаць публічных сходаў. Пакуль прэзідэнт краіны адмаўляў кавід, царкоўная газета выходзіла з вялікімі загалоўкамі на першай паласе: «Карона тут ёсць».

«Вы не можаце аддзяліць малітву ад навукі. Рэлігія існуе для таго, каб падтрымліваць лекараў і даследчыкаў. Навука і вера павінны працаваць разам», — казаў Чарльз Кіціма, сакратар Епіскапальнай канферэнцыі Танзаніі.

Для Магуфулі ягонае кавід-дысідэнцтва скончылася трагічна. Ён памёр ва ўзросце 61 года. Улады сцвярджалі, што прэзідэнт сканаў праз хваробу сэрца, але апазіцыя, незалежныя медыя і журналісты з Кеніі пісалі, што ў Магуфулі быў цяжкі кавід, ён быў падключаны на апарату ШВЛ.

Жаір Балсанару

Прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару лічыць, што каранавірус гэта ўсяго толькі «невялікі грып». Ён кпіў з вакцынацыі, сацыяльнага дыстанцыянавання і нашэння масак. Нават пасля таго, як сам захварэў на кавід.

Жаір Балсанару, фота: Flickr.

Калі бразільскі ўрад рэкамендаваў сваім грамадзянам заставацца дома, прэзідэнт гэтыя рэкамендацыі публічна ігнараваў. «Ніхто не будзе перашкаджаць майму праву прыходзіць і сыходзіць», — казаў ён на сталічных вуліцах.

Палітык заўсёды казаў, што яго больш турбуюць эканамічныя наступствы лакдаўна, чым рост колькасці ахвяр пандэміі. «Людзі памруць, мне вельмі шкада, — казаў ён. — Але ж мы не спыняем аўтамабільны завод з-за дарожна-транспартных здарэнняў».

Праз сваю дзіўную стратэгію кіраўнік дзяржавы рассварыўся са многімі губернатарамі і мэрамі, якія ўводзілі рэгіянальныя абмежаванні. Балсанару заклікаў бразільцаў сабатаваць абмежаванні і працягваць працаваць. Ён пазіцыянуе сябе як абаронца нацыянальнай эканомікі ад бюракратаў, якія, нібыта, хочуць зруйнаваць Бразілію.

Ён абвінаваціў сродкі масавай інфармацыі ў стварэнні «істэрыі». Больш за тое, ён выступаў супраць кавідных абмежаванняў: закрыцця прадпрыемстваў, школ і грамадскага транспарту.

«Людзі хутка ўбачаць, як іх ашукалі гэтыя губернатары і значная частка сродкаў масавай інфармацыі, калі гаворка ідзе пра каранавірус», — кажа бразільскі прэзідэнт.

«Гэты вірус выклікаў пэўную істэрыю. Ёсць некаторыя губернатары, якія, на мой погляд, хоць я магу памыляцца, прымаюць меры, якія моцна паўплываюць на нашу эканоміку», — заяўляў ён.

«Калі ўсе застануцца дома, гэта будзе хаос. Ніхто нічога не будзе вырабляць, будзе беспрацоўе, халадзільнікі апусцеюць, ніхто не зможа аплачваць рахункі», — сказаў ён, прапагандуючы лжывую дылему паміж эканамічнай катастрофай і супрацькавіднымі захадамі. 

У Балсанару былі напружаныя адносіны з міністрамі аховы здароўя, ён мяняў іх вельмі часта, патрабуючы ад новых хутчэй «вярнуцца да нармальнага рэжыму». Палітык выкарыстаў свае паўнамоцтвы для ўмяшання ў справы міністэрства, такія як клінічныя пратаколы, раскрыццё асабістых даных і закупкі вакцын. Ён накладаў вета на законы, якія прадугледжвалі абавязковае выкарыстанне масак у рэлігійных месцах і выплату кампенсацый медыцынскім работнікам. Балсанару таксама актыўна прасоўваў неправераныя лекі з недаведзенай эфектыўнасцю для лячэння пацыентаў з кавідам.

Таксама бразільскі прэзідэнт заклікаў сваіх грамадзян «перастаць ныць» аб пандэміі.

Балсанару апісваў COVID-19 як «бессімптомную непрыемнасць» для 90% інфіцыраваных бразільцаў. Ён прапаноўваў ізаляваць толькі пажылых людзей і асоб са спадарожнымі захворваннямі. Сацсеткі нават банілі допісы палітыка, у якіх ён ставіў пад сумнеў эфектыўнасць вакцын і сацыяльнага дыстанцыянавання.

Балсанару, як звычайны папуліст, адмаўляецца ўспрымаць навуку сур'ёзна, ігнаруе ўсё тое, што пішуць медыя, выступае супраць традыцыйнага палітычнага істэблішмэнту і стварае ўласную рэальнасць. 

Балсанару таксама вядомы сваімі скандальнымі выказваннямі аб прышчэпках. Прэзідэнт заяўляў, што не будзе калоць вакцыну з-за магчымых пабочных эфектаў. «Калі ты ператворышся ў кракадзіла, гэта будзе твая ўласная праблема», — куражыўся ён.

Нават перахварэўшы, прэзідэнт не збіраецца вакцынавацца. Скептыцызм Балсанару да вакцын часам прыводзіць да камічных выпадкаў. Піцэрыя ў Нью-Ёрку не пусціла бразільскага прэзідэнта пакаштаваць піцу, калі ён прысутнічаў у горадзе на саміце ААН. Бразільскі прэзідэнт, які не меў сертыфіката аб вакцынацыі, быў вымушаны есці піцу з калегамі на вуліцы.

Група бразільскіх сенатараў, якая хоча прыцягнуць кіраўніка дзяржавы да адказнасці, абвінаваціла прэзідэнта ў злачынствах супраць чалавечнасці і падрыхтавала 1200-старонкавую справаздачу. Сенатары сцвярджаюць, што наўмысныя дзеянні Балсанару прывялі да соцень тысяч смерцяў бразільцаў ад кавіду.

Андрэс Мануэль Лопес Абрадор

Калі ў Мексіцы пачалі фіксавацца першыя смерці ад кавіду, прэзідэнт краіны Андрэс Мануэль Лопес Абрадор апублікаваў у фэйсбуку відэа, у якім заклікаў мексіканцаў вячэраць ва ўстановах грамадскага харчавання.

Андрэс Мануэль Лопес Абрадор, фота: Flickr.

«Калі ў вас ёсць магчымасць і сродкі для гэтага, працягвайце запрашаць сваю сям'ю паесці», — параіў прэзідэнт, седзячы ва ўнутраным дворыку рэстарана. «Гэта умацоўвае эканоміку», — дадаў ён.

Прэзідэнт-папуліст доўга супраціўляўся заклікам ўвесці меры фізічнага дыстанцыянавання, баючыся, што яго электарат пацярпіць больш за ўсіх ад закрыцця эканомікі. Палітык працягваў праводзіць мітынгі, на якіх ён заходзіў у натоўп, вітаў прыхільнікаў поціскамі рукі і пацалункамі ў шчаку.

У рэшце рэшт прэзідэнт скарэктаваў сваю пазіцыю і дазволіў увесці частковы лакдаўн у некаторых сферах. Але ён паклапаціўся аб тым, каб магла працягвацца праца над яго прыярытэтнымі інфраструктурнымі праектамі.

Лідар Мексікі ўвесь час раіў сваім суайчыннікам «жыць як звычайна». Нягледзячы на тое, што прэзідэнт сам падхопліваў кавід, ён працягваў ігнараваць масачны рэжым і казаць, што пандэмія ідзе на змяншэнне. Акрамя таго, што ён не насіў маску, ён часта падарожнічаў і высмейваў рэкамендацыі па дыстанцыянаванні. 

І гэта ўсё адбывалася на фоне таго, як сітуацыя з кавідам выходзіла ў Мексіцы з-пад кантролю, калі бальніцы ў буйных гарадах ужо былі перапоўненыя, а вакцынацыя адбывалася павольна.

Гурбангулы Бердымухамедаў

Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў сцвярджае, што ў краіне няма выпадкаў заражэння вірусам. Афіцыйная колькасць выпадкаў захворвання каранавірусам ў цэнтральнаазіяцкай дзяржаве роўная нулю.

Гурбангулы Бердымухамедаў.

«З першых дзён узнікнення пагрозы COVID-19 мы сфармавалі і падрыхтавалі адзіную нацыянальную стратэгію па барацьбе з каранавірусам, якая прадугледжвае комплекс мер арганізацыйнага, прававога, фінансавага, эканамічнага, санітарна-эпідэміялагічнага, медыцынскага, каранціннага характару», — публікуе газета «Нейтральны Туркменістан» адказ прэзідэнта на пытанне тэлевядучай «як вам удалося зберагчы народ Туркменістана ад гэтай бяды».

Малаімаверна, што ў краіне не было ніводнага інфікаванага грамадзяніна. Але ў Туркменістане, дзе інфармацыя жорстка кантралюецца ўрадам, гэта афіцыйная версія.

Між тым ананімныя карэспандэнты ў Туркменістане паведамляюць заходнім СМІ, што людзей арыштоўваюць супрацоўнікі ў цывільным за адны толькі размовы аб пандэміі.

Нягледзячы на адсутнасць афіцыйна прызнаных выпадкаў кавіду, улады ўсё ж прымаюць антыкавідныя захады па краіне. Людзей штрафуюць за адсутнасць масак або іхняе няправільнае нашэнне. Вакцынацыя з'яўляецца абавязковай у краіне. Але статыстыку па вакцынацыі насельніцтва Туркменістан таксама не дае.

Апошні ўсплёск захворвання каранавірусам у Туркменістане пачаўся летам гэтага года. Медыцынскія работнікі ў гутарках з замежнымі СМІ ацэньвалі сітуацыю, як самую моцную хвалю каранавіруса.

Тэставанне на COVID-19 у Туркменістане вядзецца, у тым ліку і прафілактычнае. Але даведкі са станоўчымі вынікамі на наяўнасць віруса на рукі не выдаюцца. У такіх выпадках людзей накіроўваюць у інфекцыйную бальніцу. Пры смерці ад кавіду ў пасведчанне аб смерці запісваюць пнеўманію або спадарожныя захворванні — цукроўку ці сардэчную недастатковасць.

Кім Чэн Ын

У таталітарнай Паўночнай Карэі, у якой аднаасобна правіць Кім Чэн Ын, таксама афіцыйна не зафіксавана ніводнага выпадку хваробы. І гэта нягледзячы на актыўныя гандлёвыя і турыстычныя сувязі з Кітаем, краінай, дзе вірус з’явіўся і ўпершыню распаўсюдзіўся. Пхеньян упарта адмаўляе кавід у сябе, але існуюць сур’ёзныя падставы для скептыцызму. Раней, напрыклад, Паўночная Карэя таксама сцвярджала, што ніколі не фіксавала на сваёй тэрыторыі ВІЧ.

Кім Чэн Ын.

Нягледзячы на афіцыйнае адмаўленне наяўнасці ў КНДР кавіду, улады адрэагавалі на вірус з належнай асцярожнасцю. Паўночная Карэя закрыла сваю мяжу з Кітаем адразу ж, у краіне ўвялі частковы каранцін. Рэжым шчыра баяўся распаўсюджвання хваробы, таму што ведаў, што сістэма аховы здароўя краіны не зможа даць рады.

Тым не менш, у канцы лета ўлады КНДР адмовіліся ад трох мільёнаў доз кітайскай вакцыны Sinovac, выдзеленай Паўночнай Карэі ў рамках праграмы абмену вакцынамі Covax. У ліпені краіна адхіліла пастаўкі каля двух мільёнаў доз прэпарата AstraZeneca, спаслаўшыся на патэнцыйныя пабочныя эфекты гэтай вакцыны.

Расія неаднаразова прапаноўвала Паўночнай Карэі пастаўляць уласны «Спутнік», але і ад яго карэйцы адмовіліся.

Паўночнакарэйскія дзяржаўныя СМІ часта любяць акцэнтаваць увагу на асобных пабочных рэакцыях на прышчэпкі ў ЗША і Еўропе.

Хун Сен

У самым пачатку пандэміі прэм’ер-мінстр Камбоджы, які кіруе краінай больш за 30 гадоў, прыгразіў на сваім брыфінгу выгнаць кожнага журналіста, які носіць маску. «Прэм'ер-міністр не носіць маску, дык чаму ж вы яе носіце?» — спытаў Хун Сен.

Хун Сен.

«Паніка страшнейшая за саму эпідэмію», — казаў кіраўнік Камбоджы ў пачатку пандэміі.

Міністр аховы здароўя Камбоджы сцвярджаў, што кавід краіне не пагражае, бо ў Камбоджы «занадта спякотны клімат».

Але нечакана Хун Сен змяніў сваю рыторыку. Камбоджа ператварылся ў гісторыю поспеху ў барацьбе з кавідам. Камбоджа цяпер мае адзін з самых высокіх узроўняў вакцынацыі ў свеце. Вакцынавана амаль 80% усяго насельніцтва, гэта нават больш, чым у многіх развітых заходніх краінах.

Хун Сен здзейсніў дзяржаўны візіт у Пекін, прадэманстраваў сваю лаяльнасць Кітаю, і Сі Цзіньпін быў яму удзячны. Кітай дапамог Камбоджы, умацаваўшы свой уплыў у рэгіёне з дапамогай «вакцыннай дыпламатыі».

Акрамя кітайскай дапамогі, поспех Камбоджы таксама абумоўлены ўжо існымі сістэмамі барацьбы з малярыяй і іншымі захворваннямі.

Нарэндра Модзі

У студзені 2021 года індыйскі прэм’ер Модзі заявіў, што Індыя «выратавала чалавецтва, эфектыўна стрымліваючы карону». У сакавіку ягоны міністр аховы здароўя абвясціў, што пандэмія дасягнула «фінальнай стадыі». Усе гэтыя заявы былі як раз тады, калі кавід яшчэ толькі набіраў сілу ў Індыі і ва ўсім свеце, а ўрад не рыхтаваўся сур’ёзна да з’яўлення больш смяротнага і заразнага штаму.

Нарэндра Модзі, фота Flickr.

Пакуль Індыя палала ад кароны, Модзі ў красавіку правёў дзясяткі шматсоттысячных перадвыбарчых мітынгаў. Арганізатары і ўдзельнікі татальна ігнаравалі масачны рэжым. Модзі таксама дазволіў правядзенне рэлігійнага фестывалю з мільёнамі ўдзельнікаў.

Многія прыхільнікі расчараваліся ў Модзі праз ягоную рэакцыю на пандэмію. У індыйскіх сацсетках сталі папулярнымі хэштэгі супраць Модзі, якія абвінавачваюць яго ў правале барацьбы з кавідамі і заклікаюць палітыка пайсці ў адстаўку (#ResignModi, #ModiFailsIndia і #ModiAgainstNation).

Каментары

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні12

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

Паўла Латушку выклікалі ў польскую пракуратуру2

Расійскі вайсковец, якога нібыта сёння ўзарвалі ў Маскве: Я жывы, сяджу на працы

Спевака — пастаяннага ўдзельніка афіцыйных канцэртаў — будуць судзіць за пратэсты1

Сярэдні заробак у чэрвені вырас на 50 рублёў, але наколькі ён адлюстроўвае рэальную сітуацыю?

Дзікавіцкі: Каманда «Белсата» амаль не мае ніякага ўплыву на сітуацыю3

Стрыжак тлумачыць, чаму супраць перамоваў з лукашэнкаўцамі і якая яго прапанова1

Сталі вядомыя падрабязнасці сустрэчы Дуды і Сі Цзіньпіна наконт рэжыму Лукашэнкі

На таргах у Мінску даляр з салідным запасам рухнуў да гадавога мініміму1

«Падрыхтоўка да Алімпіяды прайшла не так, як планавала». Ціманоўская расказала, з якім настроем едзе ў Парыж6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні12

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →