Гісторыя пра крадзеж царкоўнага серабра з Магілёва XVII стагоддзя — жывы дэтэктыў. І звярніце ўвагу, на якой чыстай беларускай мове размаўлялі ў Магілёве 400 гадоў таму.
У 1612 годзе з магілёўскай Васкрасенскай царквы прапалі срэбныя рэчы і Евангелле ў срэбным акладзе. Пералік скрадзенага быў абвешчаны грамадскасці на рынку.
А неўзабаве ў магілёўскага гандляра Дзяміда Арцюховіча знайшлі зліткі срэбра. Аказалася, зладзеі пераплавілі скрадзенае, каб схаваць сляды.
На допыце Дзямід прызнаўся, як да яго трапілі скрадзеныя рэчы: ён зайшоў на чужы падворак справіць патрэбу і пачуў, як нешта «брышчыць» — гэта дзяк Васкрасенскай царквы Мацвей перакладаў каштоўнасці…
За ізбою Лабка
«Калі шоў у нядзелю прошлую з Дзебры, з гуляння, прад абедняю, і, маючы натуральную патрэбу, зашоў у дому Ігната Лабка, хоцячы патрэбу сваю адправіці за ізбою таго Лабка, там жа знашоў таго Матфея за ізбою. І знашодшы яго за ізбою, пытаў яго, што бы там чыніў».
Мацвей вымушаны быў аддаць срэбра Дзяміду з умовай, што той нічога не раскажа парафіянам («змілуйся дзей, не кажы на мяне, вазьмі дзей сабе тое срэбра ўсё. І дараваў мне тое срэбра»).
«…таму рука па локаць адпадзе»
Даўней самі цэрквы рэдка куплялі сабе кнігі — як правіла, іх ахвяравалі прыхаджане. Гэта называлася «кніжны ўклад». Уклад падпісвалі: хто, калі, у якую царкву, пры якім святару… Укладчык прасіў маліцца за выратаванне яго душы і ўспамінаць імя ў малітвах. А каб ніхто не перашкодзіў памінанню, у канцы ўкладнога запісу звычайна змяшчалі праклён. Кшталту «Хто сію кнігу ўкрадзе, таму рука па локаць адпадзе». Або «Хто бы хацеў і важыўся прыўлашчыць сабе гэту кнігу яўна або тайна» — і далей па-царкоўнаславянску: «да бүдет проклят в сем свете и в бүдүщем», то-бок і пры жыцці, і пасля смерці. Гэта, дарэчы, фрагмент запісу ў магілёўскім Апостале 1638 года выдання, укладзенага ў полацкі Богаяўленскі манастыр (асобнік захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы).
Нам здаецца, што раней людзі былі куды больш богабаязныя. Але і тады многія не звярталі ўвагі на праклёны, на Божую кару і смела кралі святыя кнігі, каб потым іх прадаць.
Васкрасенскую царкву, з якой скралі Евангелле, можна ўбачыць на гэтай фрэсцы XVIII стагоддзя з магілёўскага кармеліцкага касцёла. Драўляны храм знаходзіцца злева ад маршалка з прывілеем. На гэтым месцы цяпер скрыжаванне Камсамольскай і Першамайскай вуліц
«Аблупіўшы Евангелію»
Следству дзяк расказаў, што скраў срэбра ў ноч з пятніцы на суботу. Маючы ключы ад царквы, ён інсцэніраваў уварванне, залезшы ў царкву праз акно.
Абвінавачаны прызнаўся ва ўсім, акрамя крадзяжу кнігі: «аблупіўшы Евангелію, серабро з сабою ўзяў, а тую кнігу на стале ў прытворы палажыў».
«А тое серабро ўсё, завінуўшы [= загарнуўшы, закруціўшы] ў анучы, на вуліцы пад бярвёны палажыў, каторае серабро там дневала [= праляжала дзень]. Патом у нядзелю перад абедняю, тое серабро адтуль выняўшы, панёс есмі быў да гасподы [= жытла, месца пражывання, там, дзе ён гаспадар] свае, у дом Ігната Лабка, хаваці; а кгды есмі зашоў за ізбу яго і пачаў тое серабро хаваць, на тот час знашоў мяне тот Дзямід Арцюховіч і пытаў мяне, што я тут чыню і што дзей у цябе брышчыць [= брынчыць, бразгае]. Знаю дзей я, што ў цябе есць, гэта дзей ты серабро царкоўнае крыеш!»
«Дзей» («дей») на старабеларускай мове азначала «маўляў». Гэта слова вельмі часта сустракаецца ў старажытных актах пры перадачы чужой мовы. Відаць, яно было часта ўжываным. Паходзіць ад старажытнага слова «дѣеть» — «кажа» (параўнайце з рускім «дескать»).
Дзяміда і Мацвея арыштавалі, абодвух прыгаварылі да смяротнага пакарання. Перад пакараннем, ужо паспавядаўшыся і прыняўшы прычасце, дзяк спрабаваў забіць сябе — «нажом се скалоў». Выявілася, што нож прынёс магілёвец Грышка Вайцяховіч, «каторы сенам таргуе і за прудом мяшкае». Грышка некалькі разоў прыходзіў да дзяка ў турму, прызнаўся зняволены: «Он мне па калькукроць мовіў, што ж дзей, будзе табе за тваё дзела, ліха будзе — і нож мне даў».
«Кгды» па-старабеларуску азначала «калі», гэта паланізм (gdy). Спалучэннем кг нашы продкі пазначалі выбухное г (такое, як у польскай ці рускай мовах, у адрозненне ад фрыкатыўнага г — такога як у беларускай і ўкраінскай мовах). У той час як звычайнае для беларускай мовы глухое г так і пісалася.
«Пруд» па-старабеларуску — гэта вадзяны млын. Іх ставілі на запрудах.
Скрадзены срэбны аклад Евангелля мог выглядаць так, як гэты, з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі. Па кутках выявы чатырох евангелістаў, у цэнтры — сцэна ўваскрашэння Хрыста. А звярніце ўвагу на зашпілкі: майстар зрабіў іх у выглядзе апосталаў Пятра і Паўла
«Еслі з маскоўскае», то не так страшна
У дадзенай справе суд доўга меркаваў над пакараннем: віну злодзея і прадаўца не лічылі раўназначнай — царкву абрабаваў толькі адзін з іх.
Віну гандляра спярша лічылі недаказанай: ён «хаця ведаў, жэ тое срэбра царкоўнае, але не ведаў, с каторае цэркві. Еслі з маскоўскае або адкуль інуль, чаго дзей цяпер з Масквы намножылася многі (!), і для таго людзям не аб’яўляў». То-бок калі срэбра з Расіі, трафейнае, то віна меншая. А трэба сказаць, што ў 1609—1611 гадах падчас інтэрвенцыі нашы продкі сапраўды вывезлі з Расіі парадкам каштоўнасцей і кніг.
Аднак дзяк не пакінуў Дзяміду Арцюховічу магчымасці апраўдацца. Ён запэўніў суд, што «пэўне паведзіў таму Дзяміду, іж то срэбра с цэркві Васкрасенскае». У выніку дзяк быў пакараны смерцю праз спаленне, а лёс гандляра даследчыкам невядомы: аркуш з дакументам абарваны.
Нашто дзяку раптам спатрэбілася тое срэбра, што такое ён хацеў за яго набыць? Па-другое, куды ж дзелася Евангелле, святая кніга, якую Мацвей, паводле яго прызнання, пакінуў на стале ў прытворы? Хто яе ўзяў і так не прызнаўся?.. На гэтыя пытанні адказаў так і няма.
Дакумент апублікаваны на с. 320—325 у зборніку 1877 года «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в центральном архиве в Витебске и изданные под редакцией архивариуса сего архива Созонова. Выпуск 8: Приходо-расходные книги г. Могилева за 1691 г.; Акты, извлеченные из книг Могилевского магистрата за 1591—1634 гг.».
-
Ордэн для здушыцеля паўстання. Лукашэнка атрымаў ад Расіі тую ж узнагароду, што і Мураўёў-Вешальнік
-
«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі
-
Свавольныя беларускія княгіні. Як дачка гарадзенскага князя збегла да дзікуна
Каментары
о як) "любілі" маскавітаў ў XVII стагодзі ў Магілёве