Мінабароны Польшчы: На беларускай мяжы пабудуюць плот і павялічаць колькасць вайскоўцаў
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак анансаваў стварэнне закона, у адпаведнасці з якім на польска-беларускай мяжы будуць пабудаваны ўмацаванні. Яны павінны спыніць міграцыйны ціск.
Міністр Марыюш Блашчак заявіў, што Польшча мае намер скарыстацца венгерскім вопытам, вынесеным з міграцыйнага крызісу 2015 года, паведамляе Радыё Польшча.
«Ствараецца закон, на падставе якога будзе пабудаваны пастаянны інжынерны плот. Мы рыхтуемся да агароджы мяжы. Мы скарыстаемся венгерскім вопытам. Венгрыя пабудавала плот на мяжы з Сербіяй [металічныя загароды]. Гэта не так проста, беручы пад увагу розныя прававыя рэгуляцыі, але мы скарыстаемся іх вопытам. Закон распрацоўваецца», — сказаў ён.
Марыюш Блашчак падкрэсліў, што сённяшняя мяжа паміж Польшчай і Беларуссю эфектыўна мінімізуе прыток мігрантаў.
Кіраўнік Мінабароны таксама паведаміў, што на польска-беларускай мяжы будзе павялічаная колькасць вайскоўцаў, якія штодня аказваюць падтрымку памежнікам. Цяпер там знаходзяцца 3 тысячы вайскоўцаў. Пры неабходнасці іх колькасць можа быць падвоена.
Каментары