Масавыя эвакуацыі па краіне: «замініраваны» ўніверсітэты, школы, прадпрыемствы
Цягам дня прыходзіць інфармацыя пра «мініраванні» ў Мінску і гарадах краіны ўніверсітэтаў, гатэляў, прадпрыемстваў, а таксама беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў.
Паведамленні аб мініраванні паступілі на шэраг факультэтаў БДУ, у Педуніверсітэт, Эканамічны ўніверсітэт, Аграрны ўніверсітэт, Ліцэй БДУ, некаторыя школы, гатэль «Марыёт», завод «Інтэграл», Дом футбола на праспекце Пераможцаў, аквапарка «Фрыстайл».
Чытачы паведамляюць пра «мініраванне» стадыёна «Дынама», школы ў Баранавічах, Камянецкага райвыканкама, некалькіх школ у Брэсце. Праводзіцца эвакуацыя навучэнцаў і работнікаў.
«Недзе ў 13.10 у аўдыторыю зайшоў ахоўнік, сказаў, усім збірацца і выходзіць, ёсць пагроза падрыву будынка. Пасля праз 10 хвілін пад’ехала машына міліцыі, выйшлі супрацоўнікі ў звычайнай форме, за імі двое ў шлемах і бронекамізэльках», — апісваюць сітуацыю на фізфаку БДУ.
«Філіял Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў ў ахове здароўя, які базуецца ў лабараторным корпусе медуніверсітэта, пачалі экакуяваць а 14-й гадзіне», — кажуць супрацоўнікі.
«У мяне дачка — студэнтка БДЭУ. Дазванілася ў Заводскае РУУС, там сказалі, што на працягу пяць хвілін атрымалі паведамленні аб закладзеных выбуховых прыладах у 10 школах», — піша чытачка.
Аўстрыйская паліцыя праводзіла спецаперацыю на тэрыторыі пасольства Беларусі ў Вене з-за паведамлення аб пагрозе дыпмісіі. Паведамленне аказалася ілжывым.
У міліцыі зазначаюць, што паведамленні аб нібыта закладзеных выбуховых прыладах паступілі на электронную пошту, і нагадваюць, што ранейшыя неаднаразовыя паведамленні аб небяспецы не пацвердзіліся.
Каментары