Сакратар Рады бяспекі Вальфовіч хоча, каб з Мінскам уступілі ў перамовы
«Толькі цывілізаваныя перагаворы могуць змяніць сітуацыю. Аднак у суседніх сталіцах нас не хочуць чуць», — заявіў дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч падчас наведвання Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Паводле слоў Аляксандра Вальфовіча, «калектыўны Захад працягвае ўскладняць абстаноўку вакол так званага міграцыйнага крызісу. Скажоная ацэнка прычын і ўмоў наплыву мігрантаў актыўна пашыраецца ў СМІ як частка развязанай за мяжой антыбеларускай істэрыі для апраўдання нарошчвання націску на Беларусь», — піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Не трэба шукаць корань зла ў сітуацыі з мігрантамі ў Беларусі. На Захадзе варта прызнаць уласную віну ў такім масавым зыходзе бежанцаў з Афганістана, Афрыкі, краін Блізкага Усходу. Увёўшы цэлыя дзяржавы ў бездань хаосу і няпэўнасці, людзей вымусілі пакідаць родныя дамы, бегчы ад смерці і голаду ў пошуках лепшай долі», — заявіў Аляксандр Вальфовіч.
Раней тыя самыя выразы ўжывалі Аляксандр Лукашэнка і сродкі прапаганды.
«Вырашаць праблему неабходна дыпламатычнымі намаганнямі. Толькі цывілізаваныя перагаворы могуць змяніць сітуацыю, — сказаў Вальфовіч. — Аднак у суседніх сталіцах нас не хочуць чуць».
Воранаўскі раён — памежны. Менавіта на гэтым кірунку летам мігрантаў кіравалі ў Літву. Калі літоўцы надзейна закрылі мяжу, прыкладна са жніўня паток пераарыентаваўся на Польшчу. Цяпер і Польшча паставіла надзейныя заслоны, і мігранты пачынаюць накоплівацца каля мяжы з Польшчай, у транзітнай зоне мінскага аэрапорта і ў гатэлях беларускіх гарадоў.
Каментары