Прайшло амаль два гады з пачатку пандэміі кавіду, але за ўвесь гэты час Туркменістан не пабачыў ні аднаго хворага на модны вірус. Так сцвярджаюць улады гэтай закрытай аўтарытарнай краіны ў цэнтральнай Азіі.
Туркменістан — адна з пяці краін, якія не паведамлялі пра выпадкі кавіду на сваёй тэрыторыі. Тры астатнія — ізаляваныя востравы ў Ціхім акіяне, а яшчэ адна — КНДР, іншая закрытая азіяцкая дзяржава, піша CNN.
Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў, што кіруе краінай ужо 15 гадоў, назваў паведамленні пра выпадкі кавіду ў краіне фальшыўкай. Аднак незалежныя арганізацыі і актывісты за межамі Туркменістана паведамляюць пра прыкметы поўнамаштабнай трэцяй хвалі эпідэміі ўнутры краіны. Згодна з іх данымі, туркменскія шпіталі перапоўненыя хворымі на кавід, а колькасць ахвяраў хваробы налічвае ўжо дзясяткі людзей.
Руслан Мяціеў, туркменскі бежанец і рэдактар незалежнага выдання Turkmen News, паведамляе, што ён асабіста сабраў імёны больш за 60 людзей, якія нібыта памерлі ад кавіду ў Туркменістане. Актывіст сцвярджае, што ўсе выпадкі пацверджаныя праз медыцынскія запісы і рэнтгенаўскія здымкі. Гэтыя дакументы сведчаць пра моцнае пашкоджанне лёгкіх у загінулых людзей, а таксама пра ўжытыя да іх метады лячэння, падобныя да звычайнай тэрапіі хворых на кавід.
Туркменская актывістка Дзіяна Сярэбранік распавяла CNN, што медыкі-эмігранты з яе праваабарончай арганізацыі атрымліваюць шмат інфармацыі ад калег унутры краіны, што дазваляе бачыць рэальную сітуацыю з кавідам у Туркменістане. Па яе словах, у краіне існуе дэфіцыт медыцынскага кіслароду і апаратаў ШВЛ, лячэнне ад кавіду каштуе вялікіх грошаў, а лічба загінулых ад хваробы можа складаць тысячы. Калі чалавек памірае ад кавіду, у яго карце нават не пазначаюць вірус ці пнеўманію як прычыну смерці. Замест гэтага пішуць нейкі не звязаны з кавідам дыягназ накшталт інфаркту.
Калі ж кавід мог прыйсці ў Туркменістан? Мяціеў кажа, што першыя звесткі пра выпадкі захворванняў сталі даходзіць да яго прыкладна ў маі 2020 года. Крыніцы распавядалі пра дзіўную хваробу лёгкіх, нечым падобную да грыпу, пры гэтым на вуліцы ў той час стаяла спёка ў 40 градусаў — не самае тыповае надвор’е для грыпу.
Чытайце таксама: Інфекцыяніст Мікіта Салавей б'е трывогу: Не дазваляйце спрацаваць натуральнаму адбору — марш на вакцынацыю!
У чэрвені 2020 года пасольства ЗША ў Туркменістане распавяло пра тое, што некаторыя з мясцовых жыхароў маюць сімптомы кавіду, здаюць тэсты на гэты вірус і трапляюць у каранцін на 14 дзён. Улады краіны адразу ж абверглі гэтую інфармацыю.
У ліпені 2020 года місія СААЗ не здолела зафіксаваць у Туркменістане выпадкі кавіду, але засведчыла наяўнасць вялікай колькасці выпадкаў вострай рэспіраторнай інфекцыі і пнеўманіі.
Нарэшце, у студзені 2021 года туркменскі ўрад абвясціў пра тое, што ў краіне ўхваленае выкарыстанне расійскай супрацькавіднай вакцыны «Спутнік V». У чэрвені Сусветны банк пагадзіўся выдаць Туркменістану крэдыт у памеры 20 мільёнаў даляраў як частку праграмы па «прафілактыцы, выяўленні і рэагаванні на пагрозы, выкліканыя вірусам кавіду».
Шмат аўтарытарных краін прызналі наяўнасць выпадкаў кавіду на сваёй тэрыторыі. Чаму ж Туркменістан выбраў іншы шлях?
Актывісты сцвярджаюць, што справа ў кіраўніку краіны, які вырашыў замоўчваць праблему, каб захаваць свой імідж. Калі б Бердымухамедаў прызнаў наяўнасць віруса ў Туркменістане, гэта магло б падставіць яго пад публічную крытыку, а ў перспектыве і прымусіць яго несці адказнасць за падзеі ў краіне.
У стацыянарах краіны ў 2020 годзе памерла на 40% больш пацыентаў, чым у 2019 годзе
Каментары