Грамадства

«Калі ты ў паніцы, нельга пераходзіць мяжу». Гутарка з акцёрам Іллём Ясінскім, якому на маршы зламалі пазванкі, а пасля завялі крыміналку

Раней Ілля Ясінкі граў у РТБД у спектаклях паводле Шэкспіра і Марціновіча. Але ў апошні год экшэну ў яго жыцці стала больш, чым на сцэне. Пасля затрымання на адным з маршаў акцёр трапіў у бальніцу з пераломамі адросткаў пазванкоў. А ў маі таемна пераходзіў мяжу, бо замест рэагавання на заяву аб збіцці справу завялі на самога Іллю. «Наша Ніва» пагаварыла з акцёрам — пра крыміналку, новую працу ў Літве, кантралёраў з Мінкульта і нашумелы фільм «Купала», дзе ён здымаўся ў ролі Вацлава Ластоўскага. А таксама пра тое, як цяперашнія падзеі пазбавілі неабходнасці ісці на ўнутраны кампраміс.

«Бальнічны быў з лістапада да студзеня»

«Наша Ніва»: Як тваё здароўе пасля таго жорсткага затрымання ў лістападзе?

Ілля Ясінскі: Нармальна. Адчуваю, што нешта змянілася ў хрыбетніку, але праблем пакуль няма.

«НН»: Доўга ў бальніцы ляжаў? Колькі аднаўленне заняло?

ІЯ: Бальнічны быў да студзеня. А ў бальніцы дзён 10 правёў.

«НН»: Канваіры таксама ўвесь час дзяжурылі?

ІЯ: Не, канваіры былі прыстаўлены да іншых людзей. Адзін з іх — Сцяпан, якога спачатку збіў бус, а пасля ўнутры буса збіваў АМАП (размова пра Сцяпана Чыкілёва, якому далі тры гады «хіміі» за тое, што кінуў нешта ў бок міліцэйскіх аўто. — «НН»). Ён быў прышпілены кайданкамі да ложка.

Міліцыянты, якія мяне прывозілі, думалі, што дактары паглядзяць і скажуць: усё нармальна, забірайце яго. Так не атрымалася. 

«НН»: Па гэтай справе суд быў?

ІЯ: Так. Я быў на бальнічным, прысутнічаў толькі адвакат. Далі вялікі штраф, ужо не памятаю дакладную суму. Не суткі, напэўна, таму што быў на бальнічным. Плюс было нейкае зацішша пасля справы Рамана Бандарэнкі.

«Усё па тэкстах ужо 10 год — проста зараз яно загучала іначай»

«НН»: Як наогул працавалася ў тэатры пасля таго, як выйшаў з бальнічнага?

ІЯ: Ды ніяк не працавалася. Яшчэ да бальніцы мы, як і многія тэатры, прыпынялі пастаноўкі, выказваліся супраць гвалту, падтрымлівалі купалаўцаў. Доўгі час не гралі. Потым вырашылі асобныя спектаклі вярнуць. У мяне і не было роляў у забаўляльных пастаноўках.

Цэнзары з Мінкультуры прыбралі спектакль «Чарнобыльская малітва». Ён даўно ў рэпертуары быў, але з-за таго, што ён цяжкі, яго ставілі толькі некалькі разоў на год. На гадавіну аварыі 26 красавіка, напрыклад. А ў гэтым годзе сказалі, што Алексіевіч нам не трэба.

«НН»: Пасля сыходу купалаўцаў, чаму калектыў РТБД прыняў рашэнне працягваць выступаць?

ІЯ: У нас было шмат абмеркаванняў на гэту тэму. І дырэктар ведала, што ў любы момант уся трупа можа сысці і тэатр проста знікне. Таму разам вырашалі пытанні, стараліся зразумець адно аднаго. 

Працягнулі выступаць, бо гэта было патрэбна гледачам. Пасля некалькіх спектакляў яны пачалі падыходзіць і прасіць: «Калі ласка, не сыходзьце, бо без гэтых спектакляў ва ўсім жаху будзе складана».

«НН»: Ты згадваў кантралёраў з Мінкультуры. Як выглядаюць іх візіты?

ІЯ: Кожны раз калі здача спектаклю адбываецца, прыходзяць некалькі чалавек, штосьці запісваюць, штосьці кажуць. Як казаў Бернард Шоу, калі ўмееш, то робіш, калі не ўмееш — вучыш, як рабіць. Але ж мы і самі людзі культуры, таму шмат заўваг не чулі. Напрыклад, пастаноўка «Любоў людзей». У канцы галоўнага героя раздзірае знутры на маленькія шматочкі і ў парыве ён прамаўляе: «Сучыны снег». Людзі з міністэрства казалі, што трэба гэта прыбраць.

«НН»: Казалі, што пасля выбараў кантралёры мусілі прыходзіць на кожную пастаноўку, не толькі на прэм’еры.

ІЯ: Былі такія чуткі — што ходзяць, глядзяць, каб усё было па тэкстах. А ўсё па тэкстах ужо 10 год. Проста зараз яно загучала іначай. Мы граем спектаклі пра агульначалавечыя, гуманістычныя каштоўнасці (тэатр жа пра гэта), і калі яны парушаюцца, у пастаноўцы гэта бачна, відавочны паралелі.

Калі ты глядзіш казку пра стойкага алавянага салдаціка, які кажа пра сумленнасць і доўг, здаецца, што гэта цяпер уставілі, спецыяльна пад гэтыя падзеі. Хоць насамрэч гэта яшчэ Андэрсан пісаў. Проста цяперашнія падзеі нібыта са страшнай казкі. Складана ўявіць, што гэта можна апраўдваць — гвалт, беззаконне, адсутнасць чалавечнасці.

Ці прыходзілі кантралёры насамрэч? Былі нейкія дзіўныя людзі ў залі, якія сядзелі, як зомбі, і не рэагавалі. Бачыш гэтыя шэрыя пінжакі — о, вунь яны, цэнзары. 

«Калі б усе прытрымліваліся дамоўленасцяў, зліву «Купалы» не было б»

«НН»: Давай згадаем фільм «Купала». Якая атмасфера стаяла на пляцоўцы, калі праходзілі здымкі?

ІЯ: Усё было вельмі ўважліва, прафесійна. Нават многія акцёры, якія там працавалі, казалі: «Якія мы шчаслівыя, што зараз здымаемся ў такім фармаце». Гэта не серыяльны гон, ёсць час паразважаць, разабрацца. І вынік, па-мойму, атрымаўся класны.

«НН»: Тады было зразумела, што гэты фільм — не толькі пра гісторыю, але і пра сучаснасць, і што ён даволі смелы?

ІЯ: Гэта дзіўна, як наша гісторыя паўтараецца, калі яе не перажываць, не пераасэнсоўваць, не рабіць высноў. Гісторыя Купалы — пра Беларусь, беларусаў. У тыя часы адбывалася станаўленне дзяржавы па сутнасці. Вось калі ласка: праходзіць сотня год — і па коле. 

Тады не было перашкод, каб фільм выйшаў. Усё было зацверджана, падабрана таленавітая каманда. Для Беларусі гэта ўвогуле прарыў. Зразумела, што ўсе б выйгралі, калі б «Купалу» паказалі. Гэта важна і для аб’яднання нацыі, і для разумення сваёй гісторыі, і для мовы, і для мастацтва.

Усе былі б у плюсе, акрамя тых, хто парушае закон.

«НН»: А калі стала зразумела, што ў Беларусі фільм не скора пакажуць?

ІЯ: А я не разумею, чаму яго не паказваюць. Што там такога? Пра гэта ж у падручніках пішуць. Адчыняй зборнік вершаў таго ж Янкі Купалы — і там уся біяграфія напачатку. У фільме ж толькі факты.

«НН»: Як ацэньваеш тое, што «Купалу» злілі ў сеціва ў абыход аўтарскіх правоў?

ІЯ: Думаю, калі б усё было сумленна і ўсе прытрымліваліся сваіх дамоўленасцяў, зліву не было б. А калі дамоўленасці зрываюцца і гэта адзіны варыянт, каб людзі фільм убачылі… Што галоўнае? Фільм класны? Класны. Параіў бы яго сябрам? Так. Пайшлі б у кіно? Зразумела! А дзе? Дык толькі ў інтэрнэце. Навошта яго забараняць?

«Прыходзьце на размову. У якім статусе — там вырашым»

«НН»: У маі ты таемна перасек мяжу з Літвой. Як прымалася рашэнне аб уцёках?

ІЯ: Вельмі хутка. Мне патэлефанавалі са Следчага камітэта: «Прыходзьце на размову». Спытаў, у якім я статусе. «Там вырашым». Зразумела, што варыянтаў няшмат.

Таму адыграў спектакль, напісаў заяву на адпачынак за свой кошт. Сказаў, што з псіхалагічных прычын трэба адпачыць. Спыталі, на колькі дзён. Я ў адказ: «На колькі можна». 

Праз дзень пасля званка я ўжо збіраўся. Дабраўся на машынах-аўтобусах да бліжэйшага да мяжы населенага пункта і адтуль пайшоў.

«НН»: Што за крымінальная справа?

ІЯ: Наколькі вядома, за арганізацыю пратэстаў. Першы раз мне следчая тэлефанавала, калі я выступаў у тэатры. Я не падняў слухаўку. Прыйшоў пасля ў грымёрку, убачыў выклік, перазваніў, але на тым баку ўжо ніхто не падымаў. А потым даведаўся, што яна шукала мяне і праз адваката. 

Справа звязана з тым, што я пасля збіцця напісаў заяву на людзей у чорным без апазнавальных знакаў. Некалькі лістоў прыходзіла, што яе працягваюць разглядаць. Відаць, падаўжалі, падаўжалі тэрміны, а пасля вырашылі: давай наадварот усё перайграем. 

«НН»: Што адчуваў падчас пераходу мяжы? Адрэналін, страх?

ІЯ: Калі ты ў паніцы, нельга пераходзіць. Трэба быць узважаным, гатовым да рашучых дзеянняў, трымаць сэрца гарачым, а галаву халоднай. І ў мяне быў стан максімальнай сканцэнтраванасці, сабранасці. Калі перайшоў мяжу, падумаў: усё, можна расслабіцца. Але доўга я не мог выдыхнуць.

Едзеш у літоўскай вёсцы, бачыш знакі на іншай мове, мозгам разумееш, што тут бяспечна, але сціснутая спружына ўнутры ў стане гатоўнасці знаходзіцца. Я пасля зразумеў, што ў гэтым стане сціснутай спружыны жыў з самага жніўня.

«На першай рэпетыцыі зразумеў, што зараз не час выступаць у новым тэатры»

«НН»: Чым у Вільні займаешся? Ёсць планы ў новы тэатр уладкавацца?

ІЯ: Беларуская рада культуры пазнаёміла мяне з кіраўніцтвам Рускага драматычнага тэатра тут, я паказаў ім відэа спектакляў з Беларусі, у якіх удзельнічаў. Мяне вельмі цёпла прынялі і нават прапанавалі галоўную ролю ў пастаноўцы, была чытка і першая рэпетыцыя.

І вось на першай рэпетыцыі я канчаткова зразумеў, што зараз не час — я фізічна не магу займацца гэтым. Магчыма, калі б спектаклі былі пра Беларусь ці ў Беларусі, гэта было б іншае пытанне. А тут я прамаўляю тэкст, спрабую ўвайсці ў абставіны, але ўсе думкі мае не пра спектакль, а пра тое, каму гэта зараз патрэбна.

Я шчыра падзякаваў, што далі такую магчымасць, але ўзяў паўзу.

Адначасова з гэтым з’явілася навіна, што школа «Стэмбрыдж» адчыняе ў Вільні 1-4 клас. А ў мяне вялікі вопыт працы з дзецьмі ў летніку. І мне вельмі пашанцавала са школай — я вучыўся ў ліцэі Жодзіна. У нас была цудоўная атмасфера: настаўнікі пастаянна падкідвалі глебу для творчасці, навуковых прац, самарэалізацыі ў розных відах дзейнасці. Была ўвага да асобы.

А пасля я паступіў у палітэх і, мякка кажучы, здзівіўся таму, як вядуцца лекцыі — што зэдлікі перад выкладчыкам расстаў, што студэнтаў пасадзі. Пад дыктоўку запісваем крок разьбы, які ёсць ва ўсіх даведніках (Ілля вучыўся на спецыяльнасці, звязанай з металургічнай і машынабудаўнічай вытворчасцю. — «НН»).

У «Стэмбрыджы» я дапамагаю з актыўнасцямі: атмасферай у школе, перапынкамі, святамі. Можна сказаць, арганізатар пазакласнай дзейнасці. Гэта было цяжкае рашэнне, але я адмовіўся ад працы ў тэатры і пайшоў працаваць у школу. Сэнс знайсці было лёгка, бо зараз я наўпрост працую на будучыню, для нашых беларускіх дзяцей. Так, рашэнне цяжкое, але калі я яго прыняў, у мяне з’явіўся прыліў сіл, новае дыханне, натхненне. Я зразумеў, што ўсё зрабіў правільна.

У школе да таго ж даюць зніжку на навучанне дзецям супрацоўнікаў, а ў мяне сын якраз у першы клас ідзе.

«Да 2020-га адчуваў вязкасць у прасторы, а цяпер з’явілася магчымасць рабіць тое, што хачу»

«НН»: «Можаце зламаць хрыбціну, але дух не зломіце», — казаў ты з бальніцы. А цяпер які настрой?

ІЯ: Ведаеш, гэта такі час афігенны. Вось у падлеткавым узросце было адчуванне такое часам: хочацца, каб штосьці значнае здарылася… Згадваю сябе да 2020-га.

Ты жывеш, нешта робіш, але адчуваеш вязкасць у прасторы. Калі спрабуеш ініцыятыву праявіць, у цябе ногі сыходзяць у глей, і там не адчуваецца дна. Ты пастаянна ў супраціве, насуперак сабе. Пастаянна нейкі кампраміс унутры: я хачу так, але тут ёсць «але», я з ім міруся і іду на дамову з самім сабой. 

І тут гэтыя падзеі пачынаюць адбывацца. Некалькі месяцаў я не сустракаў ужывую ніводнага чалавека, які б падтрымліваў рэжым. Вось гэтыя частыя фразы ябацек: «Памагіце, мне здаецца, вакол усе бэчэбэшнікі», — ну, таму што не здаецца! Гэта рэальнасць. У мяне з’явілася магчымасць рабіць і гаварыць тое, што хачу.

Маршы — гэта было ашаламляльна. У Горвата ёсць такія радкі ў «Радзіве Прудок»: «Гэта як выйсці з пограба, дзе сядзеў трыццаць год, і ўсім целам адчуць свабоду».

Пасля дваровыя супольнасці. Нейкія моладзевыя мары аб анархізме, самакіраванні, калі кожны займаецца тым, што яму падабаецца, выбірае нейкую нішу і топча яе. Не атрымліваецца — адыходзіць убок, і падхопліваюць іншыя. І далей з’яўляецца перспектыва.

«НН»: Але тое, што людзі сядзяць, што працягваюцца затрыманні, прыгнятае.

ІЯ: Безумоўна, гэта страшна, але не сказаў бы, што на мяне дзейнічае прыгнятальна. Я з рознымі людзьмі размаўляў. Хтосьці кажа пра страх, трывожнасць. Але за сабой магічнага страху не заўважаў. У мяне з’яўляецца агрэсія, злосць дадатковая, тое, што раней для мяне было нехарактэрна. Бо я дастаткова дыпламатычны чалавек, малаканфліктны, адыходлівы.

Тое, што людзі сядзяць, табе не дазваляе апускаць рукі, калі ты стаміўся ці хочацца ўсё забыць. Я не ўяўляю, як людзі трымаюцца ў турме, гэта крута. І яны шлюць сюды словы падтрымкі. Гэта здольнасць быць свабодным нават за кратамі. Пра іх лісты кніжку трэба выпускаць. 

Пачытайце «Уціхамірвальную кашулю» Джэка Лондана. Там пра тое, што чалавека ў турме завязваюць ва ўціхамірвальную кашулю за нейкія правіннасці і ён у сваёй свядомасці пачынае падарожнічаць па сусветах, вызваляючыся ад цялеснага зняволення. 

Мы бачым няздольнасць таго боку зразумець палёт думкі, натхнёнасць, крэатыў. Там наўрад ці мысляць такімі катэгорыямі. Гэта нібыта нейкія папярэднікі людзей з далёкага мінулага трапілі ў наш цывілізаваны свет і пачалі махаць дубінамі, бо гэта адзінае, што яны ўмеюць.

«НН»: Калі будуць ставіць спектакль па падзеях 2020-га, каго б хацеў сыграць?

ІЯ: Не ведаю. Адмоўных персанажаў не люблю граць — не люблю іх рысы прысвойваць. Мне здаецца, калі будзе спектакль, няма сэнсу шукаць персанажа і падбіраць пад яго акцёра — кожны можа расказваць пра сябе. Таму што ніхто не застаўся ўбаку.

Каментары

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу31

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Усе навіны →
Усе навіны

Паліна Шарэнда-Панасюк абскарджвае апошні прысуд — але яго абскарджвае і пракуратура

У Мінску таксіст ударыў пасажыра за тое, што той нібыта гучна бразнуў дзвярыма3

Прагноз надвор'я на першыя дні зімы1

Бацьку, які адсудзіў дваіх дзяцей у жонкі і вярнуўся з Бельгіі ў Беларусь, судзяць за згвалтаванне непаўналетніх1

Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе4

Прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Хіжняк расказаў, што трапіў у 2020 годзе ў «Чорную кнігу»3

Ва Узброеных сілах заявілі, што распрацавалі аналаг Starlink для беларускай арміі13

Бізнэсоўца з Гомеля судзяць па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і абразе Лукашэнкі

92-гадовая жанчына штотыдзень абедае ў замку ўжо 37 гадоў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу31

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Галоўнае
Усе навіны →