Недабор на бюджэт ва ўніверсітэты — 490 чалавек. Месцы засталіся ў Вайсковай акадэміі і сельгасакадэміі ў Горках
У гэтым годзе недабор ва ўніверсітэты склаў 490 чалавек. І гэта пасля дадатковага набору — першапачаткова было незапоўнена больш за 900 месцаў.
«Па некаторых спецыяльнасцях прахадныя балы дадатковага набору нават перавышалі балы асноўнага.
Засталіся незапоўненыя месцы па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях (па іх традыцыйна запатрабаванасць у абітурыентаў не такая, як хацелася б) і некаторых тэхнічных»,
— пракаментававала кансультант галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэма Герлоўская.
Не хапае настаўнікаў фізікі і матэматыкі (у БДПУ, напрыклад, данабралі 12 чалавек, але яшчэ чатыры месцы не запоўніліся). Нагадаем, універсітэты вывешвалі аб'явы, што на педагогаў могуць паступіць нават абітурыенты, якія набралі мінімальныя прахадныя балы на ЦТ.
Вольныя месцы засталіся таксама ў Вайсковай акадэміі, колькасць не ўдакладняецца — першапачаткова іх было больш за 100, на некаторыя спецыяльнасці залічвалі са 120 баламі.
Сёлета ва ўніверсітэты прынялі 26 тысяч чалавек на бюджэт і 22 тысячы на платнае. Летась за свой кошт было гатова вучыцца на чатыры тысячы абітурыентаў больш.
Каментары