Амерыканскі тэлеканал CNN паведамляе, што ў панядзелак, 9 жніўня, адміністрацыя прэзідэнта Джо Байдэна апублікуе новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі.
Крыніца ў Кангрэсе паведаміла CNN, што ўвядзенне новых санкцый будзе прымеркавана да гадавіны з дня выбараў у Беларусі, вынікі якіх міжнародная супольнасць не прызнала.
Пакуль невядома, на што будуць накіраваныя новыя санкцыі, але Святлана Ціханоўская пасля візіту ў Вашынгтон заяўляла, што яна перадала адміністрацыі Байдэна канкрэтны спіс мэтаў, якія яе каманда хацела б бачыць пад санкцыямі.
У гэтым спісе знаходзіцца шэраг кампаній, якія манапалізаваныя рэжымам Лукашэнкі і яго набліжанымі, уключаючы калійную кампанію «Беларуськалій», а таксама нафтавыя, дрэваапрацоўчыя і металургічныя прадпрыемствы.
Ціханоўская на гэтым тыдні заклікала міжнародную супольнасць «паслаць сігнал салідарнасці з беларусамі, якія змагаюцца за дэмакратыю і свабоду», менавіта 9 жніўня, у гадавіну спрэчных выбараў, якія выклікалі масавыя пратэсты па ўсёй Беларусі.
Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр заявіла заканадаўцам Сената ў пачатку чэрвеня, што адміністрацыя «сканцэнтраваная на новым выканаўчым указе ў самыя кароткія магчымыя тэрміны».
Каментары