Сёння каля Гарадка на Падляшшы (Польшча), у месцы, дзе ў 1990—2019 гг. праходзіў беларускі музычны фестываль «Басовішча», пачынаецца двухдзённы фэст беларускай культуры пад назвай Фестываль абуджаных «Тутака».
Сярод выканаўцаў на сцэне каля Гарадка выступяць: трыа Сержука Доўгушава, а таксама Маргарыта Ляўчук, Вераніка Круглова, Валерыя Дэле і Naviband.
«На галоўнай сцэне выступяць музычныя выканаўцы з Беларусі, у той ці іншы час вымушаныя пакінуць краіну з прычыны пераследу і рэпрэсій, — сказаў Свабодзе Зміцер Косцін. — Як бы мы ні хацелі, не ўдаецца нам пакуль што сёлета мець на сцэне выканаўцаў не з эміграцыі, а з Беларусі».
Акрамя канцэртаў, на фестывальнай сцэне будуць адбывацца дыскусіі на розныя тэмы:
Канцэрты і дыскусіі Фестывалю абуджаных будуць транслявацца на Ютуб-канале фундацыі «Тутака», якая арганізуе фестываль.
«Чаму наш фестываль называецца Фестывалем абуджаных «Тутака»? Фестываль «Басовішча» быў абуджэннем беларусаў Падляшша 30 гадоў таму. Цяпер, пасля леташняга жніўня, уся Беларусь і ўсе беларусы перажываюць абуджэнне. І гэты момант абуджэння аб’ядноўвае нас, беларусаў Падляшша тутака, і ўсіх іншых», — патлумачыў Свабодзе назву фэсту Павал Станкевіч, старшыня фундацыі «Тутака».
Каментары