Гэта здарылася, калі выбіралі арнамент для дзяржаўнага сцяга БССР. Выглядае, што прафесар Міхаіл Кацар не толькі прыпісаў падняпроўскія арнаменты сваёй роднай сястры Матроне Маркевіч, але датаваў іх 1917 годам і выдумаў узнёслую назву. Нашто? Можна здагадвацца, піша ў часопісе «Наша гісторыя» Зміцер Скварчэўскі.
На карцінцы — малюнак арнаменту ў рукапісе прафесара Міхаіла Кацара. Калі верыць надпісу, ён быў скапіяваны з ручніка, вытканага Матронай Маркевіч з вёскі Касцелішча Сенненскага раёна, у 1917 годзе і называўся ўзыходзячае сонца.
Па афіцыйнай версіі, узор быў узяты з ручніка, які Матрона Маркевіч выткала ў рэвалюцыйным 1917 годзе. Гэта доўгі час прымалася ўсімі на веру. Аднак выглядае, што і назвы такой не існавала, і ўзор быў характэрны для зусім іншай мясцовасці. А раз так, то і год, цалкам верагодна, прыдуманы.
Капыткі, крывуля… І раптам «узыходзячае сонца»
Нічога падобнага ў народнай культуры не фіксуецца. У паэтычнай назвы «дзяржаўнага» арнаменту ёсць аўтэнтычныя адпаведнікі ў народнай культуры. Аналагічны арнаментальны знак знайшла даследчыца арнаментаў Галіна Нячаева на канцы ручніка, вытканага ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна. У дачыненні да яго ўжываюцца народныя назвы кручча, лапа, лапа кучаравая, але не сонца, і тым больш не ўзыходзячае. Паводле рэканструкцыі Нячаевай, гэта знак ураджаю і багатай зямлі, заснаваны на сімволіцы засяванага поля і нівы, якая прарастае.
У дзявоцтве Кацар
Ва ўсіх публікацыях, прысвечаных гісторыі дзяржаўнага сцяга, не ставіцца пад сумнеў, што аўтарам размешчанага на ім арнаменту з’яўляецца Матрона Маркевіч з вёскі Касцелішча Сенненскага раёна. У 2015 годзе ў цэнтры горада Сянно нават з’явіўся памятны знак «Родны край» у гонар гэтай жанчыны, а ў мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць прысвечаная ёй экспазіцыя, дзе можна пабачыць адзін з яе арыгінальных ручнікоў.
Матрона Маркевіч, у дзявоцтве Кацар, сапраўды была здатнай майстрыхай і добрым чалавекам. А яшчэ яна даводзілася роднай сястрой прафесару Міхаілу Кацару.
Але ёсць сур’ёзныя падставы лічыць, што Матрона Маркевіч (Кацар), нягледзячы на ўсё сваё ўмельства, да гэтага канкрэтнага арнаменту дачынення ўвогуле не мела.
«…нешта вы браціць на мяне совсем забылі»
Па часе сястра Міхаіла Матрона выйшла замуж за Аляксея Маркевіча і пераехала ў вёску Касцелішча таго ж Сенненскага раёна.
У 1933 годзе іх сям’ю раскулачылі, а ў трагічным 1937- м Аляксей быў арыштаваны і расстраляны. Для Матроны і яе дзяцей наступілі цяжкія часы. Хоць сям’я «ворага народа» перажыла вайну, але і пасля яе жыццё было складаным.
Памерла жанчына ў 1957 годзе. Захаваўся ліст Матроны да Міхаіла Кацара, у якім гэтая не вельмі пісьменная жанчына адзначае: «…нешта вы браціць на мяне совсем забылі не хочаш паслаць мне пісьма». Міхаіл Кацар атрымаў яго ў 1951 годзе: якраз тады, калі ішла распрацоўка сцяга БССР.
Кніга Міхаіла Кацара пра арнаменты сведчыць, якую вялікую ўвагу ён надаваў вобразам роду, сям’і, дома, як высока цаніў майстэрства маці і сясцёр. Магчыма, дзеля таго і захацеў увекавечыць імя сястры як аўтаркі арнаменту на дзяржаўным сцягу БССР. А можа быць, хацеў застрахаваць сям’ю ад далейшых рэпрэсій: у выпадку чаго аўтарку арнаменту не павінны былі б чапаць.
У кожным разе, зрабіў гэта прафесар вельмі далікатна, без шуму. Прозвішча Матроны Маркевіч як аўтаркі гэтых арнаментальных знакаў у літаратуры з’явілася вельмі позна — фактычна толькі ў 1990- я гады. Да таго гэта пераказвалі адзін аднаму толькі вусна калегі навукоўца. Прафесар Яўген Сахута, супрацоўнік акадэмічнага Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, у адным з нядаўніх інтэрв’ю згадваў: «Гэта вядома было, хоць нідзе і не публікавалася. Па руках доўгі час хадзіў ягоны рукапіс, і ў культурным асяродку пра гэта было вядома». Прытым «што Матрона — ягоная сястра, амаль ніхто не ведаў. Калегам ён не распавядаў пра сваяцтва з Матронай, а сваякам — пра тое, што скарыстаў сястрын арнамент».
З Падняпроўя, а не з Падзвіння
Міхаіл Кацар нібыта адшукаў малюнак ручніка сястры з арнаментам узыходзячае сонца ў даваенных архівах Савета прамысловай кааперацыі БССР (Белпрамсавета). У пачатку 1950-х гэта была адзіная база арнаментаў, якой магла карыстацца акадэмічная камісія. На базе яго збораў у 1953 годзе быў выдадзены каталог Белпрамсавета пад назвай «Беларускі народны арнамент». Прадмову да каталога напісаў Міхаіл Кацар, але сярод аўтараў-складальнікаў яго не было. Апошняя акалічнасць дадае аб’ектыўнасці інфармацыі, змешчанай у гэтым выданні.
Сапраўды, на старонцы 27 ёсць малюнак таго самага ручніка, арнамент з якога трапіў на сцяг БССР. І тут пачынаецца самае цікавае: у атрыбуцыі пазначана толькі тое, што гэта «Канец ручніка. Тэхніка — перабор». І няма ані слова ні пра аўтарства Матроны Маркевіч, ні пра год стварэння, ні пра назву арнаменту. Рэгіён паходжання ручніка таксама не пазначаны, але на старонках выдання як да малюнка з ім, так і пасля яго прыводзяцца прыклады ткацтва з Гомельскай вобласці.
Вядома, што арнаменты і тэхніка выканання ручнікоў не з’яўляюцца аднолькавымі для ўсёй краіны, яны маюць лакальныя асаблівасці. Тая ці іншая традыцыя ткацтва мае даволі выразную прывязку да канкрэтнага рэгіёна. І «дзяржаўны» арнамент зусім не характэрны для мясцовасці, з якой паходзіла Матрона Маркевіч: Сенненскага раёна, Віцебшчыны і ўвогуле Падзвіння. Ручнікоў з падобнымі арнаментальнымі знакамі навукоўцы там ніколі не фіксавалі. Захаваныя ж ручнікі, якія бясспрэчна належаць Матроне Маркевіч, маюць іншую стылістыку.
Якраз у Падняпроўі, у раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей, і былі пашыраныя ручнікі з «дзяржаўным» арнаментам. Напрыклад, у кнізе доктара навук Вольгі Лабачэўскай «Повязь часоў — беларускі ручнік» ёсць фотаздымкі такіх ручнікоў з вёсак Падгор’е Быхаўскага раёна, Раманавічы Гомельскага раёна і Фёдараўка Веткаўскага раёна. Гэтыя ручнікі датуюцца пачаткам і першай паловай ХХ стагоддзя.
Ідэальны сімвалізм
У пачатку 1950-х над праектам абноўленага сцяга рэспублікі працавала камісія Акадэміі навук. Прафесар і доктар мастацтвазнаўства Міхаіл Кацар, найбольш аўтарытэтны на той час навуковец у галіне народнай арнаменталістыкі, прапанаваў на разгляд некалькі варыянтаў арнаменту. Камісія ўхваліла вядомы нам цяпер узор.
Калі так, то гэта была адна з самых тонкіх і бяскрыўдных містыфікацый ХХ стагоддзя.
Даведка:
Сцяг БССР быў прыняты адразу пасля абвяшчэння рэспублікі ў 1919 годзе. Пры яго стварэнні асабліва не мудрагелілі: узялі агульнасавецкі чырвоны сцяг, але ў левым верхнім куце напісалі залатымі літарамі «С.С.Р.Б.». У 1927 годзе пры прыняцці новай Канстытуцыі надпіс замянілі на «БССР», а ў 1937-м на сцяг дадалі выявы зноў-такі агульнасавецкіх сімвалаў — серп з молатам і пяціканцовую зорку. Паводле такога самага шаблона ствараліся сцягі і іншых саюзных рэспублік.
20 студзеня 1947 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў пастанову «Аб дзяржаўных сцягах саюзных рэспублік», у якой вызначалася: «Прызнаць мэтазгодным унесці змены ў наяўныя дзяржаўныя сцягі саюзных рэспублік з тым, каб дзяржаўны сцяг саюзнай рэспублікі адлюстроўваў ідэю саюзнай савецкай дзяржавы (змяшчэнне на сцягу эмблемы СССР — серп і молат, пяціканцовая зорка, захаванне чырвонага колеру) і нацыянальныя асаблівасці рэспублікі (увядзенне акрамя чырвонага іншых колераў, парадак іх размяшчэння, уключэнне нацыянальнага арнаменту)».
Зацверджаны 25 снежня 1951 года сцяг БССР дзякуючы нацыянальнаму арнаменту выразна вылучаўся сярод іншых: кажуць, што той-сёй з інтэлігенцыі іншых народаў беларусам праз гэта зайздросціў. Афіцыйная назва арнаменту — узыходзячае сонца — нават натхніла народнага паэта Ніла Гілевіча на ўзнёслыя радкі ў вершаваным рамане «Родныя дзеці»:
Калі Савецкі Саюз распаўся, 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Беларусі прыняў рашэнне замяніць сцяг БССР узору 1951 года на гістарычны бел-чырвона-белы. Ніхто з нацыянальнай інтэлігенцыі гэтаму не пярэчыў. Вярнуўся ж сцяг БССР у якасці дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, ужо ў крыху мадыфікаваным выглядзе, у 1995 годзе.
Каментары