Пры гэтым чакаць аповеду пра ўнутраную кухню архітэктараў і спрэчкі вакол праектаў не выпадае. Лёсы дойлідаў пададзеныя вельмі сцісла.
Яшчэ адзін плюс — метафарычная мова («Галоўпаштамт у пачатку праспекта — як уверцюра ў оперы»), арыгінальныя разважанні. Але прадзерціся да іх сэнсу праз пераклад бывае няпроста.
Мінск як лабараторыя сучаснасці XX стагоддзя
Нягледзячы на разнастайнасць прапаноў, праз тры гады ўніверсітэт узвялі па досыць простым, строгім праекце Івана Запарожца ды Георгія Лаўрова, вучня Эль Лісіцкага і прыхільніка ідэй Казіміра Малевіча. Уплыў яго супрэматызму можна ўбачыць у строгіх формах універсітэцкага гарадка.
Пасля БДУ Лаўроў адразу ўзяўся праектаваць Бібліятэку БССР (цяпер будынак Савета Рэспублікі на Чырвонаармейскай, 9). Сплаўленне геаметрычных фігур (куба, паралелепіпеда, цыліндра), строгія сцены, доўгія плоскасці фасадаў і доўгія аконныя пераплёты — гэта ўплыў выкладчыкаў Лаўрова братоў Весніных і маскоўскага канструктывіста Ільі Голасава ды яго інавацыйных будынкаў, у прыватнасці, Дома Саветаў у Хабараўску і Дома культуры імя Зуева ў Маскве. Голасаў стварыў стыль, які так пасаваў СССР: з энтузіязмам імкнуўся дэманстраваць сучаснасць, але быў скаваны пастаянным дэфіцытам матэрыялаў. Крохкая раўнавага між сціплымі магчымасцямі і недасяжнымі мэтамі, іранізуе Бела. Бібліятэка таксама пабудаваная вельмі сціпла, мінімальнымі сродкамі.
Спроба падарыць Мінску ўласны стыль
Чалавек, якому знайсці баланс удаецца ідэальна, — Іосіф Лангбард. Нібы прадбачыўшы будучыя патрабаванні ўладаў, ён стварае мікс новай і класічнай архітэктуры, велічы і мадэрнізму. Толькі ў Мінску раскрываецца геній Лангбарда, яго непаўторны стыль.
На Дом урада Лангбарда натхніла цыгарэтная фабрыка
Іосіф Лангбард з Бельска-Падляскага ў 1907 годзе паступіў у Імператарскую акадэмію мастацтваў і яўна ўразіў камісію талентам — яўрэяў у Акадэмію набіралі вобмаль. У 1920-я ён браў удзел у многіх праектах, але ўсе яго ідэі адхілялі, аж пакуль Лангбард не ўзяўся за Мінск. Тут ён спраектаваў чатыры культавыя будынкі. Вялікая заслуга архітэктара — спроба падарыць Мінску ўласны архітэктурны стыль. І небезвыніковая.
Дом урада, яго першая мінская работа, ужо напоўніцу паказвае геній архітэктара. У ім у абсалютнай гармоніі суіснуюць і класічная манументальнасць, і маніфест сучаснасці. Пярэдні двор у форме П, як у багатых арыстакратычных сядзібах. Будынак выглядае строга, але ў ім няма ніякай гістарычнасці — чыста геаметрычныя формы без дэкору. Бакавыя крылы ствараюць хвалепадобны фасад. На гэты праект Лангбарда натхніла цыгарэтная фабрыка Neuerburg у Гамбургу і будынкі сталеліцейнага завода ў Дзюсельдорфе.
Мінская Опера
Другі культавы мінскі будынак Лангбарда — Тэатр оперы і балета. У 1920-я опера яшчэ падавалася непапраўна буржуазным мастацтвам, але ў 1930-я ва ўладаў з’явілася жаданне адрадзіць оперу і балет так, каб яны служылі мэтам пралетарскага мастацтва. За 20 гадоў у СССР з’явілася каля 20 тэатраў оперы і балета, прычым іх імкнуліся рабіць большымі за еўрапейскія.
Патрэбен быў праект, які пакажа сувязь рэвалюцыі з класічнай культурай. Гэта змог Лангбард. Цікава, што мінскі тэатр — адаптаваны праект, зроблены для Харкава. Тонкі сінтэз мадэрнізму (геаметрычнасць формаў) і неаакадэмізму (масіўнасць, манументальнасць, скульптуры, пілястры, гірлянды — хоць і спрошчаныя). Мінскі тэатр стаў адным з апошніх, у якім удалося паяднаць авангарднае і класічнае. У працэсе будоўлі Лангбард адмовіўся ад барэльефаў і скульптур (апошнія з’явіліся ўжо ў наш час). Ён максімальна ўціскаўся ў сродках і лішні раз нічога не прасіў, каб яго не абвінавацілі як сабатажніка і растратчыка.
Акадэмія навук
Будынак акадэміі пазначае важны паварот: гісторыя архітэктуры становіцца на службу СССР. Хаця зварот да гістарычнасці быў агульнаеўрапейскай тэндэнцыяй. Такія ж калоны ў выглядзе простых цыліндраў без капітэляў — як кампраміс між сучаснасцю і гісторыяй — з’явіліся на знакавых еўрапейскіх будынках таго часу: Такійскім палацы ў Парыжы, Музеі рымскай цывілізацыі ў Рыме.
Копія Дома ўрада ў Магілёве
Дом афіцэраў у Мінску
Лангбард стварае будынкі для чынавенства, балерын, навукоўцаў, бярэцца і за вайсковую тэму. У праекце Дома афіцэраў ён працягвае распрацоўваць асучаснены класіцызм, ад канструктывізму тут амаль нічога.
Цэнтральная частка Дома афіцэраў схаваная ўглыб, бакавыя часткі выступаюць — гэта надае дынамікі. Будынак вянчае цяжкі антаблемент як сімвал надзейнасці. Нягледзячы на сярэднія памеры пабудовы, такое вырашэнне падкрэслівае яе выключную важнасць і нібы дадае аб’ёму. Эфект велічнасці дасягаецца за кошт напышлівых паўкалон без капітэляў. Вокны між імі нібы ўразаюцца ў фасад і прыўносяць ажыўленасць.
Пасляваенныя рэкамендацыі Лангбарда
У 1950-м Лангбард піша рэзкі ліст Міхаілу Асмалоўскаму, які кіраваў адбудовай Мінска: «Мая 20-гадовая дзейнасць у Беларусі, відаць, павінна прыпыніцца. Вы добра ведаеце, што я раблю гэта не па сваёй, а па вашай волі».
Час дапаможа аддзяліць зерне ад мякіны і пакажа, хто меў рацыю, піша ён Асмалоўскаму, адзначаючы: «Мяне заўжды бянтэжыць тая самаўпэўненасць, з якой вы выступаеце», — і прыгадвае выступ на канферэнцыі маладых архітэктараў, дзе Асмалоўскі крытыкаваў Дом урада ў прысутнасці самога Лангбарда. «Цяжка сказаць, у якой ступені вам удалося пераканаць аўдыторыю. Але мне ваш выступ паказаў іншае. Не назавеш вялікім ваш гонар за радзіму на яе шляху да працвітання. Але гэта справа вашага грамадзянскага сумлення».
Пры гэтым ніхто не ведаў, як быць з рэшткамі барочных храмаў
Мінск яшчэ толькі вызвалілі — і ўжо абвясцілі ўсесаюзны конкурс праектаў Кастрычніцкай плошчы. Архітэктары кінуліся праектаваць. Прапановы былі самыя неймаверныя. Лангбард прапанаваў стварыць алею-праспект ад Дома афіцэраў да Опернага тэатра. Барыс Мезенцаў пераносіў у Мінск архітэктуру Неапаля і каралеўскага палаца Мадрыда. Сяргей Сперанскі спраектаваў гіпертрафіраваную версію пецярбургскага класіцызму — манументальнасць з лёгкім патрыятычным акцэнтам. Невядомы архітэктар прапанаваў праект, натхнёны праваслаўем і гісторыяй Старажытнай Русі. Была і прапанова высоткі са шпілем, як у Маскве, але для Мінска гэта было задорага.
Маскоўскі архітэктар Іван Собалеў стварыў для Кастрычніцкай адаптацыю старажытнагрэчаскага акропаля (умацаванага верхняга горада), у якую дадаў абстрактнай геаметрыі канструктывізму, класіцызму XVIII — XIX стагоддзяў і вежы расійскіх крамлёў у неарускім стылі.
Урэшце кіраўніцтва БССР спыніліся на праекце беларуска-расійскага трыа: Міхаіла Асмалоўскага, Уладзіміра Караля і Міхаіла Паруснікава. Паруснікаў быў адным з 12-ці вучняў Івана Жаўтоўскага, якога называлі «чырвоным Паладыа» за любоў да венецыянскага стылю. Жаўтоўскі быў родам з Пінска. Ён адаптаваў дух Рэнесансу да маштабаў СССР.
Трыа прапанавала для Кастрычніцкай паладыянскі стыль. Кульмінацыйным пунктам праспекта мусіў быць будынак, падобны да Калізея. Зацвердзіць такую бескарысную прыгажосць у Мінску аказалася цяжка, таму замест яго для ажыўлення прасторы прапанавалі вежу. Яна нагадвала венецыянскую Кампанілу (званіцу) Святога Марка і гадзіннікавую вежу брытанскага парламента. Побач будынак з каланадай, натхнёнай Версалем, і барочны палац з карынфскімі капітэлямі (правобразам якога стаў храм Венеры ў ліванскім Баальбеку III стагоддзя). На фоне гэтага помнік Іосіфу Сталіну на плошчы глядзеўся як намёк на Нерона, на яго нездаровае самаўзвелічэнне і на крывавыя ўчынкі рымскіх імператараў.
На месцы галоўнага будынка спраектавалі палац з каланадай (на ўзор Аляксандраўскага палаца ў Царскім Сяле), па цэнтры яго квадратная вежа — адсылка да мінскай ратушы. Так архітэктары нагадвалі пра гарадскія свабоды і пра рэпрэсіўнае мінулае.
Галоўнага будынка з ратушнай вежай плошча так і не атрымала. У 1984-м на яго месцы спраектавалі безаблічны Палац Рэспублікі, які скончылі будаваць аж у 2001-м.
«Праспект паставіць Мінск на ўзбочыне дарогі Брэст-Масква»
У Мінску спраектавалі шырокі праспект — аналаг парыжскіх Елісейскіх палёў: 50 метраў ушыркі, 15 км удоўжкі (парыжская вуліца карацейшая на 2 км, але ўшыркі мае 70 м).
Але ўладам праспект быў неабходны: ён мусіў паказваць імперскі размах супердзяржавы. Усходнія вароты СССР павінны былі адлюстроўваць трыумфальную веліч савецкай імперыі. Каб выразіць яе, выкарыстоўваліся найлепшыя ўзоры антычнага Рыма, Рэнесансу, класічнай англійскай культуры, Расійскай імперыі… Так горад ператвараўся ў калекцыю палацаў.
Жылая трыумфальная арка
Для раёна вакзала ленінградскі архітэктар Барыс Рубаненка пазычыў схему парыжскай плошчы Згоды: цэнтральны праспект у абрамленні двух аднолькавых будынкаў. Два магутныя данжоны надаюць дынамікі гарызантальным пабудовам. Іх пірамідальная форма дазволіла размясціць на адной вежы гадзіннік, як у Сярэднявеччы, а на другой — герб СССР.
У 1948 годзе Рубаненку рэпрэсавалі ў час кампаніі супраць «бязродных касмапалітаў». Ён перадаў праект Асмалоўскаму і камандзе, якія скончылі ўсё адзін у адзін з праектам і гэтым выказалі сваю падтрымку і павагу калегу.
Паштамт у форме царквы Санта-Стэфана
Паштамт. Будынак з карынфскімі калонамі строга сіметрычны
Галоўпаштамт праектаваў беларус Уладзімір Кароль. У студэнцтве ён любіў канструктывізм, затым зацікавіўся паладыянствам.
Ідэалагічная правакацыя ў форме будынка КГБ
Храм у Пуле быў прысвечаны першаму рымскаму імператару Актавіяну Аўгусту і пабудаваны пры яго жыцці. (У 1935-м Жаўтоўскі звярнуўся да гэтага ўзору для Дома Саветаў у Сочы, таму Паруснікаў яшчэ і ў нейкай ступені аддаў даніну павагі свайму настаўніку.)
На думку Бела, Паруснікаў свядома імкнуўся стварыць будынак — зашыфраванае пасланне, які будзе ўвасабляць неадназначнасць савецкай улады. Калі ўвесь ансамбль стварае ўражанне спакойнай і суровай велічы, то дэталі кажуць пра іншае.
Фларэнційскі банк у Мінску
Праектуючы банк, Паруснікаў шукаў натхнення ў культавай архітэктуры. Высозныя пілястры надалі будынку велічы, а яшчэ большы акцэнт на каласальным памеры палаца зрабілі вузкія вокны, размешчаныя паміж пілястрамі. Гэты прыём запазычаны ў Мікеланджэла, з апсіды сабора Святога Пятра ў Рыме.
ГУМ — адзіны з жалезабетону
ГУМ — гэта адзіны будынак цэнтра, узведзены з жалезабетону (для іншых выкарыстоўвалі атынкаваную цэглу), гіганцкі згустак з мноства прадуманых формаў, велізарная бетонная скульптура. Загадка, як і чаму ўраджэнцу Тбілісі Льву Мелегі, стваральніку невялічкіх тыпавых крамак 1930-х гадоў, дазволілі рэалізоўваць настолькі дарагі і складаны праект.
Натхненне аўтар мінскага ГУМа чэрпаў у французскім Рэнесансе. Вокны на 4-м паверсе, абрамленыя двума керамічнымі барэльефамі, нагадваюць вокны ў крыле Франсуа І ў Луўры (1550 год, яно яшчэ называецца «крыло Леско», архітэктара). А слупы з вентыляцыйнымі адтулінамі ўнутры будынка капіруюць форму камінаў з арачнымі франтонамі ў замку Ане (1552 год).
Цэлы арсенал класічных дэталяў: шэрагі антычных гірляндаў, раслінны дэкор з тэракоты, падзел аконных праёмаў на часткі саліднымі паўкалонамі, акратэрыі (навершы) у грэчаскім стылі з сярпом і молатамі — робіць акцэнт на прыземістасць будынка і адначасова падкрэслівае пустэчы ў масе бетону, акцэнтуе гульню формаў. Так класічныя элементы трансфармуюцца ў барочнае прачытанне…
Мелегі памёр у час будаўнічых работ, ГУМ стаў яго запаветам. Яго творчасць застаецца ўнікальнай у сваёй неардынарнасці і стылістычным дзівацтве.
Праспект: буйства пілястраў
Пры атмасферы шпіёнаманіі такія англійскія запазычанні выглядаюць дзіўна. Але яны паказваюць, што архітэктары не сталі закладнікамі прапаганды (больш за тое, Асмалоўскі ўласнаруч збіраў ва ўпраўленні беларускай архітэктуры тэчку дакументаў пра гісторыю Лондана і планы яго рэканструкцыі).
Мінабароны і БНТУ — рэмінісцэнцыі з 1812-га
Штаб Беларускай вайсковай акругі і галоўны корпус БНТУ спраектаваныя ў «стылі 1812 года»: строгі класіцызм, які набыў патрыятычныя канатацыі ў час адбудовы Масквы пасля вайны з Напалеонам. Такім чынам архітэктары праводзілі паралель між 1812 і 1945 гадамі, нагадвалі пра пераможную барацьбу з заваёўнікамі.
Штаб Беларускай вайсковай акругі (сучаснае Міністэрства абароны) і галоўны корпус БНТУ праектавалі ў «стылі 1812 года». У ім адбіліся паралелі паміж вайной з Напалеонам і Другой сусветнай. WIKIMEDIA COMMONS
Трохі вар’яцтва на плошчы Перамогі
Баршч кіраваў перапланіроўкай плошчы Перамогі. Яшчэ да вайны ён задумаў ансамбль жылых дамоў, якія падкрэслівалі берагі Свіслачы: дзве сіметрычныя групы па тры будынкі, аб’яднаныя каланадай. Вуглавыя вежы навеяныя фламандскай архітэктурай XVII стагоддзя. Ніз дамоў — буйная рустоўка родам з Фларэнцыі, верх — выкшталцоная тынкоўка ў духу ранняга Рэнесансу.
Каб дасягнуць візуальнай сувязі паміж праспектам і зялёнымі насаджэннямі, архітэктары стваралі ўздоўж праспекта порцікі (на ўваходзе ў парк Горкага, парк Чалюскінцаў, Батанічны сад). Для гэтага ж ставілі балюстрады і дэкаратыўныя вазы — набытак французскіх садоў. Раней яны служылі французскаму абсалютызму, цяпер сталінізму.
Нечаканы канец
У 1950 годзе Масква запатрабавала ад Мінска рэзка скараціць выдаткі на будаўніцтва. Плошча рэканструкцыі скарацілася амаль удвая. У 1954-м увогуле прыйшоў загад спыніцца і пераходзіць да спрашчэння архітэктуры. Наступныя тры гады архітэктары і ўлады БССР яшчэ цягнулі час, спадзяваліся, што чарговы паварот палітыкі дазволіць закончыць задуманае.
Асмалоўка — чароўнасць сціпласці, мінімум дэкору: франтоны над дзвярыма, вуглавыя эркеры, драўляныя вуглавыя балконы і рустоўка. Аўтазавод: лоджыі, порцікі з тасканскімі калонамі і франтоны, якія абрамляліся здвоенымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі. А ў раёне Трактарнага з’яўляюцца элементы Версаля…
Каментары
а мне арыгінал падабаецца больш.
) вы будзеце смяяцца, але ў гэтым "непрыступным" будынку... празрысты дах. ну не ўвесь канечне. часткова. можна пабачыць верхні паверх. у нашым банку ўсё празрыста)
не верыце? паглядзіце ў гугл-картах
а мне ён падабаецца. хай і дзівацкі канечне. аднойчы ехала міма, а сонца свяціла так, і цені гулялі так, што будынак убачыўся такім шкляным суцэльным паралелепіпедам, на які надзеты масіўны-масіўны бетонны каркас. цікавы эфект быў. калі б вітрыны зрабілі неяк інакш, можа гэты эфект яшчэ б узмацняўся