«З рук рабочых выслізнула рыдлёўка, і княжна рассыпалася!» Містычная гісторыя пра знаходку ў цэнтры Мінска
«А ў труне ляжала княжна! Як жывая! Прыгожая! Доўгія валасы, заплеценыя ў касу, залатыя бранзалеты… Усе стаялі, як зачараваныя, — як яна магла так добра захавацца! І раптам з рук аднаго з рабочых нечакана выслізнула рыдлёўка, якая паляцела ўніз, стукнулася аб край труны, і … княжна рассыпалася!» Што ў гэтай гісторыі праўда, а што — не?
Гэту гісторыю пераказаў «Вячэрняму Мінску» гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў. Пачуў ён яе ад прыбіральшчыцы Інстытута гісторыі Акадэміі навук, дзе працаваў. Падзеі адбываліся пасля вайны, калі прыбіральшчыца была яшчэ дзяўчынкай.
«У адзін з дзён у раёне Ніжняга рынку мы з мамай ўбачылі шмат людзей, якія сабраліся ля куч зямлі. Паспрабавалі падысці бліжэй і разгледзець, што там адбываецца.
Але мама не змагла праціснуцца праз натоўп, а я была маленькая, спрытная і пралезла».
Дзяўчынка прабралася праз натоўп і ўбачыла на дне ямы труны.
А што адбывалася ў рэальнасці?
Пасля вайны ў раёне Нямігі пачаліся раскопкі. Імі кіраваў археолаг Васіль Тарасенка. У 1949-м ён і яго калегі выпадкова знайшлі рэшткі каменнага храма. Ён знаходзіўся недалёка ад цяперашняга метро «Няміга».
Большасць мінчукоў мяркуе, што месцазнаходжанне храма пазначана знакам, які стаіць на прыгорку Свіслачы. У рэальнасці храм знаходзіўся крыху ў бок, побач з будынкам на Пераможцаў, 2.
Храм даследавалі да 1951-га.
«Адкрыццё з Мінску руін храма стала поўнай нечаканасцю, бо ніякіх пісьмовых сведчанняў аб ім не маецца», — пісаў Тарасенка.
Чаму гаворка пра руіны?
Храм так і не быў дабудаваны. Захаваўся яго падмурак і ніжняя частка сцен (на глыбіні 4,03—6,75 м).
Рэшткі мелі даўжыню 16 метраў, шырыню — 12 метраў, што давала агульную плошчу храма 192 квадратныя метры.
Хутчэй за ўсё, будаўніком храма з’яўляўся мінскі князь Глеб, сын Усяслава Чарадзея. Пасля таго як ён трапіў у палон (1119), горадам кіраваў кіеўскі намеснік. Магчыма, недабудаваны храм быў разбураны пры ім — каб падкрэсліць страту Мінскам свайго статусу.
У перыяд з 1119 да 1146 гадоў унутры сцен храма з’явіліся могілкі.
Усяго археолагі знайшлі 21 пахаванне. Самым цікавым аказалася жаночая магіла. Яна захавалася лепш за ўсё.
«Чэрап і буйныя косткі шкілета ацалелі. Захавалася дзве касы, укладзеныя вакол галавы. На галаве аказаліся венчыкі: (…). Вакол шыі знаходзіліся каралі са скуры, у таліі — ваўняны пояс з меднай або бронзавай падковападобнай спражкай, ашытай ваўнянай матэрыяй. (…) На нагах пахаванай былі мяккія скураныя туфлі, адна з якіх, левая, добра захавалася. На пярэдняй яе частцы прыкметныя праколаты і, верагодна, прашыты ніткамі (…) ўзор», — пісаў Тарасенка.
Вучоныя высветлілі, што труп належалаў маладой дзяўчыне або падлетку 14-17 гадоў. Яна памерла пасля гнойнага запалення ў правым вуху або ў касці.
А як жа легенда, што труп рассыпаўся? «Натуральна, не. Гэта дзіцячае ўяўленне дамалявала», — каментаваў Тарасаў.
Як расказаў гісторык і выдавец Андрэй Гардзіенка, ён «шмат разоў запытваў у археолагаў Георгія Штыхава і Эдуарда Загарульскага, дзе знаходзяцца матэрыялы з таго некропаля, але яны так і не змаглі адказаць».
Каментары