У трупу Купалаўскага тэатра набралі студэнтаў. Яны вучацца на спецыяльнасці «народныя спевы»
Трупа Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, папоўнілася чатырма новымі прозвішчамі. Трое з іх — студэнты, якія вучацца зусім на іншай спецыяльнасці.
Адзін з новых купалаўцаў — Артур Цыцура. Ён нарадзіўся ў 1999-м у Гродне, вучыўся ў мясцовым каледжы мастацтваў. Ва Універсітэце культуры выступаў у складзе вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Валачобнікі». Яго старонкі ў сацыяльных сетках падпісаныя па-беларуску.
Разам з ім у Купалаўскі ўзялі двух яго аднагрупнікаў. Адзін з іх — Антон Нікішын. Ён 2000 года, родам з Ашмянаў. Летась Нікішын ды Цыцура разам выступалі на ўніверсітэцкай канферэнцыі з дакладам пра творчасць кампазітара Станіслава Манюшкі.
Яшчэ адзін іх аднагрупнік — Іван Аксёнчык. Ён 1998 года нараджэння, родам з Узды.
Адзін з выкладчыкаў Універсітэта культуры расказаў «НН», што Аксёнчык быў яго студэнтам: «Вельмі здольны ў прафесійным плане — як для Універсітэта культуры. Шмат чым цікавіўся і займаўся самастойна, больш чым прадугледжана вучэбным планам. Што тычыцца агульначалавечых якасцяў, добра не ведаю. Увогуле, прычыны, якія прымушаюць людзей рабіць такія ўчынкі, вельмі празаічныя. Большасць — гэта ўсё людзі з глыбокай дэпрэсіўнай правінцыі, якія чапляюцца за любыя шанцы палепшыць свой сацыяльны і матэрыяльны стан».
Хлопцы паступілі ў ВНУ ў 2019 годзе. Іх прынялі на бюджэт на спецыяльнасці «спевы (народныя)». То-бок яны нават не вучацца на акцёраў.
У Купалаўскім іх выкарыстоўваюць у масоўцы. Усе трое выходзяць у адных і тых жа ролях: Хлопца (у «Паўлінцы») ды Анёла ў «Чорнай Панне Нясвіжа».
Таксама ў Купалаўскі ўзялі актрысу Кацярыну Качан. Яна мінчанка, нарадзілася ў 1992-м. У 2015-м скончыла Акадэмію мастацтваў.
Аксёнчык і Нікішын адмовіліся даць каментар «Нашай Ніве», звязацца з Цыцурам і Качан не ўдалося.
Хто наогул працуе ў Купалаўскім? Зараз у трупе 23 чалавекі. Дзесяць з іх засталіся ў тэатры пасля жнівеньскіх падзей (прычым адна з іх, Галіна Арлова, даўно не выходзіць на сцэну). Астатніх 13 узялі праз кастынгі.
Чацвёра з навічкоў ужо маюць прафесійную адукацыю, астатнія дзевяць — студэнты Універсітэта культуры.
За год дзяржаўны Купалаўскі не паставіў ніводнага новага спектакля, толькі аднавіў тры старыя, што ўжо ішлі на сцэне: «Паўлінку», «Вечар» і «Чорную панну Нясвіжа».
-
У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі. Зноў праз «палітыку»
-
«Будзе смешна і балюча»: «Купалаўцы» прэзентуюць заўтра новы спектакль. У галоўных ролях — Манаеў, Белахвосцік, Гарцуева
-
«Рашэнне прыйшло звонку». Што адбываецца ў віцебскім тэатры, дзе ў спектаклі прагучала «Жыве Фландрыя!» і пачалася чарада звальненняў?
Каментары