«Быў вельмі бляклы вадзяны знак»: рэдактар Hrodna.life расказаў аб прычынах затрымання
Рэдактар гродзенскага партала Hrodna.life Аляксей Шота расказаў Tut.by пра сваё затрыманне і пра яго прычыны.
— Прыкладна а 13.00 мяне затрымалі каля пад'езда дома, дзе я жыву. Прывезлі ў Ленінскае РАУС. Забралі шнуркі, і мне прыйшлося папрысядаць галяком. Я думаў, што застануся на суткі, пасядзеў нават у невялікай камеры разам з бяздомным мужчынам.
Усё было культурна — давалі папіць вады і вадзілі ў туалет. Потым адпусцілі, склаўшы пратакол па адміністрацыйным артыкуле 19.11 за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, — распавёў Аляксей.
— Што тычыцца прычыны, то ў нас на партале ў панядзелак выйшаў артыкул пра тое, што пісалі замежныя СМІ аб вымушанай пасадцы самалёта Ryanair у Менску ў мінулую нядзелю. На адным з фотаздымкаў быў вельмі бляклы вадзяны знак тэлеграм-канала, які прызнаны экстрэмісцкім.
У той дзень я выконваў абавязкі не галоўнага рэдактара партала, а дырэктара. Гэта розныя функцыі. І не заходзіў на сайт. Хтосьці з супрацоўнікаў паставіў такую навіну і не ўбачыў ледзь прыкметнага вадзянога знака. Калі я гэта заўважыў, то адразу выдаліў карцінку, аднак хапіла некалькіх гадзін, каб быў зроблены скрыншот і потым складзены пратакол.
Каментары