Пра андэрдога беларускай літаратуры, нацыянальнага класіка, які стаў ім нечакана для ўсіх, піша Андрэй Скурко.
Каралішчавічы пад Мінскам. Лета. На Свіслач за Домам творчасці пісьменнікаў прыязджаюць купацца жывыя класікі. Драматург Андрэй Макаёнак ставіць сваю шыкоўную «Пабеду» пасярод пляжа, адчыняе ўсе дзверцы і шумна ідзе ў ваду, а пасля, наплёхаўшыся, бярэцца мыць машыну. Другая такая ж «Пабеда» спыняецца на ўскрайку, каля кустоўя. З яе ціха выходзіць чалавек з востра ўзнятым угару правым плячом і нешырокай усмешкай. Ніхто з назіральнікаў не запомніў, каб ён хоць раз распрануўся на пляжы. Гэта Іван Мележ, аўтар аднаго з найлепшых беларускіх раманаў ХХ стагоддзя.
«Трагічная фігура»
«Калі не лічыць тых, на каго абрушыўся тапор рэпрэсій, Іван Паўлавіч трагічная фігура ў нашай літаратуры», — пісаў Іван Шамякін.
«Высокі ладны прыгожы чалавек, элегантна апрануты — у драпаваным паліце або ў светлым габардзінавым макінтошы, у светла-рудой шапцы-вушанцы або ў чорным берэце, гэтакі ветлівы і далікатны — было дзівам, як ён стараецца не трапляць людзям на вочы з-за свайго глухога кашлю, з-за патрэбы настаўляць вышэй каўнер і цёплым шалікам тоўста ўкручваць шыю, рукой затульваць дыханне», — успамінаў яго сусед Ян Скрыган.
Вайна зрабіла з Мележа руіну ў дваццаць з нечым гадоў. Зрок і слых былі пашкоджаныя кантузіяй, холад і нішчымніца справакавалі хваробы нырак і лёгкіх, плечавы сустаў быў ампутаваны — правая рука трымалася на мышцах і сухажыллях. Ён не мог гаварыць на вуліцы ў сырую пагоду і ўсё жыццё трымаўся жорсткай дыеты.
Ён пісаў, пераадольваючы фізічную немач. Але, каб не вайна, невядома, ці стаў бы Мележ пісьменнікам. Прынамсі, пісьменнікам беларускім.
Хойніцкі год
Ён, вучань беларускіх школ у родных Глінішчах, а пасля Алексічах і Хойніках, захапляўся літаратурай, пачаўшы ад прыгодніцкіх аповесцяў Янкі Маўра. Яго падлеткавае апавяданне пра смелага пагранічніка надрукаваў дзіцячы часопіс «Іскры Ільіча» (будучая «Бярозка»). Яго юнацкі верш «На сенажаці» дружна абсмяялі калегі на канферэнцыі маладых пісьменнікаў у Мінску ў 1938-м.
Пасля школы ён падае дакументы ў Маскоўскі інстытут філасофіі, літаратуры і гісторыі, дзе вучыліся Аляксандр Твардоўскі, Аляксандр Салжаніцын, Канстанцін Сіманаў. Хоць выдатнікаў мусілі прымаць без экзаменаў, Мележу нават не адказалі. Папрацаваўшы год кіраўніком аддзела піянераў у Хойніцкім райкаме камсамола, ён ізноў падае дакументы ў Маскву — і дабіваецца залічэння.
Вучоба была кароткай, неўзабаве Івана прызываюць у войска. Дзмітрый Бугаёў, аўтар першага вялікага даследавання творчасці Мележа, лічыў, што той хойніцкі год, які малады камсамольскі сакратар выездзіў на «персанальным веласіпедзе» па навакольных вёсках, даў яму болей пісьменніцкага багажу, чым літаратурны інстытут.
«Мяне ратуе нікчэмны выпадак»
Сярод класікаў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, якія прайшлі войны, было многа артылерыстаў. У рускай літаратуры «артылерысцкая» традыцыя ідзе ад Льва Талстога з яго «Севастопальскімі расказамі» ды ад лермантаўскага «Барадзіна». У беларускай яе запачаткаваў Максім Гарэцкі з яго Лявонам Задумай на імперыялістычнай вайне. Ужо на Другой сусветнай камандаваў узводам «саракапятак» Васіль Быкаў, зенітчыкам быў Іван Шамякін. Двойчы прайшоў з цяжкімі гаўбіцамі праз усю Украіну і Іван Мележ.
Пасля вучэбкі пад Данецкам іх паслалі займаць Паўночную Букавіну і Бесарабію. Сённяшняя расійская прапаганда любіць папракаць Польшчу міжваеннымі грахамі — захопам горада Цешын у Чэхаславакіі — забываючыся, як у 1939-м і 1940-м СССР выставіў тэрытарыяльныя прэтэнзіі Фінляндыі і Румыніі. У адрозненне ад фінаў (пра савецка-фінскую вайну гл. артыкул Андрэя Акушкі ў № 11/2019 «Нашай гісторыі»), румыны ваяваць з саветамі не наважыліся, пасланыя Масквой войскі занялі Паўночную Букавіну (цяперашняя Чарнавіцкая вобласць Украіны) і Бесарабію (цяперашняя Малдова без Прыднястроўя) без бою. Адтуль, ад малдаўскай мяжы, Мележ у 1941-м будзе адступаць з разбітымі савецкімі часцямі аж да Растова-на-Доне.
Першыя тыдні і месяцы вайны выклікалі ў маладога салдата шок: «Хто б мог падумаць, што ўсё так павернецца?» Пасля першых сутыкненняў ад батарэі Мележа засталося каля дваццаці чалавек.
«Самае страшнае: жыццё на вайне залежыць ад выпадковасці, ад капрызу лёсу. Ад нейкай драбніцы. Якую ні прадбачыць, ні ўгадаць… Ужо некалькі разоў мяне ратуе нікчэмны выпадак. Але так не можа быць доўга. Недзе я падстаўлю сябе…» — пісаў ён у дзённіках 1941-га.
Адзін раз па сланечнікавым полі за некалькі крокаў ад яго праехаў нямецкі танк, не заўважыўшы. Іншым разам асколак забіў салдата, што заняў яго звычайнае месца каля гарматы. А неяк у данецкім стэпе іх батарэю на маршы, палічыўшы за немцаў, абстраляла свая ж авіяцыя.
«Дзе нашы? Дзе наша браня?» — увесь час перапытвае ён сам у сябе. Прайшоўшы палову Украіны ад Стрыя пад Львовам да Умані, Мележ не сустрэў ніводнага савецкага танка ці самалёта. «Раз-пораз у высокім небе пралятаюць нямецкія самалёты. І ні аднаго нашага. Дзе яны падзеліся?» — такія небяспечныя для палітработніка пытанні з’яўляюцца калі-нікалі ў дзённіках. Як і захапленне трафейным нямецкім аўтаматам: «Нам бы такія!»
Асколак
Разуменне, што і яго ўрэшце зачэпіць, спраўдзілася 20 чэрвеня 1942 года падчас бамбёжкі Растова: Мележа цяжка параніла асколкам авіябомбы ў плячо. Пачыналася гангрэна, і, калі б не хірург Антонаў, Мележу ампутавалі б усю руку. Але той хірург, насуперак меркаванню калег, вырашыў рызыкнуць: выдаліў толькі плечавы сустаў.
Усё далейшае жыццё рука Мележа вісела на мышцах і сухажыллях, ад таго правае плячо выглядала карацейшым, а пастава здавалася трохі нахіленай управа.
Рука спачатку не дзейнічала наогул, але з часам Мележ распрацаваў яе да таго, што змог пісаць і кіраваць аўто.
Пасля рэабілітацыі ў шпіталях Тбілісі і Есентукоў яму далі шэсць месяцаў адпачынку і даведку на атрыманне часовай пенсіі «па месцы жыхарства». Гэта выглядала іроніяй: Беларусь тады была пад немцамі.
Не меўшы куды падацца, Мележ паехаў «паглядзець Расію» — радзіму класікаў рускай літаратуры. У заплечніку ляжалі тры тамы «Ціхага Дона» Шолахава — кнігі, якой ён захапіўся ў шпіталі і якую перачытваў да канца жыцця.
Другім любімым пісьменнікам быў Леў Талстой. У Мележа заўважаецца такое: калі ўжо пісаць, то «Вайну і мір». Колькі разоў, скончыўшы чарговы раман, Мележ заракаўся, што нарэшце адпачне, зоймецца апавяданнямі, п’есамі, але імкненне да вялікіх формаў і вялікіх тэм перамагала.
Бугуруслан і Пятровы
У дарозе з Баку на Куйбышаў Мележ вырашыў заехаць у горад Бугуруслан на мяжы сённяшніх Арэнбургскай і Самарскай (тады — Чкалаўскай і Куйбышаўскай) абласцей Расіі. У Бугуруслане было даведачнае бюро для эвакуіраваных — шанец даведацца штосьці пра родных. Мележ затрымаўся, не ў апошнюю чаргу таму, што ў бюро працавала картатэччыцай 22-гадовая Лідзія Пятрова.
У Пятровых Мележ і закватараваў. Увесь Бугуруслан быў тады перавалачным пунктам для тых, хто ехаў на фронт, з фронту, у эвакуацыю. «Адны выязджаюць, другія селяцца», — успамінала Лідзія. У іх доме пастаянна жылі 9 чалавек бежанцаў. Іван Мележ сярод гэтых часта досыць прыземленых асобаў «здаваўся чалавекам з іншага свету». Яго вылучалі адухоўленасць і вобраз рамантычнага героя: бледнасць, худзізна, перавязаная рука. Віліся даўнавата не стрыжаныя валасы. За спінай быў рэчмяшок з «Ціхім Донам».
У Бугуруслане Мележ, які атрымаў другую групу інваліднасці і мог не вяртацца на вайну, паступіў у Малдаўскі педінстытут, таксама сюды эвакуіраваны, і адначасова працаваў ваенруком. А ў вольны час катаўся на лыжах з высокіх узгоркаў, трымаючы правую руку на перавязі.
Нягледзячы на калецтва, ён быў заўважным.
Дзяўчаты бегалі за ім, прыходзілі ў госці, навязваючыся ў «сяброўкі» Лідзіі, пісалі запіскі непрыхаванага зместу. Але Мележ быў з Лідай. Хоць часам іх сяброўства «перарывалася без асаблівых прычын, без спрэчак і скандалаў, проста ў сілу разыходжання поглядаў».
Мележ добра маляваў і вечарамі прымушаў Ліду пазіраваць. Змораная на працы, яна, бывала, засынала — і тады атрымлівала «сонны партрэт». Ён не расказваў Лідзе пра вайну, болей пра сваю радзіму.
«Лепей бы ажаніўся з беларускай»
Яны пажаніліся ў 1943-м, нікому не сказаўшы, без вясельнай урачыстасці. Ліда не ўзяла Іванавага прозвішча, засталася Пятровай. І праз трынаццаць год Мележ гэта ёй прыпомніў, падпісваючы кнігу. Трынаццаць год гэта яго мучыла, перш чым сказаў — такі меў характар.
Ён змалку быў вельмі датклівы. У пяць год, укрыўдаваўшы на маці за нейкі пляскач, ён сышоў з дому і праз балота знайшоў дарогу да дзеда Дзяніса ў суседнюю Каранёўку. Прыйшоў туды пад вечар. Дзед падхапіў малога і кулём павёз назад да напалоханай мацеры.
Ва ўспамінах жонка прызнаецца, што бывалі перыяды, калі ёй здавалася, што лепш бы Іван ажаніўся з беларускай, а яна ўладкавала сваё жыццё іначай. Яна так і не палюбіла Глінішча, радню мужа. Сакрэтам жыцця з ім было, па яе словах, «умець не ўмешвацца, не перашкаджаць». Але Мележ шанаваў яе за рэзкасць і праўдзівасць да яго творчасці — яна не была ўдзячным чытачом, хутчэй прыдзірлівым і злосным.
Пятровы мелі свае «літаратурныя традыцыі». Іх сямейная легенда сведчыла, што нейкая з прабабуль служыла ахмістрыняй у маёнтку пісьменніка Сяргея Аксакава. А саму Ліду выключылі з камсамола за чытанне выдадзеных да рэвалюцыі кніг са скрынкі на гарышчы. А ў лік забароненых у СССР 1930-х траплялі і Фёдар Дастаеўскі, і Тэадор Драйзер.
Калі Мележ прызнаўся, што хоча быць пісьменнікам, Ліда засмяялася: досыць у нашай сям’і і аднаго. Яна мела на ўвазе сваю маці Клаўдзію Іванаўну, што ўсё парывалася апісаць у кнізе свае прыгоды з мужам на франтах Грамадзянскай вайны.
Той смех Лідзіі Іван запомніў на ўсё жыццё.
Студэнцка-выкладчыцкі побыт тых часоў быў галаднаваты. Сустракаючыся, супрацоўнікі інстытута замест «Як справы?» віталіся словамі «Як агарод?». Уратаваннем ад голаду ў тылавым гарадку з дарагім кірмашом былі агароды, лес з грыбамі і ягадамі, рака Кінель з рыбай. Дровы самі рэзалі сабе ў лесе.
Сходня-Узыходня
Калі ў пасёлку Сходня пад Масквой аднавіў працу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Мележ вырашыў перавесціся туды вучыцца. Жонка прасіла не кідаць яе адну, хворую і цяжарную. Але Мележ быў цвёрды ў рашэннях. Аказалася, ён ужо цішком здаў экзамены за два першыя курсы і быў прыняты ў БДУ на трэці. Скончыўшы збор ураджаю на іх гародзе, ён выправіўся ў Сходню.
Да сям’і Мележ вярнуўся на зімовыя канікулы, у лютым, калі дачцэ Людзе быў месяц, і пастанавіў, што трэба ім разам перабірацца ў Сходню. Гэта было, як пісала пасля Лідзія, «несколько безрассудно»: дома было цёпла, жонцы маглі дапамагчы з малой. Не было ні грошай на дарогу, ні жытла ў Сходні. Але Мележ настаяў. Яны з боем убіліся ў тамбур маскоўскага цягніка. Пачуўшы плач дзіцяці, пасажыры пусцілі Лідзію з малой у вагон. Мележ ехаў у тамбуры да самай Масквы.
Цікава, што свайму аднакурсніку Міколу Лобану ён напярэдадні апісваў, як жонка з дачкой прагне пераехаць з Бугуруслана да яго.
У Сходні давялося жыць у прахадным пакоі, адгароджаным прасцінай ад побыту іншых студэнтаў-беларусаў. Есці варылі ў пагнутым салдацкім кацялку: багаж з усімі іх рэчамі і дарагім хатнім архівам — лістамі, фота з першых гадоў іх адносін — згубіўся па дарозе ў Маскву. Не было манкі, малака. Замест цукру ўжывалі здабыты дзесьці хімічны сіроп на сахарыне, прызначаны для газаванай вады. Але Іван Мележ тут быў сярод сваіх. У Сходні ён пачынае весці па-беларуску запісныя кніжкі, у яго заўважна лепшае настрой.
У Маскве Мележ пазнаёміўся з Кузьмой Чорным, які жыў у эвакуацыі ў гасцініцы «Якар». Дакладней, адзін з найлепшых беларускіх празаікаў дажываў, страціўшы здароўе ў катоўнях НКВД, дзе аб яго геніяльную галаву білі бутэлькі. «Трэба, хлопцы, пісаць. Наша літаратура панесла вялікія страты», — казаў ён пачаткоўцам. Бедаваў, што няма прозы: аўтары ненапісаных раманаў склалі галовы ў Курапатах. Мележ паказаў Чорнаму свае апавяданні і атрымаў бласлаўленне: «У Вас ёсць талент, і Вы дбайце аб ім». Чорны мякка пакрытыкаваў хібы: параіў сачыць за псіхалагічным абгрунтаваннем учынкаў герояў і за чысцінёй мовы.
Ліст Чорнага Мележ захоўваў усё жыццё ў шкатулцы сярод самых каштоўных дакументаў.
А з мовай Мележу і сапраўды давялося папрацаваць. Вось прыклад яго дзённікавага запісу з 1940-х: «Засценчывыя людзі, звычайна, маюць багатае ваабражэнне».
Калі б не рашэнне вырвацца з гасціннага, але чужога Бугуруслана, вярнуцца ў беларускую стыхію, магчыма, Мележ і не стаў бы пісьменнікам. Жыў бы сабе ў перадгор’ях Паўднёвага Урала заслужаны работнік адукацыі і інвалід вайны, пастаянны аўтар «Бугурусланскай праўды».
Сходню Мележ пазней называў «Узыходняй».
Той перыяд, пакеплівала Лідзія, быў адзіным, калі яна «бачыла часам Івана Паўлавіча, занятага хатняй працай». Так то ён увесь час аддаваў літаратуры. Муж, успамінала яна, умеў гатаваць дзве стравы: кашу і бульбу ў лупінах. Аднойчы, застаўшыся з малой, напаіў яе сырой вадой з-пад крана, калі малака не хапіла. Абышлося.
З часам, калі Мележ атрымаў у БДУ пасаду ваенрука, сям’я пераехала ў палову дачнага дамка, арандаванага для супрацоўнікаў. Умовы там былі не такія спартанскія, як у інтэрнаце, але дачцэ ўсё адно даводзілася спаць на чамадане. У дворыку перад хатай Мележ пасадзіў бульбу.
Гэта быў іх апошні маскоўскі адрас. Адразу пасля вызвалення Мінска Мележ вярнуўся туды з універсітэтам.
Не той напрамак
Была кніга, якую Мележ пісаў усё жыццё. Раман «Мінскі напрамак» ён пачаў у 1947-м, у 26 год.
Гэта быў час, успамінаў ён, калі пра вайну гаварылася, што «не трэба вярэдзіць раны», калі мала што пра яе было напісана. У першыя пасляваенныя гады перамога ўспрымалася без пазнейшай бравурнасці, 9 Мая шырока не адзначалася. Сталін адчуваў глухое незадавальненне франтавікоў, якія пабачылі, што перасталі быць для ўлады «братамі і сёстрамі», ледзь толькі адгрымелі залпы салютаў.
Мележ у рамане апісвае аперацыю «Баграціён», вызваленне Беларусі, і таго, хто гэта рэалізаваў, — палкаводца Івана Чарняхоўскага. Пісьменнік працаваў пяць гадоў, перагартаў архівы, сустракаўся са сведкамі падзей. Але ўсё ж сам ён ніколі не бываў ні ў штабе фронту, ні ў партызанскім атрадзе. А можа, паранены ў часе адступлення, яшчэ да бітвы пад Масквой і пералому ў вайне, не лавіў настрою 1944 года. Да таго ж напісаць і праўдзівы, і адначасова ідэалагічна вывераны твор пра вайну было проста немагчыма. Гэта добра ілюструюць ганенні на Быкава.
Але і не выпісаць ваенны досвед Мележ не мог. І тут не толькі асабістае.
Ён лічыў, што беларусы як ніколі адчулі сябе народам у змаганні з фашызмам.
26-гадовы пачатковец замахваўся напісаць «Вайну і мір» — кнігу, у якой была б не толькі «лакальная акопная праўда», а «ўся праўда вайны».
Раман крытыкавалі з розных бакоў. Рэцэнзент Іван Кудраўцаў разнёс у ЛіМе першую частку кнігі. «Сапраўдных партызан, якія стваралі партызанскія зоны, няма ў творы Мележа», — закідаў крытык. (А тыя «сапраўдныя партызаны» пасля вайны парабіліся ў БССР вялікім начальствам.) Мележ да канца сваіх дзён не дараваў Кудраўцаву. З яго пасмейваўся Шамякін, які ўмеў жыць дружна са сваімі крытыкамі.
Але і Алесь Адамовіч, адзін з найлепшых літаратуразнаўцаў эпохі, адчуваў, што з раманам штосьці не тое: «Не тая мера эстэтычнай першаснасці матэрыялу, псіхалогіі, быту; нестае ва ўсім таго праклятага «ледзь-ледзь», ад якога ў мастацтве ўсё залежыць», — пісаў ён.
Ледзь скончыўшы раман, Мележ пачаў яго перапісваць. Вяртаўся ён да «Мінскага напрамку» і выдаўшы «Людзей на балоце», і ў апошнія гады жыцця. Дадаваў у яго па цэлай кнізе, перарабляў: «Хачу, каб раман быў на маім узроўні».
Чаму не ўдаваўся «Мінскі напрамак»? Па той самай прычыне, лічыць гісторык Анатоль Сідарэвіч, па якой не вытрымалі выпрабавання часам «Векапомныя дні» Міхася Лынькова ці шамякінскі «Петраград — Брэст», — праўда жыцця канфліктавала з патрабаваннямі літаратуры «сацыялістычнага рэалізму». Пісьменнік мусіў выбіраць: або апяваць партыю і падкрэсліваць ролю яе мудрага кіраўніцтва ва ўсіх справах — і гэта непазбежна ператварала твор у адарванае ад рэальнасці нудоцце, — або пісаць праўдзіва і стаць «клеветником», пазбыцца ўсіх дабротаў ды прывілегій і да канца жыцця (ці да «пакаяння») пісаць у стол, спадзеючыся, што некалі прыйдзе час для публікацыі.
Андэрдог
«Людзі на балоце» нарадзіліся з задумы напісаць аповесць пра меліяратараў Палесся. А ў самым пачатку, расказваў Мележ артыстам, якія гралі ў фільме паводле рамана, было апавяданне пра тое, як дзяўчына кахалася з хлопцам, а выйшла за багатага і ўсё жыццё мучылася. А потым матэрыял выйшаў з-пад кантролю.
Ад 40-гадовага Мележа вялікіх здзяйсненняў не чакалі. Ну, напісаў чалавек прахадны раман пра вайну (дырэктар выдавецтва не хацеў нават плаціць за «Мінскі напрамак» па вышэйшай стаўцы, бо «прыносіць суцэльныя страты»), напісаў аповесць «Гарачы жнівень», канфлікт у якой — спрэчка дзвюх брыгадзірак за жняярку… Калі Мележ аддаў у «Полымя» новы ёмісты рукапіс, Ян Скрыган і Янка Брыль адразу пачалі казаць: «Іван, глядзі, можа, скарачай…», а Анатоль Вялюгін засмяяўся: мо лепей было б, каб раман згарэў падчас нядаўняга пажару ў кватэры Мележа.
Але, расчытаўшыся, той самы Скрыган наадрэз адмовіўся штосьці скарачаць.
«Людзі на балоце» нечакана паставілі сярэдняй рукі празаіка Івана Мележа ў адзін шэраг з Якубам Коласам і Кузьмой Чорным. Мележ стварыў настолькі моцныя і рэалістычныя, глыбока нацыянальныя характары, што ў Глінішча пасля прыходзілі лісты Васілю і Ганне ад чытачоў.
«Людзі на балоце» не толькі і не столькі пра палескую вёску Курані. Мележ апісаў цывілізацыйны злом, які перажыла Беларусь у 1920—1930-я, наступствы якога мы адчуваем дагэтуль.
Ганна, якая выбірае паміж аднаасобнікам Васілём, кулаком Яўхімам, актывістам Міканорам і сталіністам Башлыковым, на якую заглядаюцца ліберал-ленінец Апейка і пачвара Дубадзел, — нібы сама Беларусь 1920-х на раскрэсах дарог.
Мележ праўдзіва апісваў калектывізацыю і ўпіраўся ўжо ў тэму сталінскіх рэпрэсій.
Ён намякнуў на іх, апісваючы лёс маладога паэта Алеся Маёвага ў «Подыху навальніцы». (Каб выпісаць той сюжэт, ён раз злавіў на алеі ў парку Горкага пісьменніка Сяргея Грахоўскага, які прайшоў ГУЛАГ, і некалькі гадзін распытваў, як выглядалі Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі, іншыя знішчаныя пісьменнікі 1920-х, як і дзе яны жылі.)
Нараджаўся канфлікт паміж праўдай жыцця і партыйнай цэнзурай. У зацемках наступных раманаў Мележ планаваў паказаць «псіхоз» масавых рэпрэсій. На першыя ролі меўся выйсці старшыня сельсавета Дубадзел, насупраць прозвішча якога Мележ пазначыў: «Паказаць, як разгортваецца погань у такія моманты». І Апейка, і яго праціўнік Башлыкоў былі б рэпрэсаваныя — і ў пакутах праявіўся б характар кожнага. Дубадзел раскулачыў бы Ганну, помсцячы за тое, што не адказала яму ўзаемнасцю.
Цяжка было б чакаць іншага ад цыкла раманаў пра пакуты сялянства. Але як Мележ надрукаваў бы гэта ў сярэдзіне 1970-х? Ці пайшоў бы на рызыку стаць дысідэнтам? Магчыма, нявырашанасць гэтага пытання і зацягвала працу з «Палескай хронікай».
Фінал «Хронікі» меўся быць біблейскі: у Курані ці то з высылкі, ці то з вайны вяртаецца Васіль і, гледзячы на палоску калгаснай зямлі, за якую некалі біўся і з-за якой ахвяраваў каханнем, разумее марноту пражытага.
«Вайна і вёска» — так папікалі пісьменнікі пакалення 1980—1990-х за тэматычную аднастайнасць старэйшых калег. «Ганна завіхалася ля печы», — паддражніваў Уладзімір Караткевіч. Але гэта былі прэтэнзіі да эпігонаў. «Людзі на балоце» — раман еўрапейскага ўзроўню, які роўна чытаўся і ў Беларусі, і ў Польшчы, і ў Фінляндыі.
Мележ і сказаў неяк, што палешукі яму нагадваюць фінаў.
Бясшумна гатавала яму чай
Жыццёвым прыярытэтам Мележа была творчасць. І побыт сям’і ён арганізоўваў у адпаведнасці з гэтым. Вясной і восенню, у сырую пару, калі хворыя лёгкія не дазвалялі Мележу працаваць у Мінску, ён ехаў у Ялту. Не шкадаваў грошай на пералёты самалётам, бо гэта дазваляла ашчадзіць час.
Побытавыя пытанні дапамагала вырашаць Клаўдзія Іванаўна — маці Лідзіі і «хатні бог» сям’і Мележаў, як трапна назвала яе паэтэса Эдзі Агняцвет.
Клаўдзія Іванаўна была выпускніцай царскай гімназіі. Яе муж, чырвоны камандзір, памёр праз год пасля нараджэння Ліды, сям’ю яна цягнула сама. Пасля перанесла сваю энергію на сям’ю дачкі.
У тым, што Мележ пражыў хоць 55 гадоў, была вялікая заслуга яго цешчы.
«25 гадоў строгага рэжыму і строгай дыеты — гэта патрабавала надзвычайнай сілы волі ад хворага. І гэта подзвіг для таго, хто забяспечваў такі рэжым, гатаваў дыету, адварваў лекавыя травы», — захапляўся Шамякін.
Мележ прачынаўся а 4—5 раніцы, тут жа падхоплівалася Клаўдзія Іванаўна, бясшумна гатавала яму чай.
І ў 80 гадоў з хворымі нагамі, у летнюю спёку яна ездзіла на рынак купіць дыетычных прадуктаў, калі дачцэ нездаровілася, і зяць пісаў.
«Калі мяне лечыць Клаўдзія Іванаўна, я адчуваю сябе лепш», — казаў Мележ, чарговы раз трапіўшы ў бальніцу.
Мінскія адрасы Мележа
У Мінску адразу пасля вайны Мележы спачатку жылі ў аднапакаёўцы на вуліцы Клары Цэткін, у цагляным доме выкладчыкаў універсітэта. Пасля пераехалі ў пісьменніцкі дом на Ульянаўскай, 29, дзе жылі Пятрусь Броўка, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Піліп Пестрак — тут Мележы дзялілі камуналку з удавой Кузьмы Чорнага. Калі быў здадзены «пісьменніцкі дом» на Карла Маркса, 36, Мележу далі там трохпакаёўку. Тут ён, успамінаў Ян Скрыган, «парушыў стандарты размяшчэння кабінета».
Звычайна пісьменнікі ставілі стол перад акном і сядалі спінай да пакоя, маючы перад вачамі сцяну дома на процілеглым баку вуліцы. Мележ сцяну ад вуліцы зацягнуў мяккай цёмна-зялёнай драпіроўкай і сеў тварам да кабінета. Пісьмовы стол яго быў «не тутэйшы, лакаваны цёмна-рудым колерам, з авальнымі краямі, з угнутым паглыбленнем для рабочага месца, з палічкамі ў тарцовых сценках пад кнігі, што скрозь трэба мець напагатове… Увесь тлум вонкавага свету аставаўся за драпіроўкай, а тут — свой свет, свая святая святасць». З дапамогай драпіроўкі нават удзень у кабінеце можна было зрабіць прыцемак ці ноч.
У 1964-м Мележ перабраўся ў большую кватэру на Інтэрнацыянальнай, 26, у дом над тагачасным рэстаранам «Патсдам». Але, прыглядаючы яе, не ўлічылі блізкасці трамвайнага кола. І кожны раз, «калі трамвай на выездзе з плошчы Свабоды доўга і тонка звінеў, — па Мележавым твары праходзіў боль». Апроч таго, за сценкай трэніраваўся пачатковец-піяніст.
Урэшце Мележ, які ненавідзеў шум і пакутаваў ад бяссонніцы, пераехаў у дом на Купалы, 7, у кватэру з кабінетам, «напоўненым высокім святлом».
І дачу пад Мінскам, у Ждановічах, Мележ нагледзеў, спадзеючыся на творчую цішыню і адсутнасць гарадскога тлуму. Праўда, і тут бывалі неспадзяванкі. Па суседстве на лецішчы жыў цесць аднаго музычнага дзеяча, які трымаў вялікага сабаку. Сабака брахаў удзень і выў уначы, прымушаючы Мележа пакутаваць ад бяссонніцы. Спробы дамовіцца плёну не далі — гаспадар сабакі пасля стаў адным з правобразаў старога Глушака ў «Людзях на балоце».
Дачы ў Ждановічах пісьменнікам удалося атрымаць выпадкова. Міністэрства будаўніцтва ставіла дачны пасёлак для «сваіх», гэта стала вядома, і адказныя чыноўнікі паабяцалі выдзеліць частку дамкоў пісьменнікам і вучоным. Мележ і Шамякін узялі ўчасткі па суседстве.
Іван Паўлавіч і Іван Пятровіч
З усіх калегаў па прафесіі Мележ найлепей сябраваў з Шамякіным. Яны былі аднагодкі, выхаванцы камсамола і партыі, якія мыслілі падобна і не ўяўлялі жыцця па-за савецкай сістэмай. Хоць мала б знайшлося такіх непадобных характарам людзей: жывы таварыскі Іван Пятровіч, аматар выпіць у вясёлай кампаніі і паспаць дапазна, і аскетычны, змрачнаваты Іван Паўлавіч, «рабочы кашаль» якога Шамякін чуў за сцяной а 5-й гадзіне раніцы, калі Мележ сядаў за стол у кабінеце.
Балкончыкі іх дачных дамкоў глядзелі адзін на аднаго, і ўранку пісьменнікі выходзілі на іх вітацца. Пры гэтым Шамякін «эгаістычна спадзяваўся», што Мележ не пачне гаворку пра свае хваробы ці сваю творчасць — інакш гэта пагражала стратай некалькіх гадзін.
Іван Паўлавіч любіў паразважаць «пра сваё»: што пішацца, што не, як пісаць, як не пісаць.
Яны пачалі са шчырага сяброўства, але з гадамі адносіны пахаладнелі. Прычынай, пісаў Шамякін, былі пісьменніцкія інтрыгі: маладзейшыя, змагаючыся за ўладу ў СП, спрабавалі, следам за Броўкам, сапхнуць з пасады Шамякіна, заручыўшыся дзеля гэтага падтрымкай Мележа.
Адкрыта яны не сварыліся, але з’явіўся недавер: кожны думаў, перш чым шчыра выказацца пра кагосьці з калегаў-літаратараў у прысутнасці другога.
Мележ быў чалавекам настрою, не пазбаўленым, як пісаў Шамякін, «некаторай падазронасці… напэўна, вынік яго цяжкай хваробы — нефрыту нырак».
За год да смерці пісьменніка міністр аховы здароўя БССР, акадэмік, уролаг Мікалай Саўчанка па сакрэце сказаў Шамякіну, што ныркі Мележа вычарпалі рэсурс і яго трымаюць толькі на моцных леках. Ад перасадкі ж Мележ адмовіўся. Шамякін тады мо ўпершыню жахнуўся: перад ім быў чалавек, які не меў заўтрашняга дня. Бо Мележавы скаргі на здароўе чулі ўсе і ўспрымалі як перабольшанне і нават хітрасць, якая дазваляла не браць грамадскай нагрузкі.
Апошні палёт
«Мне сніцца, што я лятаю. Дарэчы, мне і цяпер — праз сорак гадоў — сніцца гэта. Проста няёмка!» — натаваў Мележ.
У апошнія гады, прадчуваючы канец, ён многа пісаў: перарабіў зноў «Мінскі напрамак» (лепей бы «Палескую хроніку» скончыў, бурчаў Брыль), напісаў «Завеі, снежань», падрыхтаваў кнігу публіцыстыкі і крытыкі.
На 55-годдзе, адзначанае ў Купалаўскім тэатры, Мележ уразіў прысутных сваёй прамовай. Замест традыцыйнай у такіх выпадках падзякі роднай партыі і ўраду ён пачаў з цёплых слоў народнаму хору яго вёскі Глінішча, што за трыста кіламетраў на калгасным пазіку прыехаў паспяваць земляку яго любімую «Шумяць вербы каля грэблі».
«Я адчуваю, што тымі сваімі кнігамі, якія вы ведаеце, я расказаў, можа, толькі адну тысячную таго, што я перажыў, што я бачыў у жыцці і што адчувае маё сэрца…» — казаў ён.
У апошніх запісах Мележ параўноўваў сябе з надламанай галінай, поўнай зялёных яблыкаў, задумаў новых твораў, якія згінуць разам з ім.
1 жніўня 1976-га Шамякін пабачыў з дачнага акна, як сусед, выганяючы машыну з гаража, ледзь не ўехаў у слуп. Вылез, вяла махнуў рукой. Мележ пачуваўся блага, але саромеўся выклікаць хуткую. За руль села жонка, яны паехалі ў мінскую кватэру, адкуль яго і забралі ў бальніцу. Мележ яшчэ мацаваўся, жартаваў да дачкі, што прыйшла адведаць: «Мне не адзінока, са мною мая Соня». Так ён называў партатыўны прыёмнік Sony, куплены падчас замежнай паездкі.
9 жніўня жонка Шамякіна пачула, як у гародзе плакала цешча Мележа: «Памрэ Іван Паўлавіч!» У той самы дзень яго не стала.
За месяц да смерці, насуперак меркаванню дактароў, Мележ паехаў у Ялту — быццам развітацца. Вялікая частка яго твораў была напісаная тут, у Місхоры, у санаторыі «Беларусь». Таксама ў Ялце пахаваны Максім Багдановіч, якім Мележ захапляўся і з лёсам якога адчуваў сугучнасць.
Развітанне з Глінішчам яму трохі раней падараваў кіраўнік Беларусі Пятро Машэраў, загадаўшы верталётчыкам падчас палёту з пісьменнікамі на Палессе прызямліцца на Мележавай радзіме.
Вядома, сюрпрыз усхваляваў і парадаваў Мележа, які ў верталёце ўжо сядзеў разам з доктарам. І адначасова пісьменнік мог зблізку пабачыць рэальныя вынікі меліярацыі Палесся, якую называў «вялікай нацыянальнай тэмай»: «За некалькі дзясяткаў гадоў зямля згалела, нібы пасля ледавіка. На багата кіламетраў ва ўсе бакі праглядваецца плоская раўніна, на якой няма за што зачапіцца воку».
Злепак рэчаіснасці, якой ужо ніхто не пабачыць, застаўся ў «Палескай хроніцы».
-
Беларускі інстытут публічнай гісторыі вярнуў яшчэ адно імя ахвяры камуністычнага тэрору
-
Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі
-
У 1942 годзе ў Магілёве здарылася буйная тэхнагенная аварыя. Гісторык падрыхтаваў пра яе кнігу
Каментары