У арганізатаркі выставы пра медыкаў прайшоў ператрус. Яна не выходзіць на сувязь
У здымнай кватэры ў актывісткі і аднаго з арганізатараў выставы пра беларускіх медыкаў «Машына дыхае, а я — не» Наталлі Трэнінай прайшоў ператрус, падчас якога канфіскавалі тэхніку. Цяпер дзяўчына не выходзіць на сувязь. Пра гэта паведаміў яе хлопец Цімур, паведамляе Tut.by.
У другой палове дня 5 красавіка Наталля Трэніна перастала выходзіць на сувязь. Па словах яе хлопца, у іх кватэры прайшоў ператрус. Канфіскавалі два ноўтбукі, адзін з якіх належыць Цімуру, а таксама цвёрдыя дыскі хлопца.
Наталля Трэніна — актывістка асветніцка-сацыяльнага грамадскага аб'яднання «Звяно» і па сумяшчальніцтве адна з арганізатараў выставы «Машына дыхае, а я — не». Экспазіцыя запрацавала ў прасторы «Месца» на Рэвалюцыйнай 30 сакавіка, а ўжо 1 красавіка санстанцыя і МНС знайшлі ля пляцоўкі парушэнні, таму выставу давялося закрыць.
Афіцыйнай інфармацыі аб сітуацыі пакуль няма.
Выстава «Машына дыхае, а я — не» прысвечаная беларускім медыкам і выклікам, з якімі яны сутыкнуліся за апошні год: пандэміяй COVID-19 і палітызацыяй сістэмы аховы здароўя. Аўтары работ, прадстаўленых на выставе, — вядомыя фатографы і мастакі. Куратары праекта-платформа SHKLO+, арганізатары — грамадскае аб'яднанне «Звяно».
Каментары