Калі тысячы чалавек пайшлі ў атаку на АМАП — судзяць удзельнікаў масавых пратэстаў 9 жніўня ў Пінску
23 сакавіка ў Брэсце пачаўся разгляд крымінальнай справы па артыкуле аб «масавых беспарадках» у Пінску 9 жніўня, піша Tut.by.
Абвінавачанымі па справе праходзяць 14 чалавек. Артыкул на ўсіх адзін — ч. 2 арт. 293 КК, гэта масавыя беспарадкі. Санкцыя прадугледжвае толькі пазбаўленне волі — на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.
У аўторак у суд прывезлі 13 абвінавачаных, яшчэ адзін прыехаў з Пінска сам: ён пад хатнім арыштам. Усе яны — жыхары Пінска ва ўзросце ад 19 да 44 гадоў. Абвінавачаныя, якія былі пад вартай, падчас следства сядзелі ў СІЗА Баранавічаў, пазней іх перавезлі ў Брэст.
Паводле версіі абвінавачвання, 9 жніўня мінулага года ўсе абвінавачаныя ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынка Пінскага гарвыканкама, груба парушылі грамадскі парадак, учынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі — дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагментамі тратуарнай пліткі і бетонных парапетных пліт, бутэлькамі, камянямі, металічнымі вырабамі і арматурай. Пасля гэтага наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якія належалі міліцыі, фізічным і юрыдычным асобам.
Сваякоў абвінавачаных берасцейцы рассялілі за 4 гадзіны
Раніцай 23 сакавіка каля дзвярэй залы суда сабраліся каля 30 чалавек — родныя і блізкія абвінавачаных. Яны прыехалі з Пінска, каб убачыць сваіх сыноў, мужоў, братоў у першы раз за сем месяцаў. У мінулыя выхадныя па брэсцкіх тэлеграм-чатах прайшла інфармацыя аб тым, што пінчукам патрабуецца дапамога з пошукам жылля. Адны прасілі даць прытулак ім на ўвесь працэс, іншыя — на пару дзён. Берасцейцы адгукнуліся — і за чатыры гадзіны «зачынілі» пытанне: хтосьці прапанаваў вольную канапу, хтосьці пакой, хтосьці прапанаваў аплаціць здымную кватэру.
Разгляд крымінальнай справы ідзе ў самай вялікай зале брэсцкага Палаца правасуддзя. Усіх 13 абвінавачаных размясцілі ў вялікім шкляным «акварыуме». Першымі ў залу прайшлі адвакаты, затым канвой прапусціў сваякоў. Апошнія чатыры месцы выдзелілі для супрацоўнікаў СМІ. Пацярпелых на першае судовае пасяджэнне не выклікалі.
Сярод абвінавачаных — муж і жонка Алена і Сяргей Маўшук, якія выхоўваюць двух непаўналетніх дзяцей. Паводле версіі абвінавачвання, у ноч з 9 на 10 жніўня Алена падышла да шэрагу сілавікоў і ўдарыла па шчытах рукамі, драўляным калом і палкай. На судзе яна сядзела на лавачцы ў «акварыуме», выглядаючы сярод прысутных у зале свайго мужа, які ў ноч з 9 на 10 жніўня кінуў у міліцыянтаў палку. Пасля затрымання Сяргей таксама некаторы час быў пад вартай, але ў снежні яго выпусцілі пад хатні арышт.
«Вырваў з клумбы кветкі з каранямі і грунтам — вырабіў прыладу злачынства»
У пачатку працэсу пракурор зачытаў, хто з пінчукоў у чым абвінавачваецца. Ляжэнка выламаў палку з лаўкі і нанёс ёю не менш за 10 удараў па супрацоўніках міліцыі, потым дастаў іншую палку і нанёс яшчэ не менш за тры ўдары. Багнавец выламаў кол для падвязкі дрэў і кінуў у сілавікоў. Халімончык шпурнуў у міліцыянтаў пластыкавую бутэльку і палку, нанёс не менш за два ўдары палкай. Гунько ўдарыў адзін раз рукой у шчыт, потым вырваў з клумбы кветкі з каранямі і грунтам, «вырабіўшы тым самым прыладу злачынства», і кінуў у сілавікоў. Туды ж кінуў і металічную скрыню. Шалямет кінуў у міліцыянтаў камень, пластыкавую бутэльку, падпалены пачак цыгарэт і дошку. Рагашчук кінуў нявысветлены прадмет, спрабаваў вырваць скрыню, не менш за пяць разоў ударыў палкай па супрацоўніках АУС. Рубец кінуў у шарэнгу міліцыянтаў жменю зямлі з клумбы і камень. Цярэшка кінуў палку і нявысветленыя прадметы. Богнат кінуў камень, фрагмент разбітай шкляной бутэлькі і нявысветлены прадмет. Міхайлаў біў нагой у шчыты, падняў бетонную паўсферу і шпурнуў яе ў бок міліцыянтаў. Масціцкі ўдарыў чатыры разы палкай. Салавей заклікаў дэмантаваць плітку, кінуў нявысветлены прадмет.
Па версіі пракуратуры, злачынства абвінавачаныя здзейснілі «ў групе з іншымі асобамі» — справу ў дачыненні да іншых, маўляў, выдзелілі ў асобную вытворчасць.
У выніку сямёра супрацоўнікаў міліцыі атрымалі менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, 6 — лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія пацягнулі за сабой кароткачасовае расстройства здароўя, 42 — лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя, 54 — пабоі. Сярод траўмаў — пераломы фаланг пальцаў, костак ступні, каронак зубоў, сінякі, ранкі, удары. Акрамя таго, абвінавачаным ставяць пагрозы і спробы ўжыць гвалт да 34 сілавікоў.
Прычыненую шкоду ацанілі ў 24 тысячы рублёў. Пашкоджаныя легкавы УАЗік, аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, кабура для пісталета Макарава, дубінкі, кайданкі, радыёстанцыі. Акрамя таго, знішчаны скрыні, слупкі, 4 туі, 30 петуній, 110 аксамітак і іншая маёмасць.
Да суда шкоду абвінавачаныя не кампенсавалі.
«Каб яны адышлі і перасталі ўжываць гвалт да людзей»
З 14 трое абвінавачаных сваю віну не прызналі, астатнія прызналі часткова. Некаторыя тлумачылі, што не збіраліся наносіць траўмы супрацоўнікам міліцыі, а білі толькі па шчытах, іншыя не згаджаліся з колькасцю нанесеных удараў. 19-гадовы Алег Рубец сказаў, што жменю зямлі ён кінуў «без якога-небудзь намеру».
Першым у судзе дапыталі Сяргея Ляжэнку. Абвінавачаны паведаміў, што 9 жніўня прыйшоў на вуліцу Леніна і заўважыў людзей, якія каля гарвыканкама чакалі абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. На вуліцы Заслонава стаяў шэраг супрацоўнікаў міліцыі. Бліжэй да ночы з паралельнай вуліцы выбеглі сілавікі са шчытамі і, па словах Пінчука, «пачалі збіваць людзей». Гэта яго абурыла, ён выламаў дошку і ўдарыў ёю па міліцэйскіх шчытах.
— Каб яны адышлі і перасталі ўжываць гвалт да людзей, — патлумачыў свае дзеянні Сяргей, дадаўшы, што міліцыянтаў ён не біў, а ўдары наносіў толькі па шчытах.
Калі сілавікі адышлі да будынка гарвыканкама, людзі пайшлі за імі. Нейкіх каманд або заклікаў з натоўпу праяўляць агрэсію да міліцыянтаў ён не чуў, але ў нейкі момант заўважыў, што людзі «пачалі ўжываць гвалт да супрацоўнікаў».
— Я гэта не вітаю, — сказаў абвінавачаны, дадаўшы, што аднаму пацярпеламу міліцыянту ён дапамог падняцца і адвёў яго за шчыты.
Сваю віну Сяргей прызнаў часткова. Ён пагадзіўся з тым, што наносіў удары палкай, але падкрэсліў, што біў па шчытах.
Пасля выступу Сяргея ў судзе абвясцілі перапынак. Пасля абеду пасяджэнне працягнулася допытам іншых фігурантаў справы.
Чакаецца, што разгляд крымінальнай справы зойме каля двух тыдняў.
Каментары