Кампанія Novavax прэзентавала канчатковыя вынікі клінічных даследаванняў вакцыны ўласнай вытворчасці. Згодна з імі вакцына прадэманстравала сваю эфектыўнасць супраць віруса Covid-19 і яго брытанскага штама, але аказалася менш дзейснай супраць паўднёваафрыканскага штама.
Гэтая інфармацыя ў асноўным супадае з прамежкавымі вынікамі даследаванняў, што былі прадстаўленыя ў канцы студзеня.
Высновы экспертаў — добры знак для Novavax, бо кампанія спрабуе атрымаць дазвол ад уладаў на распаўсюд вакцыны. Такі дазвол павялічыць магчымасці выбару вакцыны для краін, што спяшаюцца вакцынаваць сваіх грамадзян, але маюць праблемы з недахопам вакцын, піша The Wall Street Journal.
Гендырэктар Novavax Стэнлі Эрк паведаміў: «Нас вельмі натхняе тое, што падчас двух выпрабоўванняў вакцына NVX-CoV2373 не толькі цалкам абараніла ад самых цяжкіх форм хваробы, але і значна палегчыла ход хваробы пры яе лёгкай і сярэдняй формах цяжкасці».
Кампанія ўжо займаецца планаваннем распаўсюджвання вакцыны ў Еўропе, ЗША, Вялікабрытаніі і Канадзе.
Каментары