Большасць эканомік у заможных краінах перажывала летась заняпад праз пандэмію, але Ірландыя прадэманстравала рост. Прычына — росквіт фармацэўтычных і тэхналагічных кампаній, якія Ірландыя прываблівала на працягу многіх гадоў невялікімі падаткамі. Падчас пандэміі гэта ператварыла Ірландыю ў яшчэ больш перспектыўнае месца для развіцця.
Шмат гадоў мясцовы ўрад заахвочваў транснацыянальныя карпарацыі працаваць у гэтай маленькай краіне, прапаноўваючы ім нізкія стаўкі падаходнага падатку для прадпрыемстваў.
Вялікія тэхналагічныя кампаніі ад Facebook Inc. да Google арганізавалі сабе ў Дубліне шыкоўныя рэгіянальныя штаб-кватэры, а фармацэўтычныя гіганты накшталт Pfizer Inc. пабудавалі ў Ірландыі буйныя заводы, паведамляе The Wall Street Journal.
Цяпер з вялікіх даходаў ад гэтых сектараў дзяржава атрымлівае падаткі, якія дазваляюць ірландскаму ўраду дапамагаць іншым сектарам эканомікі, моцна пашкоджаным падчас пандэміі. Нягледзячы на рост у эканоміцы, узровень беспрацоўя ў Ірландыі дасягнуў 25%.
Пандэмія спрыяла росту попыту на ірландскія лекі і іншыя медыцынскія тавары, асабліва ў ЗША. Дзякуючы гэтаму экспарт у 2020 годзе дасягнуў рэкордных памераў. У той жа час вырас попыт на лічбавыя сэрвісы накшталт відэастрымінгавых рэсурсаў. Таму ў снежні сектар інфармацыі і сувязі ірландскай эканомікі прадэманстраваў рост на 9,7% у параўнанні з папярэднімі гадамі.
Дзякуючы гэтым фактарам Ірландыя трапіла ў вельмі маленькую групу краін, у якіх пасля пачатку пандэміі назіраўся эканамічны рост. За 2020 год ВУП Ірландыі вырас на 3,4% — нават больш, чым рост ВУП Кітая, які склаў 2,3%.
Такім цудоўным паказальнікам ВУП паспрыялі перш за ўсё транснацыянальныя кампаніі. Politico.eu прыводзіць словы Патрыка Хонахана, вядомага эканаміста і былога кіраўніка Цэнтральнага банка Ірландыі. Хонахан лічыць, што ў краіне настолькі шмат вялікіх транснацыянальных карпарацый, што, калі яны карыстаюцца спрыяльным падатковым асяроддзем у Ірландыі, гэта выклікае велізарны рост ВУП. Такім жа чынам на ірландскую эканоміку ўплывае і перанос у краіну міжнародных штаб-кватэр карпарацый.
Аднак калі ацэньваць эканамічны ўзровень Ірландыі праз ВУП, не атрымаецца ўлічыць надзвычай высокі кошт жыцця ў краіне: ён на 25% вышэйшы за сярэднія паказальнікі па ЕС. Для ірландцаў характэрная адносна невысокая пакупніцкая здольнасць. Таму калі ацаніць дабрабыт ірландцаў па індэксе фактычнага індывідуальнага спажывання, ён дасягне толькі 95% ад сярэдняга паказальніка па ЕС.
Каментары