«Любоўны настрой» са спісаў найлепшых фільмаў XXI стагоддзя выходзіць на вялікі экран Мінска
Пачуццёвай рэтрадраме пра схаванае і нявыказанае летась споўнілася дваццаць гадоў. Гэта агульнапрызнаны шэдэўр ганконгскага рэжысёра Вонг Кар Вая ды, паводле BBC, адзін з сотні найлепшых фільмаў XXI стагоддзя. У пракаце будзе паказвацца новая 4К-рэстаўрацыя, якая праводзілася пад кантролем самога аўтара. Прэм’ера адрэстаўраванай копіі мусіла адбыцца на Канскім кінафестывалі, але той быў адменены праз каранавірус.
Па сюжэце дзве сямейныя пары адначасова засяляюцца ў суседнія кватэры альбо хутчэй характэрныя для Ганконга пакойчыкі гасцінічнага тыпу, дзе складваецца асаблівая «камунальная» атмасфера, фарміруецца асобная культура з гульнёй у маджонг і губляецца належная адасобленасць ад наваколля. Дзеянне «Любоўнага настрою» адбываецца ў 1960-х і, паводле рэжысёра, можа належаць толькі гэтаму дзесяцігоддзю.
Галоўныя героі Чоу і Су камунікуюць як суседзі, а ў выніку выяўляюць, што іх жонка і муж здраджваюць ім адно з адным. Зрэшты, насамрэч сюжэт «Любоўнага настрою» будуецца не на дзеяннях, а на паўтонах, замоўчваннях і таемных жаданнях, а Кар Вай тут робіць немагчымае — перадае тамленне і боль ад кахання.
Карціна з’яўляецца вяршыняй творчасці рэжысёра, вызначаецца надзвычайнай аператарскай працай і мае выкшталцоную музыкальную падборку. На Канскім кінафестывалі ў 2000 годзе яна атрымала прэміі за найлепшага акцёра і тэхнічныя дасягненні.
Гэтым фільмам, як і шэрагам іншых сваіх работ, Кар Вай развітваецца з Ганконгам XX стагоддзя — такая задума ўзнікла пры падрыхтоўцы перадачы Ганконга ад Вялікабрытаніі Кітаю, што здарылася ў 1997-м.
Пракат фільма арганізуе кампанія «Арт Карпарэйшн», ён будзе паказвацца на вялікім экране да канца сакавіка.
Каментары