Але цяпер у Беразоўскага справы ідуць не вельмі.

Асноўныя кампаніі: «Прэм'ер маркет», «Гама рытэйл» і «НП-сэрвіс», — маюць чысты мінус за дзевяць месяцаў 2020-га і ад рэалізацыі прадукцыі, і на чыстай аснове.

Пастаўшчыкі масава скардзяцца ў дзяржаўныя органы і ў прэсу на тое, што сетка не разлічваецца за тавары. 

Кампаніі-партнёры ўжо адкрыта кажуць пра тое, што «Дамашні» не плаціць па даўгах. У адной толькі «Кока-колы» праблемы не толькі ў нявыплатах, але і ў тым, што сетка не вяртае абсталяванне — халадзільнікі.

Разам з гэтым Беразоўскі пачаў драбіць кампаніі, магчыма, каб ускладніць спагнанне даўгоў. 

Сам прадпрымальнік залез «у домік» і ўжо пару тыдняў ігнаруе ўсе пытанні. Імаверна, гэта звязана з тым, што сарвалася спроба прадаць стратную сетку. 

Аб планах на продаж ці прыцягненне стратэгічнага інвестара сам Беразоўскі казаў журналісту «Нашай Нівы» тры тыдні таму, калі мы цікавіліся лёсам сеткі ў сувязі са скаргамі пастаўшчыкоў. 

«У нас вядуцца цяпер перамовы, ад іх выніку залежаць адказы на вашыя пытанні. Сёння я не магу ўпэўнена адказаць, не правёўшы перамовы. А калі вы сёння напішаце, што нам гамон, то вы вельмі нашкодзіце і, імаверна, тады так і будзе. Давайце у наступны аўторак пагаворым?» — прапанаваў Беразоўскі. 

У дзень размовы на іншым партале якраз выйшла публікацыя са скаргамі на «Дамашні» з боку «Брыціш Амерыкан Табака», і Беразоўскі скардзіўся на яе журналісту «Нашай Нівы».

«Я сядзеў у банку, спрабаваў дамовіцца, але хтосьці ўбачыў артыкул, і мяне папрасілі зайсці заўтра», — сказаў ён. Больш Беразоўскі на сувязь не выходзіў. 

Два гады таму «Дамашні» зрабіў два выпускі аблігацый на $1,2 мільёна і 300 тысяч еўра ў эквіваленце пад 7,5% гадавых. Усе яны распрададзеныя. Імаверна, пакупнік аблігацый ніколі не верне ўкладзеныя грошы.

Продаж аблігацый быў закрыты. Магчыма, гэта было прыцягненне канкрэтнага інвестара. Мы не ведаем, што гэта была за кампанія, але відавочна, што яе досвед не натхняе іншых патэнцыйных інвестараў.

«Многія не разумеюць усяго аб’ёму рызык па аблігацыях рытэйлу. Гандлёвыя сеткі вельмі часта абрынаюцца, таму што ў іх нічога няма, няма актываў, — тлумачыць «Нашай Ніве» дасведчаны інвестар.

— Крамы часцей за ўсё арандуюць нерухомасць або маюць пабудаваную ў крэдыт. Увесь прыбытак утвараецца не ў юрасобе-«краме», а ў кампаніях-пастаўшчыках, якія таксама належаць таму ж ўласніку, але не з’яўляюцца часткай рытэйлу. І ніхто з сетак не плаціць наперад, усе плацяць з адтэрміноўкай да 90 сутак. Калі бізнэс не ўзляцеў, то не атрымаеш ніякіх выплат па аблігацыях. І нават калі «захопіш» даўжніка, то ўсё, што ты знойдзеш — дамову арэнды, даўгі іншым пастаўшчыкам і нейкія запасы на рэалізацыі, усё». 

Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Але што ў выніку прывяло да падзення Беразоўскага? 

Ва ўмовах, калі сам ён гаварыць адмаўляецца, мы апішам гісторыю ўздыму і правалу са слоў былых бізнэс-партнёраў Беразоўскага. 

Як вынікае з іх слоў, некалі Беразоўскі меў сваю долю ў «Рублёўскім», але прадаў яе, аб чым пашкадаваў у далейшыя гады, калі рытэйл расквітнеў. І вырашыў займець уласную сетку. 

«У Беразоўскага сваіх грошай асабліва не было. Бізнэс трымаўся на перакрэдытаванні, тое, што зараблялася, укладвалася ў нерухомасць.

Ён наняў каманду менеджараў, якія падказалі яму памылковую стратэгію: адкрываць максімальную колькасць крам, браць колькасцю. Але месцы пад крамы яны падбіралі абы-якія. На чым не атрымлівалася зарабляць — аддавалі тыя памяшканні ў арэнду іншым сеткам ці бізнэсам. 

Але прыйшоў кавід, наведванні крамаў скаціліся, сэнс існавання арэнднага бізнэсу ў крэдыт увогуле стаў дыскусійным, у «Дамашнім» азірнуліся — крэдытнае плячо такое, што мама дарагая. Бізнэс не асабліва прыбытковы, увесь закрэдытаваны, банкі такую схему працягваць не захацелі, і перакрэдытоўваць Беразоўскага не сталі. Таму прыйшлося закрываць крамы. 

Партнёраў, якія б у гэтыя складаныя часы ўвайшлі сваімі або банкаўскімі грошамі, Беразоўскі не знайшоў.

Што датычыць выплат пастаўшчыкам, то гэта выглядала амаль пірамідальна: з абароткі плаціцца таму, хто раней паставіў, потым наступнаму і так бясконца, пакуль схема не лясне праз фінансавыя праблемы, таму «апошнія» пастаўшчыкі могуць чакаць выплат вечна», — патлумачылі абазнаныя. 

Імаверна, неўзабаве сетка спыніць сваё існаванне. 

Ці будзе мець гэта адчувальны эфект у масштабе краіны? Імаверна, што не. Магчымыя некалькі мільёнаў доўгу «Дамашняга» — гэта дробязь у маштабе краіны. У выпадку зацягнутага банкруцтва фінансава пацерпяць фірмы-пастаўшчыкі і занятыя ў «Дамашнім» людзі — ім давядзецца шукаць новую працу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?