Кааліцыя незалежніцкіх партый даўно кіруе Каталоніяй. На ўчорашніх выбарах яны ўпершыню набралі 51% галасоў.
За Каталоніяй пільна сочаць малыя і бездзяржаўныя народы ў розных дзяржавах, бо здабыццё каталонцамі незалежнасці можа стаць прыкладам. Акрамя таго, высокаразвітая Каталонія — тэст на тое, ці нацыянальная культура і мова патрэбныя людзям у заўтрашнім глабальным свеце.
Чытайце таксама: Каталонія з Аляксеем Ластоўскім: раманскія фрэскі, готыка, Гаўдзі і Міро
На выбарах 2017 года незалежнікі сабралі 48,4% галасоў, цяпер — 51%.
Праіспанскія партыі збіраюць у Каталоніі ад 15 да 30% галасоў. Рэшта галасуе за сілы, якія памяркоўныя ў гэтым пытанні. Імаверна, незалежнікі перамаглі б на рэферэндуме аб незалежнасці, але Мадрыд не дае на яго згоды.
Поспех незалежнікаў можа быць звязаны з нізкай яўкай — выбарцы баяліся каранавіруса, а нацыянальны электарат лепш адмабілізаваны.
Апошняя гадзіна галасавання была адведзеная людзям хворым ці з падазрэннем на кавід. На гэты перыяд члены выбаркамаў і назіральнікі памянялі маскі на абарончыя касцюмы. «Гадзіна зомбі», — смяюцца каталонцы.
Ва ўрадавую кааліцыю ў Каталоніі ўваходзіць левацэнтрысцкая ERC, правацэнтрысцкая Junts і ультралевая CUP.
Каментары