За спрыянне канцэртам Газманава, Валерыі, Стаса Міхайлава. У Гомелі экс-ідэалагіню горада асудзілі на 4,5 года за карупцыю
Сёння суд вынес прыгаворы за карупцыю былой начальніцы ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Кацярыне Дзегцяровай і заснавальніку Гомельскага прадзюсарскага рэкламнага цэнтра «Арт Ворк» Яўгену Кірыле, піша Tut.by.
Дзегцяровай далі 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 350 базавых (10 150 рублёў), Кірыла атрымаў штраф у 500 базавых (14,5 тыс. рублёў).
Пракурор прасіў для экс-чыноўніцы пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі, для Кірылы — штраф 1 тысячу базавых (29 тысяч рублёў).
36-гадовую Дзегцярову затрымалі ў сярэдзіне сакавіка мінулага года.
Паводле версіі следства, яна, з'яўляючыся дзяржслужачай, брала хабар, пачынаючы з верасня 2014 года да сакавіка 2020-га. Грошы нібыта атрымлівала ад прадстаўнікоў прыватных кампаній, якія займаюцца арганізацыяй канцэртаў, у якасці ўзнагароджання за перамогу ў конкурсных таргах і своечасовую аплату па дамове.
У справе каля дзесяці эпізодаў. У іх фігуруюць канцэрты расійскіх зорак Стаса Міхайлава, Стаса П'ехі, Сафіі Ратару, Крысціны Арбакайце, Валерыі, Алега Газманава і іншых, а таксама тых, хто гэтыя канцэрты арганізоўваў — прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Арт-Канцэрт», расійскае ТАА «Экспарт М'юзік» і гомельскі прадзюсарскі рэкламны цэнтр «Арт Ворк». Менавіта іх прадстаўнікі, па версіі следства, давалі хабары Дзегцяровай за «спрыяльнае рашэнне пытанняў». Але абвінавачаны па справе ў судзе толькі адзін з іх — заснавальнік Гомельскага прадзюсарскага рэкламнага цэнтра «Арт Ворк» Яўген Кірыла.
Усяго экс-чыноўніца, на думку следства, прыняла ад прыватных асоб каля чатырох тысяч даляраў плюс падарункі ў выглядзе смарт-гадзінніка і планшэта.
І Дзегцярова, і Кірыла віну прызналі цалкам. У абодвух былі яўкі з павіненнем і чыстасардэчнае прызнанне.
Каментары