Грамадства

У камандзе Латушкі з’явіўся адказны за гарады-пабрацімы. Ці важны гэта кірунак?

Да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) далучыўся 64-гадовы Аляксандр Івачоў. Ён стаў адказным за супрацу з гарадамі-пабрацімамі.

Пра існаванне інстытута пабрацімства між гарадамі ведае, мабыць, кожны, але, здаецца, гэта не самы прыярытэтны кірунак дзейнасці. Дык для чаго НАУ патрэбны такі чалавек?

«Наша Ніва» пацікавілася пра гэта ў самога спадара Івачова, а таксама кіраўніка каманды, што адказвае за знешнюю палітыку і гандаль у НАУ, — Анатоля Котава.

Аляксандр Івачоў на сваім балконе ў Брэсце. Фота b-g.by

Аляксандр Івачоў родам з расійскага Уладзівастока. Кажа, што па маладосці хіпаваў, і калі яго выгналі з універсітэта на радзіме, то паехаў у Брэст. Тут паступіў на вучобу наноў, пазней знайшоў жонку, пабудаваў кар’еру і сям’ю. З адукацыі Івачоў архітэктар, але папрацаваў у гэтай сферы зусім нямнога.

У 90-я пад кантролем Івачова было некалькі турыстычных фірмаў, займаўся і іншым бізнэсам, у тым ліку будаўнічым. Апошнія гадоў дзесяць засяродзіўся на грамадскай дзейнасці: гэта і Саюз прадпрымальнікаў, і Цэнтр садзейнічання развіццю агратурызму, заснаваў асацыяцыю «Брэсцкая гасціннасць», а таксама грамадскую арганізацыю «Пабрацімы Брэст — Шусенталь».

Калі ў Беларусі ў жніўні пачаліся важныя палітычныя падзеі, то Івачоў быў сярод тых, хто адразу падтрымаў людское паўстанне. Праз што і вымушаны быў з’ехаць за мяжу ў верасні 2020 года.

Івачоў — гэта той музыка, які выконваў на фартэпіяна «Свяшчэнную вайну» і іншы рэпертуар, калі пратэстоўцы хадзілі ў Брэсце па вуліцы Савецкай. На балконе ў Івачова вісеў плакат «Музыка з народам». Самае цікавае, што на фартэпіяна ён навучыўся граць толькі ў 56 гадоў, у памяць аб памерлай жонцы, якая якраз і вучыла людзей музыцы. Кажа, так лягчэй пераносіць страту любімага чалавека. Пасля такіх нядзельных канцэртаў у мужчыны пачаліся праблемы, яго выклікалі ў міліцыю.

Спачатку Івачова прытулілі ў сябе нямецкія сябры, з якімі ён падтрымлівае кантакт ужо пару дзесяцігоддзяў, а потым ён напісаў канцэпцыю развіцця гарадоў-пабрацімаў, якую накіраваў у НАУ. Там ідэя прыйшлася даспадобы, таму Івачова запрасілі ў каманду.

«Яшчэ 30 гадоў таму я ўдзельнічаў у прыняцці ў Брэсце першай нямецкай дэлегацыі — з Равенсбурга і Вайнгартэна, так і зацікавіўся тэмай, — кажа ён. — Часта бывае, што адміністрацыі нашых гарадоў заключаюць пагадненне аб пабрацімстве, але ўсё гэта сканчваецца толькі бюджэтным турызмам у тыя мясціны, а трэба, каб гэты інстытут прыносіў вынікі».

Аляксандр Івачоў мяркуе, што на прыкладзе гарадоў-пабрацімаў жыхары Беларусі могуць вучыцца функцыянаванню на Захадзе грамадзянскай супольнасці, падтрымкі лакальных ініцыятыў, а ў перспектыве і пераняцця досведу мясцовага самакіравання. «Гэта ж выдатна, калі нашы людзі з нямецкімі партнёрамі змогуць знутры паглядзець, як функцыянуюць гарады, як фарміруецца грамадзянская супольнасць там. Гэта крайне важна для стратэгічнага развіцця Беларусі».

Ці магчыма тут адабраць ініцыятыву ў гар- і райвыканкамаў, якія звычайна такія пагадненні і заключаюць? Івачоў упэўнены, што так. І для ілюстрацыі прыводзіць свой прыклад рэгістрацыі грамадскага аб’яднання «Пабрацімы Брэст — Шусенталь». Дзякуючы гэтаму аб’яднанню ў Брэсце праходзілі музычныя фестывалі, іншыя культурніцкія мерапрыемствы. Прычым ініцыятыва падтрымлівалася не толькі нямецкім бокам, але і польскім консульствам.

Калі ў жніўні ў Беларусі пачаліся арышты, збіццё і гвалт над людзьмі, то Івачоў накіраваў лісты ў гарады, якія з’яўляюцца пабрацімамі з Брэстам. Вельмі хутка адрэагавалі ў нідэрландскім Кувердэне, дзе над ратушай вывесілі бел-чырвона-белы сцяг, а потым далучыліся і гарады нямецкага поўдня. Усе яны заклікалі спыніць гвалт і правесці справядлівы падлік галасоў. Так што Івачоў упэўнены, што перахапіць тут ініцыятыву ва ўладаў цалкам магчыма.

Анатоль Котаў таксама лічыць, што гэта «класная рэч». «І глядзець на тэму гарадоў-пабрацімаў можна праз вугал дапамогі, якую людзі там могуць аказваць беларусам. Напрыклад, нейкі музычны гурт вымушаны з’ехаць праз пераслед у Беларусі, і ім з радасцю дапамогуць у горадзе-пабраціме іх населенага пункту. Не трэба забывацца, што ў Еўропе гарады — гэта асобныя адзінкі, з уласным бюджэтам. 7 лютага будзе адзначацца Дзень салідарнасці з Беларуссю, і калі гарады-пабрацімы далучацца масава да гэтай акцыі, то будзе вельмі файна».

Каментары

«Грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах8

«Грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах

Усе навіны →
Усе навіны

Што трэба есці пасля прыёму антыбіётыкаў?2

«Мякка кажучы, ніякай капітуляцыяй не пахне». Z-ваенкар засцярог расіян ад ваеннай эйфарыі4

У «Зялёнай гавані» стварылі хатку для бяздомных сабак і прапануюць усім ахвотным скарыстацца чарцяжамі

У Вільні вандалы дабраліся да магілы каліноўца Аляксандра Царука7

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр10

З'яўленне паўночнакарэйскіх войскаў ва Украіне — крок да Трэцяй сусветнай?6

Стварылі першае беларускамоўнае радыё, дзе замест вядучых — штучны інтэлект15

Апазіцыянер Абозаў пагражае тым, хто з’явіцца на ўчасткі: Вы падтрымліваеце Лукашэнку і адкажаце за падтрымку дзяржаўнага перавароту43

«Былі тыя, хто прыехаў а 6-й раніцы». Мінчукі выстраіліся ў вялізную чаргу, каб набыць квіткі ў тэатр1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах8

«Грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах

Галоўнае
Усе навіны →