Супрацоўнікі Белаграпрамбанка: Затрымалі мінімум двух намеснікаў старшыні праўлення
Старшыня праўлення Белаграпрамбанка Анатоль Лысюк знаходзіцца на бальнічным. Але, па словах супрацоўнікаў банка, як мінімум дваіх яго намеснікаў затрымалі. Гаворка ідзе пра Уладзіміра Падкавырава і Наталлю Шаўцову.
Уладзімір Падкавыраў узначаліў Белаграпрамбанк у пачатку 2011 года, пасля таго як папярэдні старшыня праўлення банка Сяргей Румас быў прызначаны на пасаду віцэ-прэм'ера.
У 2014 годзе старшынёй праўлення стаў Лысюк. А Падкавыраў атрымаў пасаду намесніка старшыні.
Наталля Шаўцова працуе ў Белаграпрамбанку з 1994 года. Пачынала старшым эканамістам, пазней вырасла да начальніка ўпраўлення, кіравала брэсцкім філіялам банка. Некаторы час была першым намеснікам старшыні праўлення, з 2016 года — намеснік старшыні.
Але важна: інфармацыя пра затрыманне топ-менеджараў банка пакуль не пацверджаная афіцыйна ніводным з сілавых ведамстваў.
На які тэрмін яны затрыманыя, па якой справе і ў якім статусе знаходзяцца, таксама пакуль невядома.
«Наша Ніва» некалькі разоў пазваніла ў прэс-службу ДФР па афіцыйны каментар, але там ніхто не падняў слухаўку.
Каментары