«У машыну прыляцела шумавая граната, пасля заўважыла за сабой сачэнне». Мінчанка з'ехала з краіны і дапамагае бастуючым завадчанам
26 кастрычніка 2020 года аб’яўлялася ўсеагульная забастоўка. Усеагульнай яна так і не стала, а тыя, хто адважыўся пратэставаць, падпалі пад рэпрэсіі. Актывістка «Сумленных людзей» Зарына Сарокіна цяпер дапамагае бастуючым. Яна расказала пра тое, ці ўдаецца рабочым адстаяць свае правы, а таксама падзялілася сваёй гісторыяй.
«Раней была далёкая ад палітыкі, жыла паводле прынцыпу «мая хата з краю»
Касцяк «Сумленных людзей» — гэта 20 чалавек. Усе яны цяпер за мяжой — хто ў Кіеве, хто ў Вільні, хто ў Варшаве.
Разам з 12-гадовым сынам Зарына пакінула Беларусь 20 жніўня. Кажа, заўважыла за сабой сачэнне. У першы дзень думала, што гэта параноя. Калі на другі дзень зноў пабачыла за сабой падазронага мужчыну, закраліся сумневы.
«Але не гэта стала асноўнай прычынай. Я разумела, што магу рабіць больш для перамен у Беларусі, чым толькі хадзіць на маршы. А рабіць больш на тэрыторыі краіны небяспечна. Я адна выхоўваю дзіця, я не магла рызыкаваць некалькімі гадамі сваёй свабоды», — тлумачыць жанчына рашэнне з’ехаць.
Зарыне 34. Шэсць год яна працавала ў буйным рэкламным агенцтве, апошні год была маркетолагам-рэкламшчыкам на аўтсорсе. Летась яна разам з краўдфандынгавай пляцоўкай «Вулей» распрацоўвала некалькі праектаў. Але ўсё сарвалася — праз каранавірус і выбары.
«Я была далёкая ад палітыкі. Жыла па прынцыпе многіх беларусаў «мая хата з краю». У 2006-м студэнткай выходзіла на Плошчу, але гэта было не вельмі свядома. 2010 — глыбокія ўнутраныя перажыванні, але не актыўная пазіцыя.
Я па жыцці старалася абыходзіць дзяржструктуры. Зразумела, мне як індывідуальнаму прадпрымальніку неабходна плаціць падаткі, нельга цалкам адмежавацца, але па магчымасці я не сутыкалася з гэтай сістэмай, бо лічу, яна ўся прагніла і не працуе.
Да ліпеня я была назіральнікам, пакуль не вырашыла, што штосьці трэба рабіць самой, нельга быць у баку. І пайшла дапамагаць «Сумленным людзям».
Што не задавальняла? Першым трыгерам стала стаўленне дзяржавы падчас кавіду, яна праявіла сябе не з лепшага боку. Далей — беззаконне, якое нават не хавалася ўладамі. Пасадка кандыдатаў, адмова назіральнікам… Яшчэ да выбараў я разумела, што калі нічога не зменіцца, то я не хачу заставацца ў такой краіне, не хачу, каб мой сын рос тут».
«Граната прыляцела ў заднія дзверцы машыны і аглушыла»
У «Сумленных людзях» Зарына займалася камунікацыяй, прасоўваннем інфармацыі па розных пабліках. Яна стала назіральнікам на выбарах — на ўчастку ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Узорным участак не назавеш. У адзін з дзён там налічылі прыпіску да яўкі на 200 чалавек. Пайшлі высветліць — камісія патлумачыла, што прыйшлі студэнты, якія з’язджаюць на практыку, і дружна прагаласавалі. Праўда, натоўпу студэнтаў не заўважылі не толькі незалежныя назіральнікі, але і работнік універсітэта, які пачуў размову. «Я тут пастаянна знаходжуся, такога не было!» — абураўся мужчына.
9 жніўня на адну з кабінак павесілі шторкі. На гэтым перамогі назіральнікаў скончыліся — пратаколы з вынікамі ім так і не паказалі. Людзі, што чакалі лічбаў з участка, дзяжурылі на розных уваходах ва ўніверсітэт, але членаў камісіі змаглі тайна вывезці.
Пасля Зарына паехала ў горад з сяброўкамі.
«Неяк выпадкова праехалі па Казлова на Машэрава, чамусьці вуліца была не перакрыта. Мае сяброўкі выйшлі з машыны. Адна з іх з відэакамерай стала здымаць вялікую колькасць людзей. Кіроўцы ў корку сігналілі. Калі з’явіліся амапаўцы, машыны пачалі разварочвацца, каб адгарадзіць людзей. Што было здзіўленнем — выйшла вельмі шмат пажылых, пар. Людзі былі азлобленыя выбарамі, але верылі, што амапаўцы могуць скласці шчыты. Гэтым адрозніваліся настроі 9 і 10 жніўня.
Пасля пачалі шумавыя гранаты кідаць. У нейкі момант адна з іх прыляцела ў заднія дзверы маёй машыны, якая стаяла з адкрытымі вокнамі, аглушыла. Падагналі тэхніку і пачалі разганяць натоўп. Мы дапамагалі некаторым людзям, развозілі па дамах», — успамінае яна тую ноч.
Вечар 10 жніўня Зарына пачала на Сурганава, а скончыла ў кватэры знаёмай, дзе хавалася ад патрулёў сілавікоў. Дадому змагла з’ехаць толькі на раніцу.
У Беларусі жанчына заспела першы буйны марш 16 жніўня. Уражанні ад яго, кажа, незабыўныя.
«Гэта энергетыка, салідарнасць… Усе людзі ўсміхаюцца, прапануюць ваду, марожанае — такой Беларусі я ніколі не бачыла».
«На заводах праводзяць расследаванні, чый палец на фатаграфіі!»
Цяпер Зарына каардынуе праект дапамогі бастуючым завадчанам. Працуе са стачкамамі 15 буйных прадпрыемстваў — МТЗ, МЗКЦ, «Гродна Азот», Нафтан… Завадчанам-пратэстоўцам дапамагаюць юрыдычна і фінансава, а таксама абменьвацца вопытам паміж актывамі.
Па звестках ініцыятывы, пасля забастоўкі 26 кастрычніка, калі актыў прыняў удар на сябе, з прадпрыемстваў звольнілі 224 чалавекі. Плюс каля 300 звярнуліся да «Сумленных людзей» пасля таго, як іх за пазіцыю пазбавілі прэмій. А яшчэ 500 арыштаў і 7 крымінальных спраў.
Многія завадчане цяпер судзяцца з наймальнікамі — яны падалі больш за 60 пазоваў на незаконнае звальненне. Станоўчыя вынікі ёсць (хоць і ў парадку выключэння) — напрыклад, Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне абавязалі выплаціць невялікія кампенсацыі за маральную шкоду і вымушаны прастой.
«Канечне, хочацца выйграць, але ўсе мы разумеем, якая ў нас сістэма судоў. Гэтыя пазовы, хутчэй, для таго, каб трэба паказаць, што трэба змагацца за свае правы», — заўважае Зарына.
Яна падзялілася сваімі думкамі, чаму не ўдалася ўсеагульная забастоўка.
«Яна не адбылася, бо ад пачатку пратэстаў усім заводам здавалася, што яны адны. Другі момант, што 26 год гэта сістэма ламала і фарміравала наша грамадства. І як бы мы ні стараліся, нашы людзі ўсё адно вельмі запужаныя, ёсць шмат рычагоў ціску на іх. На заводах праводзяць расследаванні, чый палец трапіў на фатаграфію! Самая галоўная прычына — гэта страх. А яшчэ беднасць. Бо калі ты жывеш за 600 рублёў, у цябе крэдыты, сям’я, не бачыш іншых варыянтаў».
«Сын кажа: ужо сумую па вучобе ў нармальнай школе»
Тое, што эміграцыя так зацягнецца, Зарына не чакала. Яны з сынам жывуць у Варшаве.
«Напэўна, толькі нядаўна я пачала абзаводзіцца побытавымі рэчамі. Злавіла сябе на думцы, што нават губкі для мыцця посуду не купляла. Пастаянна знаходзілася ў стане чакання, што вось-вось».
12-гадовы сын Дзіма вучыцца ў шостым класе. Ён выдатнік, мае поспехі ў алімпіядах па матэматыцы і англійскай мове. Некалькі месяцаў ён быў на хатнім навучанні.
«Мне дапамагалі сябры, якія размеркавалі між сабой прадметы і па зуме займаліся з маім дзіцем. У выніку аказалася, што самыя правальныя прадметы — тыя, якія забрала я, бо не хапала часу на ўрокі, — усміхаецца жанчына. — Але са школай узніклі праблемы. Пасля першай чвэрці гразіліся пакінуць сына на другі год. Я сама вучылася ў гэтай школе, ведаю настаўнікаў — гэта здзівіла мяне і засмуціла. Нават не ўяўляю, як па вяртанні ў Беларусь аддаць дзіця зноў туды. Цяпер сын на анлайн-навучанні ў прыватнай школе».
Дзіма быў першым чалавекам, з кім яго маці абмяркоўвала магчымы ад’езд.
«Мы доўга размаўлялі. Ён не хацеў з’язджаць, бо тут сябры, школа, але сказаў: мама, нават калі ёсць верагоднасць 10%, што цябе могуць затрымаць, я не гатовы гэтым рызыкаваць. Значыць, у нас няма іншага выйсця.
Ад’езд цяжка яму даецца. Я давала абяцанне сыну, што вернемся да Новага года. І 30 снежня ён мне нагадаў пра гэтыя словы. Дадаў яшчэ: «Ніколі не думаў, што я гэта скажу, але я ўжо сумую па вучобе ў нармальнай школе».
Новых абяцанняў наконт вяртання дадому Зарына сыну не давала.
«Але падзялілася з ім верай, што гэта павінна здарыцца да лета. Што наступны яго навучальны год мусіць быць нармальным. Для гэтага шмат людзей робіць усё магчымае і немагчымае».
Каментары