Аўстралія і Францыя абавяжуць Google і Facebook дзяліцца даходамі з нацыянальнымі СМІ
Урад Аўстраліі ўводзіць першы ў свеце закон, які абавязвае буйныя інфармацыйна-тэхналагічныя кампаніі, такія як Google і Facebook, плаціць СМІ за публікацыю спасылак на іх матэрыялы на сваіх платформах.
У адказ на гэты закон амерыканская кампанія Google пагражае пазбавіць Аўстралію доступу да пошукавіка і некаторых іншых сэрвісаў. Прэм’ер-міністр Аўстраліі Скот Морысан заявіў, што такія пагрозы не паўплываюць на рашэнне заканадаўцаў, паведамляе BBC.
Закон, які прапануе Аўстралія, — прыклад таго, як дзяржава можа мець уплыў на буйныя інфармацыйна-тэхналагічныя кампаніі, а таксама павялічваць каштоўнасць навіннага кантэнту ў краіне.
Галоўны дырэктар Google Australia Мел Сільва на слуханнях Сената заявіла, што такі закон ажыццявіць немагчыма. «Калі закон уступіць у сілу, у нас не будзе іншага выбару, акрамя як абмежаваць у Аўстраліі доступ да пошукавай сістэмы Google», — сцвярджае яна.
Заканадаўцы абвінавацілі амерыканскую кампанію ў шантажы і запалохванні ў сувязі з магчымым увядзеннем рэформы.
Для чаго Аўстралія ўводзіць такі закон?
Google — найбольш папулярная ў Аўстраліі пошукавая сістэма, якая амаль не мае канкурэнтаў. Урад сцвярджае, што колькасць карыстальнікаў Google ўзрастае за кошт чытачоў навінных сайтаў, таму будзе справядліва, калі кампанія пачне сплачваць пэўную суму СМІ за іх працу.
Акрамя гэтага, урад пераконвае, што аўстралійскім СМІ неабходна фінансавая падтрымка, бо яны з’яўляюцца асновай для функцыянавання дэмакратыі ў дзяржаве.
Чаму Google не падтрымлівае гэту ініцыятыву?
Прадстаўнікі Google пераконваюць, што кампанія хоча фінансава падтрымліваць мясцовую журналістыку, але прапанаваны Аўстраліяй закон можа парушыць іх бізнэс-мадэль, асабліва калі іншыя краіны возьмуць прыклад і пачнуць уводзіць такую ж рэформу.
Таксама Мел Сільва сцвярджае, што закон супярэчыць свабоднаму абмену інфармацыяй у інтэрнэце і будзе мець неспрыяльныя наступствы для лічбавай эканомікі кампаніі, калі ёй прыйдзецца плаціць за спасылкі і вынікі пошуку.
Такой жа пазіцыі прытрымліваюцца кіраўнікі сацыяльнай сеткі Facebook, якія сцвярджаюць, што кампанія не атрымлівае камерцыйнай выгады ад размяшчэння навін на сваёй платформе. Затое сайты СМІ павялічваюць колькасць чытачоў, дзякуючы такім буйным платформам.
Якую рэакцыю выклікала гэта навіна?
Аўстралійцы ў сацыяльных сетках разышліся ў сваіх меркаваннях. Некаторых цікавіць пытанне, ці будуць пасля адключэння пошукавай сістэмы працаваць такія сэрвісы, як Gmail, Google Maps і Google Home, на што кампанія пакуль не дае адназначнага адказу.
Не толькі Аўстралія, але і еўрапейскія краіны на працягу апошніх гадоў спрабавалі правесці падобную рэформу. Калі ў 2014 годзе Іспанія абавязала Google плаціць за спасылкі на сайты іспанскіх СМІ, кампанія закрыла доступ да Google News у Іспаніі.
А вось перамовы Францыі і Google, якія распачаліся некалькі дзён таму, скончыліся паспяхова для ўрада. Усё дзякуючы Дырэктыве ЕС аб аўтарскім праве, прынятай у 2019 годзе, якую Францыя перанесла ў сваё заканадаўства. У выніку перамоў Google цяпер абавязваецца ўсталёўваць пагадненні з французскімі СМІ, згодна з якімі кампанія будзе выплочваць пэўную суму за выкарыстанне аўтарскіх матэрыялаў журналістаў. Імаверна, што па такой жа мадэлі ў хуткім часе будуць дзейнічаць і іншыя еўрапейскія краіны.
Каментары