Меркаванні

«Я не прамяняю гэты год ні на які іншы!» Што вядома пра арыштаваную перакладчыцу Вольгу Калацкую

Як чалавек, Вольга Калацкая — ранімая, эмацыйная, бескампрамісная. Як перакладчыца на беларускую — найлепшая з жывых, мова яе перакладаў гнуткая, жывая, нюансаваная. Культавы беларускамоўны «Шрэк» быў пераствораны ёю, дзясяткі кніг, фільмаў.

47-гадовую перакладчыцу арыштавалі па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Пакуль што цяжка сказаць, што канкрэтна інкрымінуюць гэтай крохкай жанчыне.

Што вядома пра Вольгу Калацкую?

Яна брала актыўны ўдзел у нацыянальным адраджэнні 1980—1990-х, яшчэ студэнткай.

«Мне гэта ўрэзалася ў памяць: ідзе насустрач высокая худзенькая дзяўчына па лесвіцы корпуса В і размаўляе па-беларуску. Мяне як пранізала: ніколі раней ад студэнтаў роднай мовы не чуў», — успамінае Андрэй, які вучыўся ў МДЛУ ў той час.

Вольга Калацкая выкладала нейкі час у сваёй альма-матар, але яе самастойны, незалежны характар прадыктаваў ёй выбар іншага шляху: яна стала зарабляць прыватнымі заняткамі і перакладамі. Вось яе прафесійная самапрэзентацыя:

«Чытаю пра затрыманні студэнтаў МДЛУ — і забываюся, што я там даўно не працую, — пісала Вольга 4 верасня. — Дарагія мае, сёння мне больш за ўсё хочацца быць разам з вамі! Разам з цудоўнымі маладзёнамі, дзякуючы якім я зноў запаважала сваю alma mater! Моцна-моцна вас усіх абдымаю! Усё ж еўрапейскія мовы, напэўна, фармуюць еўрапейскае мысленне і прышчапляюць еўрапейскія каштоўнасці: адказнасць, незалежнасць, волю! You're so cool, guys! I love you! You'll do it your way!» — звярталася яна да калег і студэнтаў.

Вольга Калацкая чалавек цесна прывязаны да сям'і, малой і вялікай радзімы.

Яна часта бывала і жыла ў Брытаніі, ёй там прапаноўвалі пастаянную працу там, яна адмаўлялася, яе цягнула на радзіму. Яна з тых людзей, якія як даніну памяці продкаў, штогод садзяць бульбу.

«Сёння дакапала бульбу — не будзе больш вярэдзіць сумленне і замінаць «груба парушаць апшчэсцвенны парадак», — пісала яна сябрам 2 кастрычніка.

«Я цяпер ведаю, што такое рай. Гэта месца, дзе ёсць мора, грыбы ў лесе, Бог і няма камароў ды Лукашэнкі», пісала Вольга Калацкая 16 верасня пад гэтым фота.

Яна чалавек з каранямі. Яе дзед быў партызанскім сувязным, хаваў яўрэяў у вайну. Мова перакладчыцы Калацкай — ад сям'і, ад дзядоў, бацькоў, не з кніг засвоеная.

«Калі п’яненькі мужычонка крычыць мне, унучцы партызанскага сувязнога, у якога ў хаце нейкі час хавалася габрэйская сям’я: «Фашысты!» — пісала яна. — Калі чорныя людзі (не блытаць з black men) ветліва кажуць жанчынам: «Добрай вам пагулянкі!» — і вяртаюцца без улову». 

Да гэтага года Вольга Калацкая, як і многія, не брала беспасярэдняга ўдзелу ў палітыцы. А сёлета пайшла ў назіральніцы, і гэты досвед перавярнуў ёй сэрца. Яны з суседзямі-назіральнікамі лічылі ўдзельнікаў датэрміновага галасавання па галовах, налічылі 763 чалавекі. У пратаколе датэрміновага галасавання іх аказалася 2127. А ў дзень галасавання, наадварот, на трох участках назіральнікі налічылі 3666 выбарцаў, а ў пратаколах іх аказалася толькі 1922.

Як чалавек бескампрамісны, Вольга Калацкая прапускала праз сэрца ўсю тую хлусню і насілле, сведкамі якога стала.

Допісы Вольгі Калацкай у сацыяльных сетках збіралі сотні рэпостаў.

Яе малая радзіма ў Мінску — Серабранка, дзе яна вырасла і жыве. 

«У роднай Серабранцы сотні людзей стаяць ужо гадзінаў дзесяць на скрыжаванні Ракасоўскага і Пляханава. Амаль усе машыны гудуць. (Крыўдна будзе, калі ўсё сыдзе ў свісток.) Каля «Гіпа» — аўтазакі (адны з'ехалі, з'явіліся іншыя)», — адзначала яна ў сваім дзённіку 12 жніўня.

У мінскім двары ў верасні. Фота, зробленае Вольгай Калацкай.

Далей былі месяцы пратэстаў. Велізарную радасць ёй прынесла сустрэча на пікеце з міліцыянерам, з якім яна сутыкнулася падчас назірання на ўчастку. 

«Неспадзеўкі падыходзіць мужчына: «Вы мяне не пазнаяце?» Без формы сапраўды не пазнала маёра, які дапамагаў нам усім, чым мог, падчас назірання. 10-га ён звольніўся з міліцыі. Цяпер, кажа, упершыню за шмат гадоў адчуваю сябе вольным чалавекам, хаджу па горадзе, дыхаю вольным паветрам. Ён казаў, што МУС практычна дэмаралізаваны, выконваць загады няма каму. Ён аптыміст. Зайздрошчу! — пісала яна 18 жніўня, а сама трывожна адзначала прыкметы браку лідарства. — Гэта шалёна натхняе, але мяне вось што трывожыць. Ад таго, што мы выйдзем ды праз колькі гадзінаў разыдземся, [Лукашэнка] не сыдзе. Няма арганізацыі, няма канкрэтнага плана, як дамагчыся адстаўкі».

Сябры Вольгі Калацкай, дзеячы беларускай культуры ўзялі на сябе догляд яе 89-гадовай мамы.

«Учора мяне здалі. Хто? ЛЮбая стрыечная сястра. Каму? МАМЕ! Патэлефанавала ёй ды сказала, што ў нядзелю бачыла мяне на відэа ў інтэрнэце, што вельмі мною ганарыцца! А маме — 89 гадочкаў, у жніўні быў мікраінсульт, цяпер ціск скача, як заяц! Штонядзелі я ёй казала, што іду на Камароўку, ці на каву з сябрамі, ці на працоўную сустрэчу. Ну трэба ж берагчы мамулю! І тут — нож у спіну, адкуль не чакала! А мамуля мая — золата! Уяўляю, як расхвалявалася, але ні слова супраць не сказала! Мамачка, як жа я цябе люблю!!! Ты самая-самая неверагодная!»

«Навагоднія стравы згатаваныя — нарэшце можна спакойна азірнуцца на год, ад якога засталося дзве гадзіны. Калі сцісла, крый Божа ад другога такога — і я не прамяняю яго ні на які іншы! — пісала яна сябрам 31 снежня. — Памятаю, 3 студзеня - у іншым жыцці! — быў цудоўны, сонечны дзень, усё складвалася, я была невымоўна шчаслівая… І сказала таму, хто быў са мной: «Калі б увесь год быў такі, як гэты дзень, можна было б жыць.

Напэўна, Той, Хто Усё Чуе, доўга смяяўся. У лютым даслаў папярэджанне — грымоты на голы лес. Дасюль дрыжыкі па скуры, як згадаю! І панеслася…

Пандэмія, першыя ахвяры… «А чаго ён хацеў? Сам вінаваты…» Тады мы ўбачылі, наколькі дзяржаве на нас начхаць, і пачалі гуртавацца, каб дапамагаць дактарам і хворым.

Калі абвясцілі выбары, хто-небудзь мог прадбачыць, якая каша заварыцца? Які ж гэта быў страшны й вясёлы час: арышт Ціханоўскага, Статкевіча, Севярынца, захоп «Белгазпрамбанка», арышт Бабарыкаў… Ева… І проста выбух вершаў, песень, показак, мемаў, з якіх пераймалася і рагатала ўся краіна!

Мы пачалі падымаць галовы, азірацца па бакох і раптам зразумелі: а нас — большасць! Я вырашыла ўпісацца ў гэтыя выбары напоўніцу. Чаму? Я разумела: шанец на перамогу — вельмі малы, але не нулявы, і я б сабе не даравала, калі б не зрабіла ўсё, што ў маіх сілах. На што я разлічвала? Цяпер сумна і смешна перачытваць некаторыя свае тадышнія ідэі, як абараніць галасы. Бракавала фантазіі ўявіць той поўны прававы калапс, у якім мы апынуліся.

Спробы трапіць у склад выбарчай камісіі, перадвыбарчыя мітынгі цудоўных трох грацыяў, назіранне на выбарах… І эмацыйныя арэлі: ад надзеі да роспачы да надзеі да роспачы… Самыя шчаслівыя моманты — калі да нас, назіральнікаў, прыходзілі незнаёмыя людзі (як незнаёмыя?! браты і сёстры!), падтрымлівалі, падкормлівалі, зычылі поспеху…

Потым быў гэты жах, калі лютавалі карнікі…

І мора людзей пад бел-чырвона-белымі сцягамі — Божа, як гэта было прыгожа!!! Я не мела ніякіх ілюзіяў, што Саша 3% сыдзе проста таму, што колькі сотняў тысячаў чалавек будуць у выходныя хадзіць па горадзе.

Аднак ніхто дакладна не ведаў, што рабіць, і большасць з нас баялася больш актыўных дзеянняў. (Дарэчы, я катэгарычна супраць таго, каб «браць арматуру» і г.д. — не толькі таму, што я ў прынцыпе супраць гвалту, але найперш таму, што з арматурай супраць аўтамата, аматарам супраць прафесіяналаў — гэта безнадзейны варыянт.) Не знайшлося лідараў — «прэвентыўны аўтарытарызм», як называў яго светлай памяці Віталь Сіліцкі, загадзя засадзіў у вязніцы тых, хто мог узначаліць пратэсты.

У нейкі момант я зразумела, што выходжу ўжо не таму, што хачу дасягнуць пэўнай практычнай мэты, а таму, што Лукашэнку вельмі хочацца, каб мы не выходзілі…

Цяпер мы бачым пачатак рэакцыі: усё больш людзей за кратамі па дзікіх крымінальных артыкулах, беспакараныя забойствы…

Для мяне самае балючае — бачыць страх у тых самых неверагодных беларусаў, якія яшчэ ўлетку, здаецца, нічога не баяліся.

І ўсё ж у гэты год мы не проста адчулі, а абсалютна пэўна даведаліся: нас — большасць! Мы нарэшце дафармаваліся як нацыя. Калі я на нешта і спадзяюся ў годзе наступным, дык толькі на нашую еднасць, на тое, што мы пасталеем і пераможам страх. І на наш крэатыў!» — пісала Вольга Калацкая сябрам 31 снежня.

«У гэтыя самыя кароткія, самыя змрочныя дні, можна, скажу колькі горкіх рэчаў? Дарагія мае, проста вера ў перамогу без пакрокавага алгарытму яе заваявання — гэта вера ў цуд. Добра, вядома, верыць у калядныя цуды, асабліва ў малым веку. Але дарослыя ведаюць: каб малы цешыўся казкай, трэба яе стварыць самім», — пісала Вольга Калацкая ў снежні.

Вось дзённікавыя запісы Вольгі Калацкай пра назіранне на выбарах — дні, якія перавярнулі яе душу

Вучымся ў мурашоў! Учора ўвечары на ганак, дзе мы сядзелі, набеглі мурашы. Драбнюткія, але шмат-шмат-шмат. І яны нас, чатырох велізарных істотаў, прагналі! Людзі, бярыце прыклад з мурашоў!

Сёньня адна бабулька трохі падпсавала настрой: «Лічыце? Што вам за гэта плацяць? Рабіць вам больш няма чаго! Ішлі б на завод працаваць! Пойдзеце заўтра да стэлы бардзюры вырываць, камяні кідаць! Я б вас падарвала, прынесла б бомбу і падарвала!» (Гэта да пытання, хто хоча крыві.) Але нармальных людзей значна больш — ужо ўтварыўся фан-клуб з тых, хто штодня прыходзіць нас падтрымліваць. Людцы, даражэнькія, родненькія, дзякуй вам велізарны!!!

Адной бабульцы, бедненькай, зблажэла ля ўчастка - абмахвалі сваімі паперамі, адпойвалі вадзічкай, бо буфет, бач ты, у іх ёсьць, а медпункту няма. Шкада старых да немагчымасьці! Ледзь могуць ісьці, але ідуць.

Недзе ў раёне абеду ўсіх старшыняў камісіяў арганізавана на машыне кудысьці вазілі. (Куды і навошта — маўчаць, як парызаны.) А ўвечары павесілі агульныя пратаколы папярэдняга галасавання. Мы за пяць дзён на трох участках налічылі максімум 763 чалавекі. Камісіі — на ўч. 22 — 744 выбарцы, на ўч. 23 — 651, на ўч. 24 — 732. У дзвюх камісіях адкрытым тэкстам сказалі, што да падліку галасоў нас не дапусцяць. У трэцяй - што пусцяць, калі будуць вольныя месцы. 

І што б ні было заўтра, я так радая, што пазнаёмілася з цудоўнымі Дзімам, Аксанай, Арцёмам, Марынай!!! Дарагія мае, мы — супер-каманда!

* * *

У стрэсе ў мяне адшыбае спрэс усе эмоцыі, таму - толькі сухія факты, «як я правяла 9 жніўня». А 7.30 — у школе. Дырэктрыса Кулакоўская запрашае «правільных» назіральнікаў на ўчасткі. Яны ўсе працуюць у гэтай самай СШ №134. Нагналі з запасам — некалькі цётак застаюцца чакаць, каб заняць месцы, якія вызваляцца. Пытаюся: «Вы назіральнікі? Ад якой арганізацыі?» У адказ - цішыня. Не ведаюць. Збіраюцца ўсе нашы: Дзіма, Аксана, Марына, Арцём. Дзелімся на 2 каманды: 2 чалавекі — на ганку школы, 2 — у сярэдзіне, 1 — на падмене. А 8-й пачынаецца галасаванне. Ідзе так шмат народу, што ледзь паспяваем лічыць і адзначаць «белабранзалетнікаў». Іх агулам - каля траціны, толькі тых, хто не пабаяўся сябе абазначыць. Мне трэба адвезці прагаласаваць у суседнюю школу маму — ёй цяжка дайсці самой у ейныя 89 гадочкаў. Старшыня 21-й камісіі не дазваляе мне дапамагчы ёй запоўніць бюлетэнь, але не на тую нарвалася. Калі фоткаю мамін выбар, старшыня пагражае выклікаць міліцыю. Кажу: «Выклікайце». Адвожу маму і вяртаюся на свой участак. Практычна ўвесь дзень стаю пад дзвярыма спортзалы і лічу. Са мной у школе Аксана. Пад абед ёй блажэе — выводзім яе на вуліцу, Аксану падмяняе Марына. Мы класна спрацавалі: нашыя лічбы ў школе і на ганку разышліся ўсяго на 20 чал. — гэта дробязь. Усяго 9-га на трох участках прагаласавала 3.666 выбарцаў. (Спойлер: паводле пратаколаў — 1.922!) Выстаяць увесь дзень у калідоры, ды яшчэ пад гучную музыку - гэта вам не хвічкі вераб'ям паказваць. Калі б не людзі, што прыносілі нам ваду, садавіну, канапкі, не ведаю, як бы мы пратрымаліся. Дзякуй усім велізарны! З агульнай атмасферы ясна: Лукашэнка гэтыя выбары прасраў з разгромным лікам. А 8-й вечара нас выганяюць са школы — на падлік не пускаюць. На ганку сабралася каля сотні чалавек чакаць вынікаў. Мы распавядаем ім пра датэрміновае галасаванне і шматкротныя разыходжанні паміж нашымі лічбамі і афіцыйнымі. Падыходзіць мужчына са сцягам — гэта ўжо несанкцыянаваны мітынг. Неўзабаве прыходзяць пяць амапаўцаў. Галоўны з іх наўздзіў ветліва кажа, маўляў, мы ахоўваем парадак, калі ласка, толькі не замінайце руху машын — і ўсё будзе добра. Прашу яго назвацца — ён называе прозвішча і ініцыялы: «АА». «Як батарэйка? ініцыялы не расшыфроўваюцца?» Усміхаецца: «Не, не расшыфроўваюцца». «А званне?» «Бяз звання». «Ну як так — бяз звання? Крыўдна ж». «Сяржант». Нашыя дзяжурныя міліцыянты гутараць з амапаўцамі, і тыя выходзяць за тэрыторыю школы. Да яе пад'язджаюць дзве машыны адміністрацыі Ленінскага раёна — у адной з іх 8-га вазілі кудысьці старшыняў камісій. Пратаколаў няма. Міліцыянты кажуць, што спачатку вывезуць камісіі і толькі потым павесяць пратаколы. Старшыняў і намеснікаў грузяць у машыны і вывозяць з задняга ўваходу — шкада, мы позна зарыентаваліся. Ужо цёмна. Праз пэўны час вешаюць пратаколы — лікі (такія ж, як амаль паўсюдна) выклікаюць толькі рогат ды лаянку. Калі скласці іхную яўку папярэдняга галасавання з рэальнай — 9-га, прагаласавала 105%. Яны самі сябе абдурылі. Выходзяць, апусціўшы галовы, члены камісій — у паветры проста фізічна адчуваецца нянавісць. Ладзім абструкцыю, пляскаем, крычым: «Ганьба!» Калі яны сыходзяць, наша каманда назіральнікаў дамаўляецца сустрэцца заўтра, каб скласці выніковую заяву ў міліцыю аб узбуджэнні крымінальнай справы і ў раённую камісію — аб прызнанні пратаколаў несапраўднымі і правядзенні перападліку. Міліцыянты просяць нас выйсці за тэрыторыю школы — яны таксама страшэнна стаміліся, ім хочацца дамоў. І тут пад'язджае аўтазак. Не ведаю, як, але нашыя міліцыянты звязваюцца з карнікамі, кажуць, што ў нас усё ціха-спакойна, усе разышліся, — гэта мне потым Дзіма распавёў. Аўтазак з'яжджае, ніхто не арыштаваны. Шмат хто вырашае ехаць у цэнтр. Я заходжу дамоў, каб пакінуць дакументы назірання, — шкада было б іх страціць, а ўсё можа быць. Да Стэлы не магу трапіць. Дабіраюся да скрыжавання Нямігі і Паркавай магістралі, калі спезназ ужо выцясняе пратэстоўцаў, па магістралі едуць машыны «хуткай», міліцыі, аўтазакі. Deja vu.

Каментары

«Грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах8

«Грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах

Усе навіны →
Усе навіны

Што трэба есці пасля прыёму антыбіётыкаў?2

«Мякка кажучы, ніякай капітуляцыяй не пахне». Z-ваенкар засцярог расіян ад ваеннай эйфарыі4

У «Зялёнай гавані» стварылі хатку для бяздомных сабак і прапануюць усім ахвотным скарыстацца чарцяжамі

У Вільні вандалы дабраліся да магілы каліноўца Аляксандра Царука7

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр10

З'яўленне паўночнакарэйскіх войскаў ва Украіне — крок да Трэцяй сусветнай?6

Стварылі першае беларускамоўнае радыё, дзе замест вядучых — штучны інтэлект15

Апазіцыянер Абозаў пагражае тым, хто з’явіцца на ўчасткі: Вы падтрымліваеце Лукашэнку і адкажаце за падтрымку дзяржаўнага перавароту43

«Былі тыя, хто прыехаў а 6-й раніцы». Мінчукі выстраіліся ў вялізную чаргу, каб набыць квіткі ў тэатр1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах8

«Грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах

Галоўнае
Усе навіны →