Рыхтуе мёртвых да пахавання і аб’ядноўвае ябацек-інфлюенсераў. Што вядома пра блогера Голікава?
Да сёлетняй перадвыбарчай кампаніі ролікі берасцейца Аляксея Голікава на яго ютуб-канале зрэдку набіралі пад тысячу праглядаў, хаця ён і стараўся закранаць гарачыя тэмы рэгіёна: напрыклад, будаўніцтва акумулятарнага завода і звязаныя з гэтым пратэсты або каранавірус. Усё змянілася пасля выбараў: Голікаў пачаў штампаваць рэпартажы з пратэстаў і хутка прыйшоўся даспадобы дзяржаўнай прапагандзе як адказ «няправільным» блогерам.
Праклаў шлях на тэлебачанне мовай варожасці
Са сваім абраным курсам Голікаў хутка ўзяў інтэрв’ю ў залатога пяра Андрэя Мукавозчыка, Юрыя Васкрасенскага, запрасіў да сябе на размову «беларускую Сабчак» Ксенію Лебедзеву. Менавіта на канале ў Голікава з’явілася вялікая размова з экс-міністрам МУС Юрыем Караевым.
Аляксей выразна акрэсліў сваю пралукашэнкаўскую пазіцыю, падаючы яе як адзіную правільную. Па-першае, ён яшчэ да выбараў падтрымліваў ідэю таго, што каранавірус — гэта псіхоз і сусветная змова. Землякоў-пратэстоўцаў называў «бчб-упырамі», «цемрашаламі», тымі, каго трэба перавыхаваць і ізаляваць. Яшчэ 12 жніўня Голікаў адкрыта падтрымаў гвалтоўныя дзеянні сілавікоў, параўнаўшы іх з неабходнасцю «выхаваць па ягадзіцах жонку, якая адмовілася гатаваць сняданак».
З такой пазіцыяй і поглядам на жыццё блогер хутка праклаў сабе шлях на беларускае тэлебачанне: 7 снежня на СТБ стартавала яго аўтарская рубрыка пад назвай «Голікаў». Прэм’еру падалі пад «соусам»: вы ж любіце інтэрнэт і блогераў, вось вам блогер, вось мы даём яму свабодна і аб’ектыўна выказвацца. Але ў першым жа выпуску Голікаў пайшоў па тых жа тэмах, што і Азаронак. Вось толькі адна з цытат:
— Асабіста ў мяне да бела-чырвона-белай сімволікі няма агіды. Ёсць яснае разуменне пра разбуральныя намеры людзей, у чыіх руках гэты сцяг. Ёсць разуменне патрэбы на заканадаўчым узроўні прызнаць гэту сімволіку экстрэмісцкай, забароненай і па законе пераследаваць яе папулярызацыю. Сёння частка беларусаў, падманутая блогерам Сцёпам і грамадзянкай Светай, пазначаюць сябе гэтым сцягам. Яны ясна паказваюць і кажуць: «Калі мы прыйдзем да ўлады, мы будзем рэзаць і вешаць лукашыстаў і ябацек». То бок, гэты сцяг персанальна ім прынясе ўсёдазволенасць, а ўсім іншым — смерць.
Менавіта Голікаў курыруе аб’яднанне так званых праўладных блогераў у імя захавання краіны. Першы іх з’езд прайшоў 12 снежня. Падзея была паказаная ў рэпартажы на дзяржаўным тэлебачанні. На сустрэчы засвяціліся такія персоны, як Мішка Беларус, Яўген Валодчанка, Юрый Увараў, і вядомы ўдзельнік мітынгаў «За бацьку» і аўтапрабегаў Цімур Прахін.
Зарабляе тым, што рыхтуе людзей да пахавання
Пры ўсёй агрэсіі, якую блогер непрыхавана выказвае ў эфіры да землякоў, Голікаў стварае сабе імідж ідэальнага гаспадара і сем’яніна. Блогер жанаты, гадуе чатырох дзяцей. Мае зямельны ўчастак з агародам, каровай і авечкамі. На жыццё зарабляе здачай у арэнду доміка і прадпрымальніцтвам у сферы танатапрактыкі. Танатапрактык — гэта той самы чалавек, які рыхтуе мёртвых да пахавання ў эстэтычным плане. Спецыялісты бальзамуюць памерлых людзей, грыміруюць, мыюць, падбіраюць ім адзенне.
Акрамя гэтага, Голікаў зарэгістраваны ў базе вядучых, гатовых правесці любое мерапрыемства — ад канцэрта да вяселля. Яго можна было заўважыць з мікрафонам у руках на рэгіянальных дзяржаўных святах.
У мінулых інтэрв’ю Голікаў шчыра прызнаваўся, што ён не журналіст, журналісцкай адукацыі не мае. Пры гэтым цягам года займаў пасаду намесніка рэдактара газеты «Брэсцкі кур’ер». Тэмы інтарэсаў у якасці карэспандэнта — той жа акумулятарны завод, дармаеды, экалогія, праца чыноўнікаў.
Дарэчы, уважлівыя беларусы яшчэ ў кастрычніку адзначылі, што з усіх мерапрыемстваў у Брэсце блогер вёў стрымы, не маючы акрэдытацыі журналіста, пры гэтым дапускаў паклёп — па гэтым і іншым парушэннях міліцыю папрасілі правесці праверку. Ні па адным з фактаў відавочных парушэнняў Голікаў не быў прыцягнуты да адказнасці.
Сярод агучаных мар блогера — узяць інтэрв’ю ў Ісуса Хрыста і Аляксандра Лукашэнкі, калі б была такая магчымасць. А таксама ў «трох грацый» — Калеснікавай, Ціханоўскай і Цапкала.
Каментары