Караеў: Для захавання грамадскага парадку нейкі мінімальны гвалт усё ж бывае. Без яго немагчыма
Памочнік Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці і экс-міністр МУС Беларусі Юрый Караеў даў інтэрв'ю блогеру Аляксею Голікаву, у якога 23 тысячы падпісчыкаў на YouTube. Караеў распавёў, што пагадзіўся на інтэрв'ю, бо «сферу дзейнасці - блогерства - не заўважаць і не звяртаць увагі на яе нельга, бо блогеры становяцца ўладарамі дум, як кажуць, і праз іх ідзе шмат камунікацыі, іх меркаванне становіцца дорага», піша Tut.by.
Караеў распавёў пра абавязкі памочніка прэзідэнта. Асноўнае — гэта праца з кадрамі, іх падбор, прызначэнне, становішча спраў у працоўных калектывах, кантроль за арганізацыяй дзейнасці праваахоўных і сілавых органаў, у першую чаргу — вертыкаль улады, а таксама прыёмы грамадзян. Голікаў заявіў, што запрасіў Караева на інтэрв'ю, патэлефанаваўшы і выклаўшы сваю просьбу.
Экс-міністр распавёў, што хрысціўся ў 42 гады, у Бога верыць — «інакш навошта б хрысціўся»? Блогер удакладніў, як у разуменні Караева ўвязваюцца хрысціянства і гвалт, хай і легітымны?
— Напэўна, так, хрысціянства не прымае гвалту. Але жыццё такое, што, калі мы не будзем абараняць большасць ад меншасці, абапіраючыся толькі на тое, што гвалт не прапаведуецца, не прапагандуецца і мы павінны яго адкінуць … Ну мы ж ваенныя людзі… і нейкія адступленні ў ваенных людзей павінны быць. Калі памятаць толькі пра гэта, што гвалт непрымальны, ну тады ўсе добрыя павінны раззброіцца і бясконца падстаўляць правую шчаку пасля левай.
Для захавання дзяржавы, для захавання грамадскага парадку нейкі мінімальны гвалт, такі, суразмерны, усё ж бывае. І без яго ну немагчыма, — сказаў ён.
Караеў назваў сябе патрыётам беларускай дзяржавы і народа і дзяржаўнікам.
— Патрыятызм — гэта калі ты за сваю краіну, за сваю дзяржаву, яе праслаўляеш, любіш, робіш для яе карыснае, імкнешся, каб яна жыла лепш, нават скажу так, чым іншыя, — лічыць Караеў.
Голікаў сказаў, што і Караеў, і экс-міністр культуры (імаверна, гаворка пра Паўла Латушку) кажуць пра патрыятызм, але яны знаходзяцца па розныя бакі барыкад, і папрасіў памочніка прэзідэнта «дапамагчы маладому пакаленню адрозніць патрыятызм ад псеўдапатрыятызму».
— Я з экс-міністрам культуры не знаёмы, поглядаў яго да вось гэтых падзей не ведаў, не бачыў. І вось тое, што ад яго зыходзіць зараз, я лічу, — гэта нават не псеўдапатрыятызм, а поўнае разбуральнае дзеянне для краіны.
Вось і ўсё. Я не магу тлумачыць яго матывы, не ведаю, што ён за чалавек. Але мне вось з маім жыццёвым досведам, з маёй сцяжынай здаецца, што ён зусім не патрыёт, я нават упэўнены ў гэтым. Ён ідзе супраць сваёй дзяржавы. Якія б у яго ні былі там аргументы, добрыя думкі, яго заклікі для краіны, нават не для дзяржавы — для краіны, згубныя.
Калі будуць выконвацца яго пажаданні і заклікі, яны ні пры якой уладзе карысныя для народа, краіны, эканомікі, культуры, грамадства не будуць. Ён праз разбурэнне, праз санкцыі, праз пагаршэнне жыцця краіны хоча дамагчыся змены ўлады. Гэта значыць, ахвяраваць узроўнем жыцця людзей, іх дабрабытам, іміджам краіны (ну імідж — добра). Каб, мабыць, людзям стала горш і яны падумалі: «Так, трэба мяняць уладу, раз нам стала горш». Вось ён, напэўна, неяк так дзейнічае, такі шлях я ніколі не прымаю, — заявіў Караеў.
— Вы кажаце, што вы патрыёт і хочаце дабра свайму народу. Менавіта таму пад вашым кіраўніцтвам быў арганізаваны, хай і легітымны, але гвалт. Асобнай часткай грамадства гэта ўспрымаецца як узурпацыя і дапамога дыктатарскаму рэжыму. Экс-міністр культуры таксама спрабуе прымяніць хай і эканамічны гвалт, і нават, магчыма, і фізічны, зноў жа для таго, каб зрабіць у краіне лепш. Вы малюеце сітуацыю, што яго прапановы згубныя для народа. Некаторыя трактуюць іх як часовую шкоду, — заявіў Голікаў і прывёў прыклад са зношаным каленным суставам, які трэба замяніць шляхам аперацыі.
— Я не арганізоўваў гвалт, я арганізоўваў ахову грамадскага парадку. Вось важная агаворка. Каб арганізоўваць гвалт, трэба рабіць крокі па гвалце. Выдаць загад аб гвалце, распараджэнне — а я выдаў загад аб арганізацыі аховы грамадскага парадку. Каб функцыянавалі ўсе аб'екты жыццядзейнасці, транспартныя артэрыі, камунікацыі і нармальнае жыццё населеных пунктаў і краіны. Вось што я арганізоўваў, — адказаў Караеў і пракаментаваў дзеянні апазіцыі.
— Тое, што яны прапануюць, пакуль не тое што там нейкі давер выклікае — у іх проста заклікі прыбраць каленны сустаў. Які працуе, дарэчы, і працуе лепш за многія іншыя. А нейкага новага яны не паказалі. Нейкія дэкларацыі, што да нас прыйдуць невядомыя сілы і зажывём мы з усіх бакоў добра і эканамічна, і, як Астап Бэндэр казаў, «замежжа нам дапаможа». А з чаго яму нам дапамагаць? Таму што ён такі вялікі там, карыстаецца аўтарытэтам і з яго заклікамі хтосьці ўкладваць у Беларусь пачне ад сябе, ці што? Пальюцца на нас выгоды нябачаныя аднекуль з іншых краін або арганізацый, карпарацый? Ды не, відавочна.
На думку Караева, аргументы прадстаўнікоў улады «не так прыгожа падаваліся, як падаюцца аргументы апанентаў».
— Іх аргументы ў больш прыгожай абгортцы. Іх ніхто не бачыў, не апрабаваў і не ведае, як яно будзе пры іх бачанні свету. А нашы — працуюць і функцыянуюць.
Караеў таксама пракаментаваў і тое, што да пратэстоўцаў далучыліся «людзі з адукацыяй, спартоўцы, дзеячы мастацтва, эканамісты».
— Людзі з адукацыяй — гэта не заўсёды тыя, хто паспрабаваў сам кіраваць і кіраваць на ўзроўні краіны. Дзяржава —настолькі складаная, што нават я як міністр, скажу так: разбіраюся, напэўна, толькі ў сваёй сферы дзейнасці і, можа быць, трохі маю паняцце пра суседнія.
Караеў лічыць, што спартсменаў і прадстаўнікоў культуры любіць публіка, але гэта не значыць, што яны разбіраюцца, як кіраваць краінай і як будаваць эканоміку.
Каментары