Ёсць верагоднасць, што кіраўнік Каталіцкага касцёла Беларусі зможа вярнуцца ў краіну ўжо сёння. Вырашаюцца тэхнічныя моманты, паведаміў Tut.by прадстаўнік касцёла.
— Толькі што размаўляў з мітрапалітам. Ён пакуль вырашае тэхнічныя моманты, але валізкі сабраныя. Спадзяёмся, што сёння будзе ў Мінску, — распавёў прэс-сакратар Каталіцкай царквы ў Беларусі Юрый Санько.
Дэталяў аб дакладным часе і спосабе вяртання ў краіну пакуль няма.
Учора, 22 снежня, Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч заявіў: паводле інфармацыі дзяржаўных органаў, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не мае перашкод для вяртання ў краіну.
Пра тое, што пытанне з вяртаннем у Беларусь кіраўніка каталіцкай царквы Тадэвуша Кандрусевіча будзе вырашана, таксама казаў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей. Паводле яго слоў, адпаведнае даручэнне — знайсці рашэнне з улікам усіх наяўных прававых механізмаў — даў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы арцыбіскуп Кандрусевіч не мог вярнуцца ў краіну каля трох месяцаў. Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Кандрусевіча ў тым, што ён выязджаў у Польшчу «для кансультацый», «як разбураць нашу краіну».
31 жніўня памежнікі не прапусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэння прычын. Пасля было заяўлена, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.
Цяпер мітрапаліт Мінска-Магілёўскі часова жыве ў парафіі Святога Антонія ў польскай Саколцы, за 15 км ад беларускай мяжы. Кіраўніцтва Касцёлам у Беларусі арцыбіскуп Кандрусевіч ажыццяўляе дыстанцыйна.
Каментары