Кабінет важнага супрацоўніка крамлёўскай адміністрацыі.
Паліткансультант (уваходзячы): Можна?
Чыноўнік: Заходзь. Нешта не разумею сутнасці тваёй інструкцыі наконт нашай тактыкі перамоваў у Мінску. Ты пішаш: «На перамовы лепш за ўсё з’явіцца ў касцюмах ад «Камінтэрну», кашулях ад «Купалінкі», з гадзіннікамі «Прамень». Прыкладна на 5‑й хвіліне дыялогу зрабіць выгляд, што развязаліся матузкі на чаравіках. Паставіць нагу на крэсла і завязваць, каб суразмоўца заўважыў боты маркі «Марка». Пасля плаўна пераходзіць да тэмы Абхазіі. У выпадку ўскладнення перамоваў дастаць з кішэні барбарыскі ад «Камунаркі» і прапанаваць разам пагрызці»… Што за булшыт, як любіць казаць Лаўроў?
Паліткансультант: Усё проста і геніяльна. Проста іх кіраўнік патрабуе, каб насілі сваё і елі сваё. Натуральна, тыя шмоткі і семкі растопяць лёд недаверу і адкрыюць новыя перспектывы для інтэграцыі.
Чыноўнік: Ага. Разумею. Можа, для гарантыі дзве пары шкарпэтак?.
Паліткансультант: Як кажуць апошнія апытанні цэнтру Левада…
(У кабінет нечакана ўрываецца супрацоўнік ураду).
Супрацоўнік ураду: Палундра!
Паліткансультант і чыноўнік (разам): Што? Бакс каштуе 35 рублёў? Які я ідыёт, што ўчора не змяняў!
Супрацоўнік ураду: Чулі пра славянскі гей‑парад у Маскве?
Маўчанне.
Супрацоўнік ураду: Гэтая першая на маёй памяці расійска‑беларуская грамадзянская акцыя, не фінансаваная ні з саюзнага бюджэту, ні з бюджэту БРСМ, ні з бюджэту мэрыі Масквы. Рэальнае праяўленне даўно чаканага славянскага адзінства. Афігець.
Чыноўнік: Ты хочаш сказаць, што ёсць вар’яты, якія вераць у славянскія шуры‑муры не за грошы?
Супрацоўнік ураду: Так. Аднак інтрыга ў іншым: а што, калі гэта неяк звязана з…?
Чыноўнік: Ты хочаш сказаць, што калі заўтра на Маркса, 38 мы… хм… з’явімся ў калготках ад «Мілавіцы», тады прызнанне Абхазіі ў нас у кішэні?
Супрацоўнік ураду: Ну нашто так жорстка… Працяглага інтэграцыйнага пацалунку за зачыненымі дзвярыма, думаю, будзе дастаткова.
Чыноўнік: Я табе не Маісееў! Ясна?!
Супрацоўнік ураду: А табе ясна, што гэта, можа, апошні шанец дабіцца прызнання Удмурціі, Соры, Абхазіі. За намі Расія — а ты тут носам круціш.
Чыноўнік: Згодны абмяняцца доўгімі шматзначнымі поглядамі. Не больш.
Супрацоўнік ураду: Я сказаў пацалунак! Ты што — забыўся, дзякуючы каму ў гэтым крэсле сядзіш?
Пакуль чыноўнікі спрачаліся, паліткансультант унёс у тэкст сваёй інструкцыі важную папраўку: «Апроч кашулі ад «Купалінкі» і касцюму ад «Камінтэрну», падчас перамоваў на вас мусіць быць бялізна фірмы «Серж».
Каментары