Нагорны Карабах прызнаў, што страціў кантроль над Шушы. Азербайджанскія сілы пад Сцепанакертам
Сілы Нагорнага Карабаха больш не кантралююць горад Шушы (Шуша), заявіў прэс-сакратар кіраўніка непрызнанай рэспублікі Ваграм Пагасян у фэйсбуку.
«На жаль, цяпер мы вымушаныя прызнаць, што чарада няўдач усё яшчэ пераследуе нас, і горад Шушы цалкам па-за нашым кантролем», — гаворыцца ў паведамленні.
Шушы — ключавы горад у ваколіцах Сцепанакерта.
Паводле слоў Пагасяна, «вораг знаходзіцца на подступах да Сцепанакерта» (сталіца непрызнанай НКР).
«Калі мы хочам, каб Шушы зноў быў нашым, а Арцах [так у Арменіі называюць Нагорны Карабах] захаваўся, нам неабходна выкарыстоўваць усе свае магчымасці для арганізацыі надзейнай абароны ў Сцепанакерце і на іншых напрамках фронту. Гэта сапраўдная і надзейная гарантыя поспеху», — напісаў ён.
Раней у Мінабароны Азербайджана заявілі, што вайсковыя часткі Арменіі патрапілі ў акружэнне пад Шушы.
Ведамства таксама апублікавала відэа з подпісам «Відэаздымка вызваленага горада Шушы». На ім бачны, у прыватнасці, азербайджанскі сцяг на надпісе з назвай горада, піша РБК.
Каментары