«Спыненне гвалту, адстаўка Лукашэнкі, новыя выбары». У страйк сышлі два работнікі на БелАЗе і тры на «Беларуськаліі»
Работнікі буйных прадпрыемстваў працягваюць уступаць у страйк. Двое работнікаў БелАЗа напісалі заявы аб далучэнні да агульнанацыянальнага страйку. Таксама да страйку далучыліся яшчэ трое работнікаў «Беларуськалія», піша Tut.by.
Двое работнікаў БелАЗа, электразваршчык 6-га разраду зварачнага цэха Алег Сасніцкі і фрэзероўшчык 6-га разраду інструментальнага цэха Сяргей Валенцюкевіч, далучыліся да агульнанацыянальнага страйку з 9 лістапада.
У заявах, якія работнікі напісалі на імя гендырэктара прадпрыемства, пералічваюцца іх патрабаванні: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і правядзенне сумленных выбараў, вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне гвалту з боку супрацоўнікаў МУС у дачыненні да мірных грамадзян. У заяве Сяргея Валенцюкевіча ёсць яшчэ адно патрабаванне — звольніць майстра і начальніка цэха, якія, па яго заявах, аказваюць ціск на рабочых.
— Сваю заяву Сяргей прынёс на аператыўку, ранішнюю нараду з начальствам. З сабой ён узяў бел-чырвона-белы сцяг, — распавядаюць работнікі БелАЗа.
Таксама працаўнікі прадпрыемства паведамляюць, што з моманту пачатку агульнанацыянальнай забастоўкі з завода звольнілі траіх.
— Адміністрацыя пачала жорстка сачыць за тым, каб актывісты выходзілі за тэрыторыю завода не пасля заканчэння змены, а пазней. Адзін з работнікаў ПСТМ (удзельнічаў у сходах у жніўні, выйшаў з праўладнага прафсаюза ў верасні) перасёк прахадную пасля канца змены, але на дзве хвіліны раней, чым хочацца адміністрацыі. Спярша яго пазбавілі 20% прэміі, а потым начальнік цэха паставіў яго перад выбарам — звольніцца альбо па пагадненні бакоў, альбо па артыкуле за сістэматычныя парушэнні працоўнай дысцыпліны, — распавядаюць работнікі.
Таксама раніцай 9 лістапада да стачкі далучыліся яшчэ трое работнікаў «Беларуськалія»: дзяжурны электраслесар участка ПУВРКТ рудніка 3РУ Максім Данілевіч, рамонтнік САФ-4 Сяргей Ражко і слесар-рамонтнік САФ-4 Дзмітрый Быкаў.
Каментары