Культура1010

«Лукашэнка адчувае сябе як чалавек, якога выганяюць з яго дзесяціпакаёвай кватэры». Гутарка з карыкатурыстам Андрэем Більжо

Аказалася, супрацоўнікі не толькі беларускіх рэдакцый звальняюцца з-за пазіцыі ў дачыненні да апошніх падзей у краіне — вядомы расійскі карыкатурыст Андрэй Більжо добраахвотна сышоў з часопіса, у якім адпрацаваў восем гадоў, у дзень, калі ў Мінск прыехалі журналісты RT. Да таго ж мастак, а па прафесіі яшчэ і псіхіятр, стварыў серыю карыкатур пра беларускі пратэст, пра дзеянні сілавікоў, пра тандэм Лукашэнкі і Пуціна. Магчыма, гумар, нават такі трагічны, — якраз тое, што нам цяпер трэба. «Наша Ніва» публікуе гэтыя работы, а разам з імі і гутарку з Андрэем пра тое, як беларускі супраціў выглядае з боку і мажлівасць настолькі ж масавых пратэстаў у Расіі.

— Наколькі беларускі пратэст, калі меркаваць хаця б па вашым атачэнні, займае парадак дня ў Расіі?

— У маім атачэнні ўсе пра яго кажуць, без гэтага не абыходзіцца ні адно застолле, хоць з-за каранавіруса мы сталі збірацца радзей. Я злавіў сябе на думцы, што «страціў розум» на Беларусі: я сачу за ўсімі падзеямі, раблю перапосты, чытаю «Нехту» і так далей. Я нават сышоў з часопіса «Русский пионер», у якім адпрацаваў восем гадоў: я напісаў галоўнаму рэдактару Андрэю Калеснікаву, што чырвоная паласа прайшла занадта тлуста і быць пад адной вокладкай з Маргарытай Сіманьян я больш не магу.

— Вы звольніліся менавіта з-за падзей у Беларусі?

— Так, выключна. Гэта здарылася ў той дзень, калі ў Мінску высадзіўся маскоўскі дэсант журналістаў і Маргарыта Сіманьян прыехала рабіць інтэрв'ю з Лукашэнкам. Я тады зразумеў, што гэта край. Дарэчы, Беларусь не ўпершыню сыграла такую ​​ролю ў маім жыцці. У 2014 годзе я вёў эфіры ў ток-шоу «Слова за слова» на тэлеканале «Мір». Мне тады сказалі, што 55% акцый канала належаць Беларусі, Лукашэнку, ну а я папрасіў, каб мне не давалі жывыя ўключэнні, інакш нагавару чаго-небудзь не таго. Неяк з Беларусі прыехаў малады чалавек з адбітымі ныркамі, які адседзеў па палітычных артыкулах, і прапанаваў мне намаляваць серыю малюнкаў у падтрымку палітвязняў. І я намаляваў штук 15-20, у выніку 1 красавіка імі быў абклеены горад Брэст. Тады на тэлебачанне патэлефанавалі з адміністрацыі Лукашэнкі і спыталі: «А вось гэты Більжо з праграмы «Слова за слова» і Більжо, які малюе карыкатуры, — гэта адзін і той жа чалавек?» Прадзюсар пасля паўзы сказала: «Вы ведаеце, гэта адзін і той жа чалавек». Там пачуўся крык — і ў той жа дзень я быў звольнены.

— А да апошніх падзей у вас была нейкая сувязь з Беларуссю?

— Я напалову рускі, напалову яўрэй, дык вось мая яўрэйская частка — з Беларусі. Мама нарадзілася ў Гомелі, жыла нейкі час у Мінску. Але я не думаю, што, калі б у мяне гэтага не было, я вёў бы сябе неяк інакш. Я наогул нонканфарміст, мне і тут хапае з-за гэтага праблем.

— Як беларускі пратэст бачыцца з боку — з перспектывы жыхара Расіі, дзе сістэма шмат у чым падобная?

— З аднаго боку, ён многіх, у тым ліку мяне, прыводзіць у захапленне — сваёй магутнай інтэлігентнасцю, чысцінёй, крэатывам. З іншага боку, захоўваюцца небяспека таго, што пратэст размажацца, і небяспека ад нашых прапагандыстаў, якія, канечне, моцныя і страшныя. Ужо мемам стала ўставаць на лавачку, зняўшы абутак, але кадры, на якіх здаровыя лбы без апазнавальных знакаў у масках збіваюць мірных людзей, выклікаюць жах. У той жа час людзі адбіваюцца, здымаюць з іх маскі, праводзяць рэканструкцыю твараў — шыкоўна, як народ аб'яднаўся, гэта варта навуковага вывучэння. Пасіянарнасць беларускага народа ўражвае, на яе фоне наша краіна, канечне, млявая пратэрмінаваная каша — трэба казаць прама. Але ў падсвядомасці ўсё ж сядзіць жаданне, каб у Беларусі неяк раптам выявілася нейкая народная сіла, таму што трываць гэта немагчыма.

— Што ў гэтым выпадку значыць «народная сіла»?

— Тыя адчай і энергія, калі з касцёла цягнуць чалавека, а дзядуля невысокага росту з бел-чырвона-белым сцягам спрабуе ў вялізнага кінг-конга яго адбіць. Калі я гэта бачу, хочацца, як у фільме «Люстэрка для героя», пераступіць праз экран, увайсці туды і стаць побач з гэтым невысокага росту дзядулем. Уражвае, што беларусы стрымліваюцца, але ў гэтым таксама сіла. Сіла стрымліваць сябе яшчэ мацнейшая за сілу.

— Часта кажуць, што Пуцін падтрымлівае Лукашэнку, каб не з'явіўся прыклад таго, як пратэст прыводзіць да змены ўлады. А вы адчуваеце, што расіяне сапраўды натхняюцца нашымі падзеямі?

— Калі я працаваў псіхіятрам, на тэлебачанні збіраліся рабіць праграму па барацьбе з алкагалізмам. Яна павінна была выходзіць апоўначы. Я кажу: «Вы страцілі розум, які алкаголік будзе глядзець праграму а дванаццатай ночы, ён ужо вырубіўся даўно, ды і ў любы іншы час алкаголік не будзе глядзець перадачу пра алкагалізм». Я гэта да таго, што тыя, хто ўсё ведае і разумее, і далей будуць ведаць і разумець. У Расіі павінна быць зроблена вялікая праца, каб у варонку ўцягнуліся новыя людзі. Вось у Беларусі нешта атрымалася, усім неяк раптам адкрылася, што кароль голы. Тут жа вельмі цяжка. Едзеш на таксі дзесьці ў Архангельску, і таксіст кажа: «Усе крадуць, усё жудасна, паглядзіце на гэта». І так правільна ўсё кажа, а потым раптам: «Ну амерыканцаў мы выдатна нагрэлі, і з Крымам таксама ўдала, Пуцяра малайчына». Вось і ўсё. Ты разумееш, што ніякага дыялогу ў цябе з гэтым чалавекам не атрымаецца.

— Я часцяком чула з Расіі сімпатыі ў дачыненні да Лукашэнкі. За апошнія месяцы стаўленне да яго змянілася?

— Не хочацца нікога крыўдзіць, але большасць — гэта добрыя, але тупаватыя людзі. Я таксама часта чуў, маўляў, у Беларусі дарогі выдатныя, малочныя прадукты выдатныя, каўбаса выдатная. Асабіста мне Лукашэнка быў ясны як толькі з'явіўся, і маё атачэнне ў дачыненні да яго не мела ніякіх ілюзій. Проста зараз гэта ўсё стала відавочным. Уявіце сабе: жыве чалавек у дзесяціпакаёвай кватэры — ён адкрывае дзверы ключом, заходзіць, папраўляе карціну на сцяне, уключае тэлевізар, глядзіць альбом з фотаздымкамі. І раптам у гэтую кватэру прыходзяць і кажуць: «Валі адсюль! Тут будзе іншы чалавек жыць». Ён думае: «Ні фіга сабе», — і шчыра нічога не разумее, бо ў гэтай кватэры пражыў траціну жыцця, перастаўляў у ёй мэблю, купляў новую. А тут яму кажуць: «Усё, разам з мэбляй вымотвайся, мы тут усё пераробім, тут будзе хай-тэк». Тады ён кліча Колю, бярэ аўтамат і разам з Колем выходзіць абараняць сваю кватэру, таму што рэальна думае, што яна належыць яму.

— А з пункту гледжання псіхіятрыі ці можна растлумачыць паводзіны нашага сілавога апарату, які, нягледзячы на мараль, падтрымлівае рэжым?

— Тут ужо не псіхіятрыя, ім так, напэўна, камфортна. Я да канца не магу гэта растлумачыць, мне гэта здаецца дзіўным, яны павінны былі пачаць паціху рыхтаваць сабе запасныя аэрадромы. Але ёсць такое паняцце «індуцыраванае трызненне» — гэта калі ёсць хворы, а людзі, якія яго атачаюць, лічаць яго аўтарытэтам і вераць яму. Яны не хворыя, але індуцыраваныя яго фабулай трызнення. Вось дырэктар завода Іван Іваныч кажа: «Раніцай на балконе я бачыў іншапланецяніна. Ён паглядзеў на мяне, сфатаграфаваў і знік». За сталом сядзяць яго падначаленыя, якія працуюць з ім сорак гадоў, і думаюць: «Ну пішуць жа розныя газеты, што бываюць іншапланецяне, можа, ён сапраўды бачыў, хлусіць жа наш Іван Іваныч не будзе». І яны вераць яму. Дапускаю, што частка людзей вакол Лукашэнкі індуцыраваная, у яго нельга адабраць магутнай харызмы, нават цяпер, калі ён нясе поўную бязглуздзіцу. Слабых, бязвольных, тых, хто не ўмее прымаць рашэнні, Лукашэнка, вядома, здольны задушыць.

— А што вас больш за ўсё ўразіла ў апошніх беларускіх падзеях?

— Вельмі многае. Па-першае, тое, што аб'ядналіся розныя пласты насельніцтва, розныя сацыяльныя групы: тут і рабочыя, і артысты, тут розныя ўзросты. Тое, што людзі адстойваюць свае інтарэсы і адбіваюць сваіх. Тое, што на вуліцы выходзяць так крэатыўна, напрыклад, на гэтыя выдатныя маршы пенсіянераў. Ну і, вядома, жах з катаваннямі. І ў нас будзь здароў як збівалі, думаю, нашы сілавікі таксама на ўсё гэта гатовы, але тое, што я чытаў і бачыў з Беларусі, — жудасна. І ўсё ж галоўнае па-ранейшаму, — адзінства і салідарнасць беларусаў.

Каментары10

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы8

Напярэдадні святаў квіткі на аўтобус з Мінска ў Вільню адчувальна даражэюць6

У Казахстане судзяць беларуса за ДТЗ, у якім загінулі восем чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

Сі Цзіньпін, здаецца, адхіліў запрашэнне на інаўгурацыю Трампа

Кавалеўскі: Інтарэсы Беларусі ў мірных перамовах па Украіне нельга ігнараваць6

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі7

Мелказёраў расказаў, як аформіў медыцынскую страхоўку для сабакі і чаму гэта выгадна7

Беларуска і беларус здзівілі ўсіх на турніры па покеры на Багамах2

Самую дарагую кватэру ў Мінску ў лістападзе прадалі ў «Доме Чыжа»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →