Вілейскі райвыканкам пра разбураную капліцу: Яшчэ не ўсё страчана. Будзем умацоўваць дах
Учора пісалася пра тое, што днямі ў Ручыцы, на Вілейшчыне, рухнула капліца другой паловы 18 стагоддзя. Сёння «Рэгіянальная газета» звязалася з Вілейскім райвыканкамам з просьбай пракаментаваць сітуацыю.
— Цяпер з Нарачанскім сельвыканкам вырашаем, што рабіць, шукаем грошы. Трэба ўмацаваць дах, каб не зваліліся астатнія слупы капліцы. Пасля будзем дабівацца, каб зрабіць ахоўную зону, бо без гэтага немагчымыя праектныя работы. Апошні ліст пра тое, каб зрабіць ля капліцы ахоўную зону, райвыканкам накіроўваў у адпаведную інстанцыю прыкладна месяц таму. Мы лічым, што не ўсё яшчэ страчана, — расказаў начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Сяргей Паўлоўскі.
Па словах Сяргея Фёдаравіча, выдатна б было знайсці фундатара, які б дапамог у аднаўленні капліцы. Людзі ахвотна ахвяруць на цэрквы, а вось на капліцу — не.
Хаця ёсць дабрачынны рахунак у Вілейскім краязнаўчым музеі, куды можна ахвяраваць грошы на гэты помнік.
Каментары