Культура22

У Чырвоным касцёле па суботах ладзяцца крутыя імпрэзы, расказваем пра іх

#МалітвыБеларусі — так называецца цыкл дабрачынных музычных імпрэз у касцёле Святых Сымона і Алены, распачатых 19 верасня канцэртам «Lux Aeterna».

Канцэрт Lux Aeterna, фота Славы Паталаха

Ладзяць праект, у рамках якога таксама адбылося выкананне «Рэквіема» Моцарта і канцэрт «Stabat Mater», Цэнтр культурных ініцыятыў «Arts КіТ» і Музычны дом «Класіка» (MuzzicDom). Удзел у імпрэзах прымалі MuzzicDom Orchestra, камерны хор «Класіка» Жаны Філіповіч, ансамбль «Парціта», спевакі Маргарыта Ляўчук, Кацярына Міхнавец, Алена Шэўчык, Дзмітрый Капілаў, Віктар Мендзелеў.

Місія праекта #МалітвыБеларусі паводле арганізатараў — «праліць духоўны свет і аб’яднаць жыхароў нашай роднай Беларусі малітвай і высокім мастацтвам».

Падрабязней аб ім распавёў заснавальнік MuzzіcDom, імпрэсарыа Аляксандр Чахоўскі.

— Раскажыце, калі ласка, як і ў каго з’явілася ідэя правесці цыкл канцэртаў #МалітвыБеларусі?

— Ідэя з’явілася ў дырыжора Андрэя Галанава, з якім мы рабілі першыя дзве імпрэзы, і з’явілася яна, насамрэч, яшчэ да ўсіх палітычных падзей. Мы хацелі зладзіць у Чырвоным касцёле «Рэквіем» Моцарта, прысвечаны загінулым ад каронавірусу, таму што гэта не зусім звычайныя смерці. Але абставіны развіваліся так хутка, што з’явілася іншая павестка. Мы пачакалі, пакуль першая хваля схлыне і вырашылі, што трэба пачынаць не з «Рэквіема», бо гэта ўжо занадта жалобна, ды прыдумалі такую імпрэзу, як «Lux Aeterna», «Вечнае святло». На той момант у нас была ідэя падараваць святло музыкі, надзею і аб’яднаць людзей.

Потым, калі мы з Андрэем Галанавым зразумелі, што хочам усё ж рабіць і «Рэквіем», я паразмаўляў з камандай праекта, бо MuzzicDom робіць гэта разам з «Arts КіТ», і мы вырашылі: давайце, можа, зробім цыкл канцэртаў. Сацыяльна-палітычныя абставіны цяпер перайшлі ў такую стагнацыйную стадыю. У краіне штосьці адбываецца — і культпратэсты, і мірныя маршы, але дагэтуль пераменаў няма.

Дырыжор Андрэй Галанаў і Маргарыта Ляўчук канцэрт Lux Aeterna фота Славы Паталаха

Наш праект гэта не культпратэст, а наадварот: мы як лекары, бо шмат людзей прыбываюць цяпер у дэпрэсіі, расчараванні, думаюць з’ехаць і ўсё такое. І ідэя ў тым, што мы запрашаем іх на імпрэзы, каб даць надзею, падарыць святло і аб’яднаць. Гэта такі жэст салідарнасці, і мы, і шмат хто з удзельнікаў нашага праекта, не бачым іншай місіі і мэты.

— Тры імпрэзы, што ўжо адбыліся, былі тэматычныя: вы распавялі пра ідэю «Рэквіема», канцэрт «Stabat Mater» прысвяцілі ўсім матулям Беларусі. А хто адказвае за тэматыку праграм і іх змест?

— Асноўны адказны я. Але ўсё не так проста. Калі мы пачалі рабіць гэтую справу, да мяне сталі звяртацца музыканты, з якімі я сябрую і якія мяне добра ведаюць, і прапаноўваць: «Давайце рабіць што-небудзь з намі». Напрыклад, праграму «Stabat Mater» прапанаваў дырыжор Аляксей Фралоў, а ўжо разам мы прыдумалі, каму яе прысвяціць.

Канцэрт Stabat Mater, дырыжор Аляксей Фралоў, фота Таццяны Матусевіч

Скажам так, у мяне ёсць нейкія ідэі наконт праграм, а наш сінтэз, супрацоўніцтва з музыкантамі, дырыжорамі ўжо высвятляе, канкрэтызуе іх склад. Так, наступны канцэрт пройдзе пад сімвалічнай назвай «Новы час» і будзе прысвечаны тым людзям, якія сваёй прафесійнай дзейнасцю дбаюць пра чалавечую духоўнасць — святарам, дзеячам культуры… Але па-сутнасці ён стане такім рэнесансам мужчынскага хору «Унія». Калісьці яго заснаваў музыка Кірыл Насаеў, якога ўжо няма з намі, хор быў у заняпадзе, але Павал Гонца яго адрадзіў.

Кацярына Міхнавец і Алена Шэўчык, канцэрт Stabat Mater, фота Таццяны Матусевіч

У нас запланаваны канцэрт «Salve Regina», і там будзе вельмі класная музыка: Гендэль, Бах і ўпершыню ў Беларусі будзе выкананы «Stabat Mater» Арво Пярта. Гэты канцэрт мы ўжо робім разам з дырыжорам Алегам Лесуном. «Salve Regina» крыху падобна да канцэрта «Stabat Mater», але ў нас ёсць ідэя, пакуль не зацверджаная, прысвяціць яго не матулям, а ўжо ўсім жанчынам і дзяўчынам Беларусі. Мы бачым, што адбываецца ў нашай краіне, і вельмі ганарымся такімі жанчынамі, як, напрыклад, Ніна Багінская. Гэта даніна павагі ім, такі, скажу па-ангельску, female accent.У нас яшчэ шмат ідэй, але ўсё адбываецца крыху стыхійна, як вы можаце заўважыць. Мы анансуем праграму ў панядзелак, а ў суботу — канцэрт

— Атрымліваецца, што і часу на падрыхтоўку ў вас няшмат. Колькі яна займае?

— Залежыць ад праграмы. Напрыклад, калі мы возьмем «Рэквіем» Моцарта, то ўсе спевакі, аркестранты, хор калісьці выконвалі яго, таму з ім было больш-менш проста. Над творам Арво Пярта будзе інтэнсіўная і плённая праца, бо яго ніхто не выконваў, аднак гэта музыка ХХІ стагоддзя, авангард, мінімалізм, таму ўсё павінна быць нармальна. Канечне, кожны выпадак індывідуальны, але аркестр звычайна праводзіць 2-4 рэпетыцыі, хор — 3-4, можа нават 5. То-бок, амаль штодзень яны сустракаюцца. У салістаў усё таксама залежыць ад праграмы і гатоўнасці выконваць тыя ці іншыя рэчы. Але ведаеце, у нас ёсць такі нефармальны «кастынг». Мы запрашаем да ўдзелу выключна людзей, якія знаходяцца з намі ў адной плыні: светапогляду з улікам абставін у краіне, грамадзянскай пазіцыі, і, яшчэ адзін важны момант, прафесіяналаў. Да нас звярталася некалькі непрафесійных музыкантаў, але мы ўжо паказалі дастаткова высокі ўзровень і, напэўна, не будзем ісці на нейкія кампрамісы.

— У праграмы канцэртаў вы ўключаеце музыку, якую не вельмі часта можна пачуць у Беларусі: Пергалезі, Пёрсэл, Пярт. У гэтым можна ўбачыць пэўную асветніцкую місію.

— Канечне, але і Пергалезі, і Пёрсэл у нас выконваліся. Іншая справа, што ў філарманічным кантэксце барочнай музыкай, па-сутнасці, займаецца толькі Дзмітрый Зубаў са сваімі «Камернымі салістамі Мінска». Таксама на барочнай музыцы спецыялізуецца ансамбль «Парціта», з якімі мы і рабілі канцэрт «Stabat Mater». Але я б хацеў адзначыць яшчэ такую рэч: гэтая музыка, музыка барока, вельмі пасуе да атмасферы, што ёсць у храме, да гэтай акустыкі, а ў філармоніі атрымліваецца не зусім тое.

— Значыць, праграму вы складаеце яшчэ і з улікам месца?

— Безумоўна! Больш за тое, мы ўзгадняем усе нашыя праграмы ў курыі каталіцкай царквы, і яны нам аперэту Штраўса не ўзгадняць ніколі, але ж і мы ніколі гэтага не будзем прапаноўваць. То-бок, у нас ёсць канкрэтная павестка, зыходзячы з сацыяльна-палітычнага кантэксту і тых праблем, якія маюцца ў грамадстве, наша місія, ідэя, і месца — вось на гэтай аснове і ствараецца, дакладней падбіраецца, музычны кантэнт.

Падчас канцэрта Lux Aeterna, фота Славы Паталаха

— Падчас канцэртаў «Lux Aeterna» і «Stabat Mater» можна было пачуць творы, якія маюць дачыненне да Беларусі: музыку Канстанціна Яськова і планкты. А ці плануеце вы праграму, цалкам пабудаваную на беларускім музычным матэрыяле?

— Першы канцэрт, дарэчы, мы скончылі «Магутным Божа». Але, напэўна, цалкам не, бо ёсць шэраг пытанняў. Яны тычацца і нот, і самога матэрыялу. Таксама мы думаем пра нашых гледачоў, бо хтосьці больш падрыхтаваны з пункту гледжання арт-успрымання, а хтосьці менш. Акрамя таго, як я казаў, мы робім усё вельмі хутка і гэта стварае дадатковыя складанасці, павялічвае верагоднасць сарваць праграму. Напрыклад, склалася такая сітуацыя з Арво Пяртам, калі нот не было нідзе, і вырашылася яна таму, што я хутка звязаўся з эстонскімі калегамі і яны дапамаглі нам. Пакуль, калі нешта не атрымліваецца, мы замяняем пэўны твор на штосьці адпаведнае. Але ў кожным канцэрце стараемся выконваць беларускую музыку.

— Як доўга будзе працягвацца праект #МалітвыБеларусі?

— Мы плануем ладзіць канцэрты кожную суботу да снежня, бо тады пачынаецца пост і мы не можам рабіць ніякія імпрэзы ў касцёле. Увогуле ёсць план, што 28 лістапада мы паўторым «Lux Aeterna» і такім чынам закруглім тэму. Але гэта калі ўсё будзе добра, без сюрпрызаў і нам усё узгадніць курыя і выканкам.

— Першапачаткова ваша ідэя нарадзілася як мастацка-грамадзянскі акт, а чым з’яўляецца праект цяпер?

— Я думаю, што гэта і мастацкае, і грамадзянскае, і, нават, духоўнае выказванне. Гэта такая музыка. Ведаеце, я неаднаразова казаў: вы можаце не верыць у Бога і не важна, да якой вы належыце канфесіі, калі вы веруючы, бо тыя творы, што гучаць у нашых праграмах, напісаны людзьмі. І для іх творчасці арыенцірам, натхненнем быў Бог, звязаныя з ім тэмы — Хрыстос, Дзева Марыя, апосталы. Гэтая музыка пасуе і вернікам, і атэістам, але яна звязана з рэлігіяй, таму мы кажам, што робім гэта ў Божай плыні.

Каментары2

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»28

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

Беларускі пашпарт назвалі найслабейшым у Еўропе4

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»28

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →