«Спалі першую ноч на падлозе». У Брэсце затрыманая на акцыі журналістка БелаПАН трое сутак правяла ў ІЧУ
14 кастрычніка з ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС выйшла журналістка БелаПАН Мілана Харытонава, піша Tut.by.
У зняволенні журналіст правяла трое сутак. З ізалятара яе выпусцілі без суда, але з папярэджаннем аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
Затрымалі Мілану з калегам з БелаПАН і мужам Алесем Леўчуком на мосце па бульвары Шаўчэнкі 11 кастрычніка каля 15.50 падчас нядзельнага пратэстнага маршу.
— Пад'ехалі бусы з АМАПам. Я пачала здымаць. Яны не хапалі ўсіх, а менавіта нас. Сказалі, што будуць правяраць нашы акрэдытацыі. Спачатку нас даставілі ў Брэсцкі РАУС. Там, мабыць, не было каму праверыць. Нас правялі ў аўтазак з астатнімі затрыманымі і павезлі ў Ленінскі РАУС, — распавяла журналістка.
У Ленінскім РАУС Мілане і Алесю стала дрэнна, яны папрасілі выклікаць хуткую. Медыкі забралі Алеся і павезлі ў бальніцу. Мілане аказалі дапамогу на месцы.
— Хуткая прыехала, мне сказалі, што ў мяне гіпертанічны крыз, пагрозы жыццю няма — і зрабілі ўкол. Потым адправілі ў ІЧУ. Там нас было восем чалавек у шасцімеснай камеры. Мы з дзяўчынай спалі першую ноч на падлозе на чымсьці, што можна назваць матрацам — распавяла Мілана.
На трэція суткі пасля затрымання журналіста адпусцілі з ІЧУ.
Каментары