Ціханоўская прызначыла прадстаўнікоў па канстытуцыйнай рэформе і па справах моладзі
Святлана Ціханоўская заявіла, што падтрымлівае працу грамадскай Канстытуцыйнай камісіі, якая займаецца распрацоўкай праекта змяненняў і дапаўненняў да Канстытуцыі 1994 года, паведамляецца ў яе тэлеграм-канале.
Старшынёй камісіі з'яўляецца Мечыслаў Грыб, а каардынуе яе працу Анатоль Лябедзька.
Мечыслаў Грыб — заслужаны юрыст РБ, старшыня Вярхоўнага Савета XII склікання. Анатоль Лябедзька — дэпутат Вярхоўнага Савета XII і XIII скліканняў, кіраўнік Цэнтра «Еўрапейскі дыялог».
Прадстаўніком па справах моладзі і студэнтаў стала Алана Гебрэмарыям — актывістка «Моладзевага блока», член асноўнага складу Каардынацыйнай рады.
Раней Ціханоўская абвясціла юрыста і праваабаронцу Гары Паганяйла прадстаўніком па правах чалавека, а эканаміста Алеся Аляхновіча — прадстаўніком па эканамічных рэформах.
Таксама Ціханоўская прызначыла двух памочнікаў. Старшым палітычным дарадцам яна прызначыла Аляксандра Дабравольскага — сябра Палітрады АГП, дырэктара Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў.
Дарадцам па міжнародных адносінах стаў Франак Вячорка — аналітык Атлантычнага савета, віцэ-прэзідэнт Digital Communication Network.
Каментары